Дзень Волі ў Батумі: Не апускаем рук, перамога блізка!
Беларусы Батумі адзначылі Дзень Волі шэсцем з бел-чырвона-белымі сцягамі, урачыстым мітынгам-канцэртам і ярмаркай беларускіх сувеніраў на плошчы Еўропы.

У мітынгу таксама ўзялі удзел прадстаўнікі грузінскай грамадзянскай супольнасці і ўкраінскай дыяспары.
Удзельнікі ўшанавалі хвілінай маўчання памяць усіх ахвяр барацьбы з імперыяй, казалі пра важнасць супольнай барацьбы нашых народаў за свабоду і ўзаемнай падтрымкі на гэтым шляху. Заслухалі і відэазварот Зянона Пазьняка.


Прамаўляе старшыня ГА «Беларуская дыяспара ў Аджарыі» Аляксей Балашоў.
«Робім беларускія справы, не апускаем рук, перамога блізка. Жыве Беларусь, слава Украіне, Сакартвэлос гаўмарджос!» — так скончыў сваю прамову старшыня ГА «Беларуская дыяспара ў Аджарыі» Аляксей Балашоў.
Падчас акцыі
адбываўся збор ахвяраванняў, якія будуць падзеленыя пароўну на падтрымку
беларускіх палітвязняў, ваяроў беларускага добраахвотніцкага корпусу ва Украіне
і беларускага культурнага цэнтру ў Батумі.
Над плошчай прагучалі вершы Уладзіміра Караткевіча і Стася Карпава, а спеўны сход выканаў гімн БНР «Ваяцкі Марш» («Мы выйдзем шчыльнымі радамі»).
Напрыканцы ўдзельнікі імпрэзы сабраліся ў святочны карагод, а потым, пад гукі песні Змітра Вайцюшкевіча «Наш Сцяг», утварылі нацыянальны сцяг з белых і чырвоных ліхтарыкаў.