Мажэйка: Ніякіх выбараў Лукашэнка правесці не зможа

Для імітацыі бурлівай дзейнасці (чытай — свабодных выбараў) можна запрасіць Канапацкую. Цікава, ці пагодзіцца?

_belarus_minsk_9_traunja_2023_fota_novy_czas__2__logo.jpg

21 сакавіка Лукашэнка правёў сустрэчу з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі, арганізаваў «развітальную гастроль», так бы мовіць.

15 сакавіка кіраўнік сабраў сваіх прыхільнікаў на 30-годдзе Канстытуцыі, 14 сакавіка сустракаўся з Сінодам БПЦ, а 8 сакавіка «улюбёнец жанчын» пабываў у гасцях у «Беларускага саюза жанчын». 23 лютага правадыр шчыльна пагутарыў з прадстаўнікамі ўсіх сілавых структур. Здавалася б, даты традыцыйныя, адзначаюцца штогод — нічога дзіўнага.

Але з 25 лютага Лукашэнка праводзіць сваю прэзідэнцкую кампанію. Ці не атрымаецца так, што беларускі рэжым рыхтуе датэрміновую прэзідэнцкую кампанію? Намеснік старшыні НАУ Арцём Брухан дапускае, што ўжо летам 2024 года, за год да заканчэння паўнамоцтваў, Лукашэнка можа арганізаваць уласныя «перавыбары».

Пра сцэнары прэзідэнцкай кампаніі журналіст «BGmedia» пагаварыў з рэдактарам «Беларускага штогодніка» Вадзімам Мажэйкам.

«Суцэльная карціна падрыхтоўкі да прэзідэнцкай кампаніі не складваецца»

— Шчыра кажучы, я не бачу аніякай паслядоўнай кампаніі. Больш за тое, нават падчас названых сустрэч Лукашэнка рабіў узаемавыключальныя заявы адносна 2025 года. Галасуючы на выбарчым участку 25 лютага, ён сказаў, што абавязкова пойдзе на «выбары», на сустрэчы з жанчынамі ўжо быў асцярожней, маўляў, магчыма, нікуды і не пойдзе. Увогуле, суцэльная карціна падрыхтоўкі да прэзідэнцкай кампаніі не складваецца. На мой погляд, гэта тыповыя пратакольныя сустрэчы, для галачкі, на чыноўніцкай мове яны называюцца «сустрэчы з актывам». Хоць у дадзеным выпадку зусім незразумела, дзе актыў, а дзе пасіў і наогул што гэта было: там збіралі «прыгонных сялян 21 стагоддзя».


Глядзіце таксама

Як мне здаецца, не варта звяртаць увагі на падобныя сустрэчы Лукашэнкі. Праўда, калі ён заявіць на іх нешта важнае, што можа паўплываць на жыццё беларусаў, можна абмеркаваць. На жаль, уплываць на жыццё беларусаў ён можа.

«Не рэвалюцыянеры, не рабесп'еры на "выбары" не пайшлі»

— Якія сцэнары прэзідэнцкай кампаніі-2025 вам падаюцца найбольш верагоднымі?

— Прагназаваць сцэнары прэзідэнцкай кампаніі за год да яе пачатку мы можам у вельмі-вельмі абмежаваным фармаце. Для параўнання можам вярнуцца ў лета 2019 года і паглядзець, хто якія прагнозы маляваў на кампанію 2020 года – не адгадалі нават на адзін працэнт. Так што сітуацыя можа яшчэ вельмі памяняцца.

Цяпер мы можам гаварыць пра сцэнар уладаў, які апрабаваны падчас «Адзінага дня галасавання». Гэты сцэнар — зразумелая рэакцыя рэжыму на разбурэнне электаральнага цыклу, якое адбылося ў 2020 годзе. Як казала мая калега (цяпер — палітзняволеная) Валерыя Касцюгова, 2020 год паказаў, што больш ніякія выбары Лукашэнка правесці не зможа. На практыцы гэта азначае наступнае: працэдуру, у такой жа ступені падобную да выбараў, як у 20-м годзе і раней (прама скажам: проста падобную да выбараў, а не выбары), рэжым больш правесці не здольны. Мы бачылі, што на «парламенцкіх выбарах» наогул не было месца для палітычнай альтэрнатывы: усе кандыдаты праўладныя — выбіраць даводзілася паміж двума-трыма гатункамі «ябацек».

Што паказала гісторыя Дзмітрыя Кучука, які ішоў на «выбары», а трапіў у турму

— Вялікі рэспект і павага Дзмітрыю Кучуку, былому лідару ліквідаванай Беларускай партыі «Зялёныя», які паспрабаваў зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты — яго не дапусцілі нават да збору подпісаў. І кінулі за краты: нібыта на «суткі» па адміністрацыйным артыкуле за спробу ўскласці кветкі ў сувязі са смерцю Навальнага. Але Кучук не выйшаў на волю пасля 30 сутак адміністрацыйнага арышту, родныя не маюць ніякай інфармацыі пра яго лёс — спачуваем. Сваім смелым учынкам ён прадэманстраваў: справа не ў тым, што апазіцыянераў усіх задушылі, перасаджалі і выціснулі з краіны, і таму яны не ўдзельнічаюць у «выбарах». Не. Справа менавіта ў тым, што, паводле сцэнарыя ўлады, у гэтым фармаце няма ніякай прасторы для ўдзелу ў «выбарах» людзей з альтэрнатыўнымі палітычнымі поглядамі, нават калі гаворка ідзе пра Дзмітрыя Кучука і партыю «Зялёныя». Як казаў Пуцін, гэта ж не рэвалюцыянеры страшныя, зусім не рабесп'еры.

Гэта менавіта той сцэнар, які ўлады будуць спрабаваць рэалізаваць у 2025 годзе: зачышчанае палітычнае поле, адсутнасць альтэрнатыўных кандыдатаў. На мой погляд, выбарчы бюлетэнь, найбольш разумны для ўлады, выглядае так: Лукашэнка, Гайдукевіч-малодшы, Канапацкая. Гэта калі Канапацкая пагодзіцца паўдзельнічаць у «выбарах». Яна б вельмі спатрэбілася ў сцэнары рэжыму: была чальцом апазіцыйнай партыі, была дэпутатам парламента, палітыкай займаецца — усё як у дарослых. Паглядзім, ці захоча сама Канапацкая ўдзельнічаць у спектаклі, а дакладней – ці знойдзе ў сабе сілы адмовіцца.


Глядзіце таксама

Як мы бачылі, у мінулай кампаніі не ўдзельнічалі палітыкі, якія ўсё яшчэ застаюцца ў Беларусі: ні Таццяна Караткевіч, ні Сяргей Чэрачэнь. Зусім не рабесп'еры, але таксама не ўдзельнічалі ні ў парламенцкіх, ні ў мясцовых «выбарах». Гледзячы на Дзмітрыя Кучука, не складана здагадацца, чаму няма жадаючых паўтарыць яго шлях.

«Дэмсілам няма сэнсу арыентавацца на электаральны цыкл»

— Што сцэнарыям улады могуць супрацьпаставіць дэмакратычныя сілы, акрамя вылучэння чарговага віртуальнага кандыдата?

— Цяпер няма сэнсу арыентавацца на электаральны цыкл. Давайце згадаем, як звычайна выглядала арыентацыя на электаральны цыкл. Заўсёды было зразумела, што апазіцыя не мае шанцаў паўдзельнічаць у сумленных дэмакратычных выбарах, але можа скарыстацца электаральнай магчымасцю, каб зрабіць нешта, забароненае ў астатні час. Напрыклад, атрымаць эфір на тэлебачанні, правесці пікеты па зборы подпісаў або іншыя масавыя мерапрыемствы – легальныя мерапрыемствы, якія мы бачылі ў 2020 годзе падчас прэзідэнцкай кампаніі.

Усяго гэтага цяпер у Беларусі больш няма: у электаральнай кампаніі няма нічога асаблівага, чым можна б скарыстацца; а раз няма нічога асаблівага, то губляецца сам сэнс удзельнічаць у кампаніі. Тым больш, што зарэгістравацца кандыдатам усё роўна ніхто не дасць. Паглядзім, як будзе выглядаць сітуацыя праз год, ці знойдуцца іншыя смельчакі, якія паспрабуюць у ёй паўдзельнічаць. А можа, Канапацкая або (чым чорт не жартуе!) Алег Гайдукевіч возьмуць і ўчуюць нешта падчас электаральнай кампаніі. Але пакуль нічога не прадвесціць падобных сюрпрызаў.


Глядзіце таксама

Вельмі важна зрабіць правільную выснову. Выснова гэтая палягае не ў тым, што дэмакратычным сілам трэба скласці ручкі і нічога не рабіць, а наадварот: працягваць працаваць больш актыўна, нарошчваць рэсурсы, нарошчваць уплыў, падтрымліваць камунікацыю з грамадствам унутры Беларусі праз медыя, якія могуць такую ролю выконваць.

Трохі ў баку стаіць міжнародная адвакацыя. Але тут, як мне здаецца, дэмсілы намацалі свой шлях: «бязвыбары» паказалі, што ў Беларусі няма больш электаральных кампаній, усё гэта імітацыя, якая не прынясе рэжыму легітымнасць. Мне здаецца, дэмакратычныя сілы пратэставалі гэтую частку стратэгіі ў лютым, яна працуе: становішча Лукашэнкі на міжнароднай арэне пасля «бязвыбараў» не змянілася. Думаю, дэмсілы працягнуць менавіта такую стратэгію на міжнароднай арэне.