Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі выказаліся ў падтрымку беларускіх палітвязняў
У адкрытым лісце яны заклікаюць урады краін Еўрасаюза зрабіць усё магчымае, каб паспрыяць вызваленню беларускіх палітзняволеных, паведамляе «Голас Амерыкі».

Фота: Marcus Ericsson/TT News Agency/Reuters
Больш за два дзясяткі лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі падпісалі адкрыты ліст з заклікам да неадкладнага вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі.
Пра гэта паведаміў у сераду беларускі апазіцыйны актывіст Дзмітрый Балкунец.
Адкрыты ліст падпісалі лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру Оскар Арыас Санчэс з Коста-Рыкі, Хасэ Рамас-Орта з Усходняга Тымора, Дзмітрый Муратаў з Расіі і Аляксандра Матвійчук з Украіны.
Ліст падпісалі лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, Джон Максвел Кутзее і Герта Мюлер. Сярод тых, хто падпісаў дакумент — 19 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па фізіцы, хіміі, медыцыне і эканоміцы.
«За апошнія дзесяцігоддзі Еўропа не бачыла гуманітарнай катастрофы, звязанай з палітычнымі рэпрэсіямі, у такім маштабе на душу насельніцтва, як у Беларусі», — падкрэсліваецца ў лісце.
Сярод палітвязняў у Беларусі – Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года.
Адкрыты ліст адрасаваны ўрадам усіх краін ЕС. У ім ёсць зварот да Польшчы, найбуйнейшага заходняга суседа Беларусі, аказаць уплыў на сітуацыю, прыпыніўшы чыгуначныя грузаперавозкі з Беларусі ў ЕС.
Глядзіце таксама

Лідар беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская заявіла ў пачатку месяца, што ўжо год не атрымлівала вестак ад свайго мужа Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіцца ў зняволенні. Яна нагадала, што яго трымаюць без сувязі са знешнім светам, назваўшы гэта разнавіднасцю катаванні.
Па дадзеных Human Rights Watch, сотні праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў, апазіцыйных палітыкаў і іншых асоб знаходзяцца ў турмах Беларусі па палітычна матываваных абвінавачаннях і падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню.