«Пакуль мы не апускаем рук, мы крочым да перамогі». Святлана Ціханоўская павіншавала беларусаў з Днём Волі

«Мы вымушаны ладзіць урачыстасці ў замежжы, а не на роднай зямлі. Мы не можам святкаваць з лёгкім сэрцам, бо тысячы людзей знаходзяцца за кратамі. Мы кажам «Дзень волі», але разумеем: сёння наша краіна апынулася ў закладніках Расійскай імперыі, якая вядзе захопніцкую вайну супраць Украіны, знішчае нашу незалежнасць і нашу ідэнтычнасць. Тым не менш я ўпэўнена: у нашых з вамі сілах змяніць сітуацыю», — сказала дэмакратычная лідарка Беларусі. 

Фота Офіс Святланы Ціханоўскай

Фота Офіс Святланы Ціханоўскай

Яна адзначыла і эвалюцыю беларускага грамадства. «За ўсе гэтыя гады мы пачалі цаніць нашу, беларускую, салідарнасць. Асэнсавалі, што шлях да свабоды не бывае хуткім і лёгкім. Мы атрымалі ўнікальны — хоць і балючы — гістарычны вопыт. І сёння імкнемся яго скарыстаць, каб зноў стаць вольнымі», — падкрэсліла Святлана Ціханоўская. 

«Я ўпэўнена: прыйдзе час, калі і мы з вамі здолеем пабудаваць краіну, пра якую марым. Хтосьці скажа, што я вяду размову пра нейкую далёкую будучыню. І калі гэта спраўдзіцца – і ці спраўдзіцца ўвогуле – невядома. Але пакуль мы разам і не апускаем рук, мы крочым да сваей перамогі. З Днём волі! Жыве Беларусь!» — сказала яна.

Сёння адзначаецца 106-я гадавіна абвяшчэння БНР. У нядзелю ў многіх гарадах за межамі Беларусі прайшлі акцыі беларусаў. Святкаванне гэтай гістарычнай даты ўнутры краіны не дапускаецца ўладамі.

Крыніца: Святлана Ціханоўская [ youtube ]