Праз 20 гадоў пачынаць з нуля? Што са справай беларуса, якога высылаюць з Польшчы

Грамадская падтрымка можа змяніць сітуацыю ў лепшы бок, упэўнены Павел Юшкевіч, якому пасля працяглага жыцця ў Польшчы ўлады адмовілі ў пашпарце.

Павел Юшкевіч. Фота: facebook.com

Павел Юшкевіч. Фота: facebook.com

У Торуні ў сераду прайшла акцыя салідарнасці з Паўлам Юшкевічам, якому пасля 17 гадоў жыцця ў Польшчы Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) загадала пакінуць краіну. Беларус некалькі разоў падаваў дакументы на польскі пашпарт, але атрымліваў адмовы. Падстава — заключэнне ABW, з якога вынікала, што Павел уяўляе пагрозу дзяржаўнай бяспецы і грамадскаму парадку. Доступ да гэтага дакумента атрымаць не ўдалося, і таму Павел да гэтага часу не ведае, якія менавіта пытанні мае да яго ABW. Паводле апошніх рашэнняў беларус павінен пакінуць Польшчу на працягу 30 дзён.

За яго ўступіліся ўсе: Святлана Ціханоўская, мясцовыя улады, кіраўніцтва ўніверсітэта, дзе Павел выкладае, яго калегі і сябры. Апошнія правялі ў цэнтры Торуні акцыю салідарнасці з Паўлам.

У  абарону Паўла Юшкевіча створана петыцыя, аўтары якой просяць не дапусціць яго дэпартацыі «ў краіну рэпрэсій супраць польскай меншасці і апазіцыянераў беларускага рэжыму».

Як расказаў Павел Юшкевіч у інтэрв’ю «Радыё Ўнэт», ён яшчэ не падаваў апеляцыю на гэтае рашэнне ABW, але зробіць гэта ў бліжэйшы час.


Глядзіце таксама

— Павел, Вы, напэўна, сталі вельмі пазнавальнай персонай цяпер у Торуні?

— Так, мяне пазнаюць. Пазнавалі і 10 гадоў таму, калі гэтая справа пачалася. Людзі былі абураныя тым, як улады могуць трактаваць чалавека, а цяпер нават на вуліцы спыняюць і кажуць: «Павел, усё будзе добра!» Учора было вельмі прыемна ў горадзе сустрэць зусім незнаёмых людзей, якія казалі, што чулі пра маю справу, чыталі пра яе і вельмі абураныя той несправядлівасцю, якая адбываецца.

— Пазаўчора акцыю зладзілі вашы сябры?

— Сябры і беларуская дыяспара, з якой мы тут працуем з 2020 года. Вельмі многа людзей прышло. Я думаў, што будзе 5-10 чалавек, самых блізкіх сяброў. А калі я пабачыў, што падходзяць новыя і новыя людзі, мне было вельмі складана гаварыць, бо людзі прыходзілі з плакатамі, з банерамі, гаварылі цёплыя словы. Я быў вельмі ўзрушаны.

— Пасля грамадскага рэзанансу вакол вашай сітуацыі што-небудзь змянілася?

— Так, ёсць нейкія рухі. Я ведаю, што ваявода тэрмінова папрасіў мае дакументы, хоча да гэтай справы прыгледзецца нанова і пераканацца, ці не дапусціла папярэдняя ўлада нейкіх памылак пры выдачы адпаведнага рашэння.

— Такая хваля салідарнасці крыху ўзняла вам настрой?

— Мой настрой можна апісаць як нейкую сінусоіду. Калі я атрымаў гэтую інфармацыю, я хацеў проста знікнуць, хацеў ператварыцца ў паветра. Мне было вельмі прыкра, таму што гэтая справа цягнецца ўжо так доўга і чалавек бяссільны ў змаганні з такой сістэмай. Але цяпер, пасля ўчарашняй падзеі, нейкая вера і гэтыя словы, якія я ўчора пачуў, далі надзею, што гэтая сітуацыя скончыцца добра.

— Ці ёсць нейкія здагадкі, з чым могуць быць звязаны пытанні ABW да вас?

— Здагадак не было да апошняга часу, пакуль журналісты беларускіх СМІ не знайшлі фэйкавы аккаунт у «Вконтакте». Некалькі гадоў запар нехта браў мае фотаздымкі з «Фэйсбука», публікаваў ад свайго імя, падпісваючы дзіўнымі каментарамі. Да прыкладу, адзін з іх быў: «Слава Великой России». Я не выключаю, што гэта нейкая правакацыя і я стаў ахвярай гэтай сітуацыі. Але гэта толькі здагадкі. Гэтая інфармацыя з’явілася некалькі дзён таму, я ўвогуле не ведаў пра існаванне такога аккаунта, бо свой уласны «Вконтакте» я заблакаваў некалькі гадоў таму назад і ўвогуле не заходзіў у гэтую сацыяльную сетку. А хтосьці ўсе гэтыя гады рабіў допісы фактычна ад майго імя.

— Калі пачаліся пытанні да вас?

— У 2017 годзе, гэта другая справа. А першы раз — калі я падаў на грамадзянства ў 2013 годзе. Але там справа была закрыта. А ў 2017 годзе, калі я зноў падаў на грамадзянства, зноў атрымаў адмову, і тады ABW распачало працэдуру адкліку майго віду на жыхарства.


Глядзіце таксама

— Вы ўжо падалі апеляцыю?

— Не, ёсць 30 дзён. І таму напрыканцы гэтага тыдня ці на пачатку наступнага мы будзем падаваць апеляцыю ў суд. Адвакат у мяне ёсць. Гэта, можна сказаць, ужо мая сям’я. Дзевяць гадоў таму Хельсінская фундацыя па правах чалавека параіла мне гэтага адваката. Тады яшчэ ў фундацыі працаваў пан Адам Боднар, цяперашні міністр юстыцыі, і ён пазнаёміў мяне з гэтым адвакатам, які дапамае мне ўсе гэтыя гады.

— Ці ёсць у вас «план Б» на выпадак, калі абстаіны складуцца не на вашу карысць?

— Ёсць некалькі выхадаў з гэтай сітуацыі. Можна падаць дакументы на міжнародную абарону, аднак могуць узнікнуць складанасці з працай. Я не ўяўляю сабе сітуацыі, калі не змагу працаваць. Я з’яўляюся выкладчыкам ва ўніверсітэце, мае студэнты пішуць дыпломныя працы. Я ўсё-ткі веру, што знойдзецца адміністрацыйная магчымасць перагледзець гэтую справу і павярнуць сітуацыю ў іншы бок. Калі бліжэйшыя дні не прынясуць добрых навін, то я буду думаць, што рабіць. Выехаць я магу, няма загаду на вяртанне ў Беларусь. Але мне складана нават дапусціць такую думку. Пасля амаль дваццаці гадоў жыцця ў Польшчы мне трэба будзе пакінуць сваю кватэру, сваіх сяброў, сваіх студэнтаў і распачынаць жыццё «з нуля». Я спадзяюся, што да гэтага не дойдзе.

— Ці бачылі вы ўжо петыцыю ў сваю падтрымку? Яна можа дапамагчы сітуацыі?

— Так, увогуле вельмі шмат ініцыятыў цяпер, пра якія я даведваюся постфактум. Людзі імкнуцца дапамагчы. Я бачыў петыцыю, там апісваецца сітуацыя, у якой я аказаўся, петыцыя скіраваная да вышэйшых органаў улады. Людзі там пішуць словы падтрымкі. Некалькі соцень подпісаў сабрана за дзень. Я думаю, важна, каб тыя, хто прымае рашэнні, бачылі, што людзі не пагаджаюцца з імі.