Пётр Рудкоўскі: Чаканне на фоне ўнутраных праблемаў рэжыму не з'яўляецца недарэчным
Гульня з санкцыямі і з міжнародным прызнаннем — рэч крайне складаная, бо для большасці апазіцыянераў і пратэсна настроенай часткі грамадства гэта асацыюецца з канчатковай капітуляцыяй. Пётр Рудкоўскі — пра стратэгію дэмсілаў на «прэзідэнцкія выбары-2025», магчымасці рэжыму «перагарнуць старонку» і статус Ціханоўскай пасля 2025 года.
— З’явілася версія, што Лукашэнка можа арганізаваць прэзідэнцкую кампанію не праз год, а ўжо летам 2024 года. Ці дапускаеце вы верагоднасць такога сцэнару?
— Не чуў пра такую версію і не бачу прадпасылак для пераносу выбараў на гэтае лета.
— «Бязвыбары-2024» прадэманстравалі алгартым дзеянняў беларускага рэжыму падчас прэзідэнцкай кампаніі (навошта мяняць тое, што бездакорна працуе?), як і алгарытм дзеянняў дэмакратычных сілаў. Дэмсілы выставілі падчас парламенцкай кампаніі віртуальнага кандыдата Яся Гаспадара. Ці стаіць што за віртуальным кандыдатам?
— Матывы патлумачылі самі дэмсілы: ідэя палягае ў тым, каб у сітуацыі немагчымасці стварэння рэальнай альтэрнатывы стварыць прынамсі віртуальную альтэрнатыву штампаваным кандыдатам у Палату прадстаўнікоў. Такім чынам, мэта тут перадусім медыйна-выхаваўчая: паказваць і прасоўваць магчымасць альтэрнатывы. Сам факт, што прыйшлося «задаволіцца» такой акцыяй, можа прыгнятаць, але гісторыя працягваецца, яна можа займець нечаканыя павароты, калі веру ў магчымасць альтэрнатывы можна будзе ўвасобіць у рэальныя акцыі.
— Да афіцыйных прэзідэнцкіх «выбараў» засталося трохі больш за год. Папярэднія кампаніі апазіцыя якраз і пачынала падрыхтоўку недзе за паўтара — за год да падзеі. Цяпер тэма стратэгіі дзеянняў дэмсіл падчас прэзідэнцкай кампаніі-2025 прагучала ў публічным дыскурсе — і тут жа заглухла. Чаму?
— Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі маем дачыненне з сітуацыяй, калі дэлегалізаваныя ўсе апазіцыйныя партыі, разагнаны амаль усе НДА з уласнай, незалежнай ад палітыкі рэжыму аджэндай, а «выбарчы працэс і плюралізм» ацэньваецца экспертамі EIU на нуль балаў з дзесяці. Ні старая, ні новая апазіцыя не мае нават пункту аднясення адносна таго, што і як можна рабіць у дадзенай сітуацыі.
— Стратэгія Лукашэнкі відавочная: утрымаць уладу любым шляхам. Што ў такой сітуацыі могуць проціпаставіць дэмсілы? Не з віртуальных, а з рэальных дзеянняў.
— Адкінуўшы крайнія варыянты, як спроба сілавога звяржэння, застаецца ні многа ні мала — гульня з выкарыстаннем двух фактараў, якія маюць значэнне для Лукашэнкі і на якія апазіцыя мае такі-сякі ўплыў: санкцыі і міжнароднае прызнанне. Гульня на гэтым полі — рэч крайне складаная, хаця б па прычыне таго, што для большасці апазіцыянераў і пратэсна настроенай часткі грамадства гэта асацыюецца з канчатковай капітуляцыяй. Апроч таго, яна не гарантуе поспеху, а толькі стварае шанец для частковага поспеху.
Трэцяя магчымасць — гэта чаканне. Хоць гучыць на першы погляд несур'ёзна, такая пазіцыя не ёсць недарэчнай з увагі на ўнутраныя праблемы рэжыму. Але чаканне з элементамі гульні з выкарыстаннем двух названых вагароў — рэч больш перспектыўная.
— Ці разглядае Лукашэнка кампанію-2025 як шанец для таго, каб «перагарнуць старонку» ў адносінах з Захадам? Зняццё санкцый з «Белшыны» асобныя аналітыкі разглядаюць як прыкмету магчымага торгу паміж беларускім рэжымам і Захадам.
— Сама магчымасць нейкага «рэсету» прысутнічае — яна разглядаецца і ў заходніх колах і, думаю, Лукашэнка яе не выключае. Але сама кампанія-25 — наўрад ці добрая нагода для чагось такога, хутчэй наадварот, яна паслужыць перашкодай для такой магчымасці, чым шанцам.
— Як зменіцца статус Святланы Ціханоўскай пасля прэзідэнцкай кампаніі-2025, у якой яна відавочна не зможа ўдзельнічаць? Як гэтая падзея паўплывае на становішча дэмсілаў?
— Статус Ціханоўскай дваякі: для некаторых міжнародных суб'ектаў яна «абраны прэзідэнт» (але не інаўгураваны з-за адсутнасці фармальных магчымасцяў), для некаторых — проста лідарка апазіцыі. Першае можа сапраўды стаць праблемным пасля 2025 года, але адносна другога — ніякіх перашкодаў няма, каб гэты статус захаваўся.