Хронікі рэпрэсій за 22 сакавіка

Палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк паказалі на БТ; у наваполацкай калоніі эпідэмія; сілавікі затрымалі «маладафронтаўцаў» — такія навіны сённяшняга дня з Беларусі.

hroniki_represij2_logo__1_logo_1_logo_1.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1226 дзён, Дзяніс — 1106.

***

У Лагойску затрымалі брата лідара «Маладога Фронту» і добраахвотніка Дзяніса Урбановіча Максіма, паведамляе тэлеграм-канал арганізацыі. Гэтую інфармацыю таксама пацвердзіла крыніца «Медыязоны», блізкая да сітуацыі.

Аўтары канала напісалі, што затрымалі ўсю сям'ю добраахвотніка: дваіх братоў кіраўніка «МФ» — Максіма і Арцёма, а таксама бацьку Іосіфа і сястру Марылю Урбановіч. Паведамляецца, што ўсе затрыманыя ГУБАЗіКам, а Максім быў моцна збіты супрацоўнікамі КДБ, пасля чаго быў этапаваны ў СІЗА КДБ. Крыніца «Медыязоны» расказала, што затрымалі толькі брата Максіма, астатнія члены сям'і на волі. Таксама канал «Маладога фронту» паведаміў, што з 19 па 22  сакавіка затрымалі 18 актывістаў арганізацыі.

Дзяніс Урбановіч — лідар арганізацыі «Маладога Фронту» і баец батальёна «Волат».

***

Пасля размовы з правакатарам Юрыем Комарам у чат-рулетцы затрымалі мужчыну, паведамляе «Вясна».

У размове з Комарам мужчына сказаў, што не падтрымлівае мірныя пратэсты і што «дайце мне і маім сябрам аўтамат — я бы выходзіў на мітынгі зусім па-іншаму».

Юрый Комар «разводзіць» людзей на шчырыя размовы пра іх палітычныя погляды, а пасля выкладае відэа ў сеціва, каб яго суразмоўцаў затрымаў ГУБАЗіК.

***

Праз дзень пасля заявы Камітэта ААН наконт Паліны Шарэнда-Панасюк палітзняволеную паказалі па БТ.

Сюжэт на БТ з'явіўся праз дзень пасля таго, як на сесіі Савета па правах чалавека ААН прадставілі даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб сітуацыі з рэпрэсіямі ў Беларусі пасля выбараў, звярнула ўвагу «Наша Ніва».

Днямі таксама Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын заклікаў Беларусь тэрмінова прыняць часовыя меры для абароны палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк. Гэта першы падобны выпадак па справах супраць Беларусі.

Прапагандыстка Анастасія Бенедысюк прыехала да жанчыны ў рэчыцкую калонію. Туды палітзгяволеную адправілі па артыкуле 411 «Злоснае парушэнне патрабаванняў адміністрацыі».

На вопратцы Паліны — жоўтая бірка, якую даюць усім, хто асуджаны па «пратэсных» артыкулах.

У сакавіку 2024 года муж Паліны Андрэй расказаўў карэспандэнту «Медыязоны» пра ціск на Паліну: «Паліна прабыла ў атрадзе пасля каранціну прыкладна 2-3 тыдні. Напрыканцы студзеня-пачатку лютага яе кінулі ў ШІЗА. У атрадзе яна з'явілася толькі ў самым канцы лютага, выглядала вельмі бледнай і схуднелай. Увесь гэты час Паліна была ў ШІЗА, верагодна 20 сутак. На пачатку сакавіка Паліна зноў знікла з атрада, але куды дакладна — невядома».

***

20 сакавіка Гомельскі абласны суд прысудзіў Сяргея Чыжэўскага да двух гадоў і васьмі месяцаў калоніі агульнага рэжыму, піша «Гомельская вясна».

Чыжэўскага абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «Распальванне варожасці» (ч.1 арт.130 КК), «Грубае парушэнне парадку» (ч.1 арт.342 КК), «Паклёп на Лукашэнку» (ч.1 арт.367 КК) і «Абраза Лукашэнкі» (ч.2 арт.368 КК).

***

Журналісту Ігару Карнею прысудзілі 3 гады калоніі агульнага рэжыму і штраф 20 тысяч рублёў, паведамляе «Радыё Свабода».

Журналіста абвінавацілі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні». Раней з прапагандысцкіх медыя стала вядома, што яго пераследавалі за супрацоўніцтва з «Беларускай асацыяцыяй журналістаў».

Ігар Карней больш за 20 гадоў працаваў на «Радыё Свабода».

***

Як паведамляе «Вясна», у наваполацкай калоніі распаўсюджваецца кароста. Ёсць звесткі пра масавае заражэнне  зняволеных, сярод якіх 101 палітычны вязень.

Невядома, ці аказваюць адміністрацыя і медыкі заражаным лячэнне і ці спрабуюць неяк спыніць распаўсюд інфекцыі.

***

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 32 прозвішчы — цяпер у ім 3914 чалавек.

22 сакавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Расіі Сяргея Калеснікава, грамадзянку Украіны Людмілу Ганчарэнка, інжынера Уладзіміра Фішмана.

***

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фарміраванне» — тэлеграм-чат «Здравый смысл на Алибегова».

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 18 сакавіка, піша «Вясна».

Паводле ведамства, дачыненне да чату маюць яго кіраўніца Ганна Краўчанка, а таксама ўдзельнікі і ўдзельніцы Аляксейчык, Бадрэнка, Емяльянаў, Жыльская, Зачапіла, Карліёнава, Ліхачэўская, Мышко, Нгуен, Прашчаева, Сашнікава, Сіленка, Фёдарава, Фяцісава, Хмялеўская, Шабашова, Шорахаў.

***

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў», паведамляюць праваабаронцы.

У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты: «Belarussische Diaspora in Ӧsterreich», «Беларуский OSINT Phoenix», «Моладзевы Наступ», «BY_UA политика: Беларусы в Украине», «Акции "УЛЬТИМАТУМ". Канал»;
  • Instagram-старонкі: «bymedsol», «bg.live_365»;
  • YouTube-канал «ОД СДЖ»;
  • Сацсеткі «Aleh Auchynnikau»;
  • Сайт «reform.bу»;
  • Старонкі ў «Аднакласніках»: «Алексей Блинников», «Амстердамская паказуха»;
  • TikTok-старонкі: «onlynewsbelarus», «Harodzenski mapper», «prezident.sveta», «Дысідэнт BY», «Сэмэн Сэмэныч», «revolucioner», «Святая Лукер’я Рыгораўна».

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 414 дзён, Максіма Знака — 407 дзён, Мікалая Статкевіча — 405 дзён, Ігара Лосіка — 397 дзён, Віктара Бабарыкі — 334 дні, Сяргея Ціханоўскага — 262 дні, Уладзіміра Гундара — 231 дзень.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1410 палітвязняў.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1597 чалавек. Сярод іх — 199 жанчын і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.