«На суд над лукашызмам прыеду»
Шмат беларусаў вымушаныя былі ўцякаць ад пераследу за сваю пазіцыю, і ўсё менш і менш людзей гатовыя вяртацца. «Польскае радыё» расказвае гісторыі Міхаіла, які наконт вяртання не ўпэўнены, але сведчыць супраць лукашыстаў гатовы.
Ён быў двойчы асуджаны за ўдзел у пратэстах. Заплаціў штраф, адбыў 15 сутак і своечасова з’ехаў у Польшчу ад крымінальнага пераследу. Прайшоў нялёгкі шлях на чужыне. Лукашызму дараваць не збіраецца…
Пасля ўбачанага не мог заставацца дома
Міхаіл па адукацыі інжынер-будаўнік, скончыў сталічны ўніверсітэт і працаваў канструктарам у праектных арганізацыях. Ужо на самым пачатку гутаркі суразмоўца «Польскага радыё» прызнаецца:
— Раптам пачуліся выбухі, страляніна, ляцелі гранаты. Калі мы пачалі адыходзіць, то гранаты ляцелі нават у вокны дому. Памятаю, што там была крама «Багатыр». Я чуў звон разбітага шкла і крыкі людзей з дома. Я налічыў каля сотні тых выбухаў і стрэлаў. Былі параненыя сярод тых, хто пратэставаў.
Цікаўлюся ў Міхаіла – што ён адчуваў у тыя хвіліны?
— Тая ноч і наступныя дні для мяне былі кашмарам, бо я не спыняўся, працягваў пратэставаць, нам даводзілася ўцякаць ад АМАПа, на нас рабілі засады. Але пачуццё пратэсту было мацнейшае і я не мог сядзець дома, не мог чакаць, не мог быць абыякавым. У мяне была патрэба — пратэставаць.
Упершыню паглядзеў у вочы амапаўцу… Там нічога не было
А пазней, калі стала вядома пра смерць Аляксандра Тарайкоўскага, гэта Міхаіла моцна ўзрушыла. Ён згадвае, як пазней АМАП разганяў людзей ад стыхійна ўзнікшага мемарыялу на месцы гібелі Тарайкоўскага. Менавіта там і яго маглі забраць у аўтазак, але ўдалося гэтага ўнікнуць. Праўда, тады, як згадвае суразмоўца, упершыню твар у твар сутыкнуўся з АМАПаўцам.
— Я не меў страху, толькі не разумеў, што імі кіруе. Для мяне было дзіўна, што нехта яшчэ хоча за Лукашэнку рабіць яго брудную справу. Я не разумеў, чаму яны не станавіліся на бок народа і справядлівасці. Органы перад усім павінны быць справядлівымі, выконваць Закон, у іх павінна быць годнасць. А ў тых людзей нічога гэтага не было.
Уражанне такое, нібы гэта тэатр
А потым быў першы арышт. Міхаіла затрымалі на Нямізе. Яны ішлі ў бок стэлы, і яго сябар пачаў даставаць сцяг. У іх бок ужо беглі дзяўчаты, якіх гналі ГУБАЗіКаўцы, якія наляцелі і на іх. Сябру тады ўдалося ўцячы, а на Міхаіла наваліся адразу чатырох, пачалі збіваць і апранулі кайданкі
У судзе было ўсё як у ва ўсіх: пратаколы, напісаныя пад капірку, подпісы не тых супрацоўнікаў, якія затрымлівалі і сведчылі. Магчыма, таму на першы раз толькі штраф. І гэта была першая сустрэча з беларускім правасуддзем.
— Уражанне такое, нібы гэта тэатр і як там рэжысёр закамандуе, так акторы і будуць граць сваю п’есу. Відавочна, што яны не маюць сваіх трывалых думак, поглядаў, магчыма нечага баяцца і папросту імкнуцца быць лаяльнымі да сістэмы, каб не страціць свае прывілеі.
У камеры на 6 чалавек нас было 12
Другое затрыманне адбылося каля станцыі метро «Фрунзенская». Міхаіл згадвае, што тады акцыя не ўдалася, паколькі ў Мінск сцягнулі АМАП ці не з усяе Беларусі.
— Было такое ўражанне, што тады сілавікоў было нават больш, чым пратэстоўцаў. Тыя падзеі нагадвалі паляванне на загнаную жывёліну. Мы былі лёгкай ахвярай для іх. У сіле моц, а тут якраз не было магчымасці ўтварыць тую сілу. Усе нашы адыходы, усё кантралявалася імі. Так шалікам заматалі шыю і шапку на вочы, што я нават не мог дыхаць…
Суд адбыўся праз скайп без сведкаў, з памылкамі ў пратаколе, але прызначылі 15 сутак — усё па стандарце.
— Умовы ўтрымання былі такія: у камеры на 6 чалавек нас было 12. Першы дзень наогул не кармілі, не было ніякай бялізны на ложках, уначы святло не выключалі, ніякай гігіены, зразумела, таксама не было. Па чарзе спалі на сталах і лавах, бо ўсім не ставала месца…
І ўсё ж давялося з’язджаць
Пасля Акрэсціна Міхаіл не хацеў з’язджаць з Беларусі, браў удзел у дваровых акцыях. Верыў, што перамога недалёка, яшчэ жыла надзея. Але праз некаторы час па яго прыйшлі. Пашанцавала, што яго не было ў хаце.
Міхаіл з’ехаў у Польшчу адзін, вырашылі, што жонка з дзіцём прыедуць пазней. Гэта быў вельмі няпросты час для яго. У Польшчы яшчэ дзейнічаў карантын, а трэба недзе жыць і працаваць, дапамогі чакаць не было адкуль. Звярнуўся ў «Цэнтр беларускай салідарнасці», а там далі толькі тэлефоны працоўных агенцтваў, у якіх Міхаілу ніхто канкрэтна не дапамог.
Не ведаючы ні Польшчы, ні польскай мовы, нават не ведаючы, як набыць квіток на цягнік, Міхаіл застаўся сам-насам са сваімі праблемамі. Асабліва крыўдна было, калі, паўторна звярнуўшыся ў «Цэнтр беларускай салідарнасці», пачуў, што ніякай іншай дапамогі быць не можа і што ён, маўляў, не ў найгоршай сітуацыі.
Канешне, працу нейкім чынам у інтэрнэце знайшоў сам, але гэта была практычна рабская праца грузчыкам у фірме з беларускімі каранямі.
— Гэта была цяжкая праца. А пятай раніцы мы ўжо былі на месцы. Да васьмі працавалі, а потым наступаў перапынак да 10-й гадзіны раніцы. Маглі паснедаць і зноў ад дзясятай да дзясятай увечары 12 гадзін, калі з абедам, а калі і без яго, цяжкай працы.
На суд над лукашызмам прыеду
Але і гэтае выпрабаванне Міхаіл вытрымаў, знайшоў пазней працу ў адміністрацыйным аддзеле на заводзе будаўнічых канструкцый, вывучыў польскую мову. Праз паўгода да яго прыехала жонка з дачкой, жыццё пачало наладжвацца. Суразмоўца кажа, што ў Польшчы ёсць магчымасці развівацца, толькі дзеля гэта патрэбна варушыцца, а не стаяць на месцы.
Што датычыць таго, ці вернецца ён пры спрыяльных умовах з сям’ёй у Беларусь, то канкрэтнага адказу зараз не мае. Ёсць пакуль толькі шмат негатыўных эмоцый, звязаных з лукашызмам.
— Я не магу зараз сказаць, што я вярнуся і буду жыць у Беларусі, але калі наступяць перамены, я бы вярнуўся дзеля таго, каб тую самую справядлівасць устанавіць у Беларусі. Прыняць удзел у пасяджэннях судоў як асоба, якой ёсць што сказаць…