Хронікі рэпрэсій за 4 сакавіка

Галоўныя навіны сённяшняга дня ў адным аглядзе.

hroniki_represij2_logo_3.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1208 дзён, Дзяніс — 1088.

***

Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманымі за пратэсты жыхарамі Бярозы, паведамляе «Медыязона».

Сілавікі затрымалі чатырох беларусаў. На відэа яны расказваюць, што ў 2020 годзе ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту ў сваім горадзе.

У якім статусе знаходзяцца затрыманыя і па якім артыкуле іх абвінавачваюць — невядома. 

***

Суразмоўцы «Нашай Нівы» расказалі пра 40 затрыманых архітэктараў, а разам з членамі іх сем'яў лічба даходзіла да 70 чалавек.

Паводле ўдакладненых звестак, затрымліваліся не толькі архітэктары, але і іншыя праекціроўшчыкі, што тлумачыць вялікую колькасць затрыманых.

Сярод пацверджаных выданнем асоб, затрыманых у рэйдах з 14 па 16 лютага, трое мужчын пераведзеныя ў СІЗА №1 у рамках крымінальнай справы паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Яшчэ двое праекціроўшчыкаў атрымалі па 7 і 15 сутак і ўжо выйшлі на волю. Лёс яшчэ аднаго архітэктара, затрыманага 14 лютага, дагэтуль невядомы.

Падчас рэйду ў той жа дзень таксама былі затрыманыя сястра аднаго з архітэктараў і жонка іншага. Іх вызвалілі. 

Падчас пратэстаў 2020 года архітэктары і дызайнеры праходзілі асобнай калонай па Мінску. Здымкі гэтай калоны маглі стаць падставай для затрыманняў праекціроўшчыкаў.

***

ГУБАЗіК і САХР затрымалі 54-гадовага мінчука, які нібыта «адмаўляў генацыд беларускага народа». Паводле МУС, мужчына ў 2020 годзе стварыў і адміністраваў групу ў сацыяльнай сетцы, дзе размяшчаў матэрыялы «пратэснай тэматыкі». 

«Разам з гэтым у сваіх публікацыях фігурант адмаўляў генацыд беларускага народа з боку нямецкіх захопнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, рэабілітуючы фашыстаў і прыпісваючы савецкім грамадзянам злачынствы, учыненыя акупантамі», — сцвярджае МУС.

Следчымі распачатыя крымінальныя справы за «адмаўленне генацыду беларускага народа», «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», «абразу Лукашэнкі», «рэабілітацыю нацызму», піша «Вясна».

***

18 студзеня 60-гадовую аршанку Алену Мінчанка аштрафавалі на 1200 рублёў за «лайк» пад малюнкам са свечкай, дзе чалавеку жадалі «царства нябеснага», піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».

Разгляд справы па артыкуле аб распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт.19.11 КаАП) быз прызначаны на сёння.

Беларуска апублікавала відэа ў ЦікТоку, дзе папрасіла аб агалосцы.

На відэа жанчына ў слязах расказвае, што яе пенсія складае 345 рублёў і яна не можа выплаціць штраф. Сёння яе зноў выклікалі ў суд, дзе яна будзе прасіць суддзю аб растэрміноўцы.

«Калі можаце — рэпосніце, няхай за мяне памоляцца», — сказала Мінчанка.

***

Шасцярых брэстаўчан абвінавачваюць паводле артыкула аб «грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт.342 КК), паведамляе «Брэсцкая вясна». Першае пасяджэнне прызначанае на 5 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Брэста. 

Сярод абвінавачаных — затрыманы ў лістападзе Віталь Шамшурын, Дзмітрый Саўчук, Аляксей Саладуха, Дзмітрый Снегіроў, Дзяніс Іванец, Ілля Юзвук.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у сакавіку 2021 года Іванца падазравалі па артыкуле аб «арганізацыі беспарадкаў» (ч.1 арт.293 КК). Потым мужчыну адпусцілі і спынілі справу.

Міліцэйскае відэа з трыма з шасці затрыманых, якія выйшлі ў розны час, суправаджаліся кадрамі з акцыі пратэсту 10 жніўня на праспекце Машэрава ў Брэсце.

***

Супраць былога палітзняволенага праваабаронцы Леаніда Судаленкі распачалі завочную крымінальную справу. Інфармацыя пра гэта з'явілася 4 сакавіка ў праўладным тг-канале, піша «Вясна». Яму інкрымінаваны артыкул 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). 

Нагадаем, у лістападзе 2021 года яго асудзілі да 3 гадоў зняволення. Праваабаронца выйшаў на волю 21 ліпеня, цалкам адбыўшы свой тэрмін — за кратамі Судаленку ўтрымлівалі два з паловай гады. Праз два тыдні пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі.

***

5 сакавіка суд Мазырскага раёна пачне разглядаць крымінальную справу супраць 57-гадовай Ірыны Сапрыгінай, паведамляюць праваабаронцы. Яе абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі» (ч.1 арт.368) і «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК). 

Беларуску затрымалі ў кастрычніку 2023 года за каментар у чаце ўкраінскага блогера. Падчас следства з'явіўся новы артыкул — пра «абразу прадстаўніка ўлады».

Дома ў беларускі правялі ператрус. Спачатку Сапрыгіна знаходзілася ў ІЧУ на Акрэсціна, пасля яе перавялі ў Жодзіна. На Акрэсціна беларуска двойчы хварэла. Дома ў яе засталася 83-гадовая маці — ліквідатарка ЧАЭС, якая мае інваліднасць другой групы.

***

Дзяўчына, якая засняла выбарчы ўчастак у Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы, у ІЧУ. Як паведамляе MAYDAY TEAM, мастачка Алена Карпенка знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Магілёва.

Дзяржаўная прапаганда абвінаваціла дзяўчыну ў тым, што яна запісала відэа, як выбарчы ўчастак №87 (быў размешчаны на тэрыторыі Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы) закрыўся раней за афіцыйны час. Паводле версіі прапагандыстаў, дзяўчына адправіла ролік у «экстрэмісцкі канал», хоць насамрэч яна адправіла відэа сяброўцы за мяжу.

Пасля інцыдэнту Алена Карпенка атрымала адміністрацыйны арышт, аднак невядома, па якім артыкуле. 

Алена Карпенка — мастачка-керамістка з Магілёва, вучылася ў Мінску на архітэктурным факультэце БНТУ. Вырабляе розныя ўпрыгожанні і посуд з керамікі, а таксама займаецца каліграфіяй і жывапісам.

***

У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фарміраванні». Гэта праекты «ЖЫВЕ ВИТЕБСК 97%», «Народные посольства» («Беларусы зарубежья»/«Беларусы замежжа») і «Это Минск, детка», паводле «Вясны».

Паводле версіі МУС, да праекта «ЖЫВЕ ВИТЕБСК 97%» мае дачыненне Арцём Скуман, а да «Это Минск, детка» — Усяслаў Пашкевіч, Святлана Чабатар, Генадзь Паршуткін, Антон Дзеручэнка.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 396 дзён, Максіма Знака — 389 дзён, Мікалая Статкевіча — 387 дзён, Ігара Лосіка — 379 дзён, Віктара Бабарыкі — 316 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 244 дні, Уладзіміра Гундара — 213 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1405 палітвязняў.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1596 чалавек. Сярод іх — 189 жанчын і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.