«Мы не прадажныя, мы ведаем сваю гісторыю, мы любім яе і шануем»

Пра тое, як людзі за кратамі святкуюць Дзень Волі, «Вясне» расказалі былыя палітзняволеныя.

bchbzzakratau_spring96.jpeg

Аляксей (імя змененая ў мэтах бяспекі), адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №3 («Віцьба»):

«Да зняволення да Дня волі я ставіўся даволі станоўча, бо гэта ўсё-ткі было адным са святаў, дзе праяўлялася беларуская ідэнтычнасць. І першая спроба стварыць ужо ў сучаснасці ўласную дзяржаву. Таму я заўсёды у рэжыме анлайн сачыў за тым, як адбываецца святкаванне, асабліва мне даволі спадабалася стагоддзе БНР, то-бок святкаванне Дня волі, якое ў Мінску праводзілася ў 2018 годзе. 

А калі ўжо апынуўся ў зняволенні (у СІЗА), то тое свята выглядала як звычайны дзень.

Калі я апынуўся ў калоніі, то ўвогуле ў той дзень звычайна ўзмацняліся патрулі, звычайна ўжо па тры кантралёры патрулявалі ўсю тэрыторыю калоніі. І больш пільна сачылі, на ўсялякі выпадак, каб не было ніякіх падзей. У той час адчуваўся ў іх фантомны боль за 2020 год. Яны заўсёды так вось перастрахоўваюцца — на ўсялякі выпадак. Хаця з 25 сакавіка там ў зняволенні, калі браць калонію, гэта быў звычайны дзень. Але сачылі, каб не казалі лозунгаў "Жыве Беларусь" і гэтак далей. Асабліва калі распачалася вайна ва Украіне, то і ўвогуле яны сачылі за тым, каб не казалі ні "Жыве Беларусь", ні "Слава Украіне" і гэтак далей.

А так у асноўным гуртаваліся "палітычныя", звычайна кава альбо гарбата і пажаданні здароўя і шчасця. Так неяк звычайна без якіх-небудзь упрыгожванняў, таму што гэты дзень там альбо выхадны, альбо працоўны. Калі там ён выхадны, то на ім заўсёды праводзілі які-небудзь рэжымны час, паказвалі якія-небудзь прапагандысцкія фільмы, якія зневажаюць памяць на гэтую дату. Большасць зняволеных да гэтага ставілася нават абыякава.

На нас глядзелі як быццам бы на шабаш, неяк так.

Звычайна гарбату ці каву агульную пілі ўвечары. Збіраліся альбо ў дворыку, калі яшчэ сонца на захадзе, альбо ўжо ў бараку, і звычайна там запарвалі каву альбо гарбату і аб чым-небудзь ужо размаўлялі, аб самым розным.

Дзень волі па большай частцы стараюцца не святкаваць, альбо святкаваць таемна, бо ўсё-ткі пенітэнцыярная сістэма сочыць, асабліва пасля 2020 года, за палітзняволенымі».


Глядзіце таксама

Алана Гебрэмарыям, адбывала ў папраўчай калоніі №4:

«Для мяне гэтае свята не з'явілася з дзяцінства, як для некаторых людзей. Я з сям'і досыць апалітычнай. І зацікавілася я гісторыяй больш глыбіннай і стала даследаваць сама больш у старэйшай школе, пасля 9-10 класа, чытала гістарычныя кнігі, хадзіла ў бібліятэкі. І ў нейкі момант, здаецца ў бібліятэцы, я прачытала пра Дзень Волі, паглыбілася ў гісторыю БНР, і мне моцна адгукнулася гэтае свята. Гэтае свята, па сутнасці, для мяне стала такім сімвалам прагі да волі, да справядлівасці, да роўнасці і незалежнасці. Гэтае свята ўвасабляла для мяне нейкі нацыянальны код, нейкую сапраўдную беларускую самасвядомасць, з якой я сустрэлася падчас свайго даследавання культуры, гісторыі і мовы па-за школьнай праграмай. І мой першы Дзень Волі, на жаль, можа быць з-за адсустнасці асяродка, нейкага страху, табуяванасці гэтай тэмы ў сям'і, у школе, з'явіўся толькі ў 2018 годзе — гэта быў БНР-100, які ладзілі неверагодныя людзі. Частка з іх дагэтуль знаходзіцца ў турме на вялікі тэрмін: гэта і Павел Белавус, і Эдуард Пальчыс, і Антон Матолька (ён на свабодзе), і іншыя цудоўныя людзі. І гэтае свята для мяне было важным крокам для таго, каб перакрочыць праз свае бар'еры і страхі, і нейкія ўстаноўкі ў галаве і вось пайсці насуперак усім — і сям'і, і сябрам, і сяброўкам, якія гэтага не разумелі. І, насуперак свайму страху, я пайшла туды. У той момант я навучалася на адной з праграм "Заадзіночання беларускіх студэнтаў", і там рабяты запрасілі мяне быць на іх споце, дзе велічэзная палатка і яны будуць ладзіць розныя актыўнасці, і ім патрэбна была дапамога.  І я валанцёрыла на споце ЗБС у гэты год, непасрэдна ўзаемадзельнічала з людзьмі, чула іх фідбэк.

Мы малявалі зоркі на шчоках у людзей, сцяжкі, ладзілі рэферэндум амаль кожную гадзіну па розных пытаннях, мы размаўлялі з людзьмі аб тым, якімі яны бачаць Беларусь і нашу дошку, якую мы ўсталявалі каля палаткі, на якой было напісана: "Чаго не хапае беларусам і беларускам?", якую распісалі ўсе белымі, чырвонымі і чорнымі колерамі. Потым апублікавалі як вокладку на TUT.BY. І для нас гэта была таксама такая важная місія — пачуць людзей, расказаць пра сваю арганізацыю, пра яе ўклад — у адукацыю моладзі, прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцей, у прасоўванне і папулярызацыю мовы і культуры, адукацыю для моладзі. І ўсё было выдатна, атмасфера крутая, людзі былі натхнёныя, радасныя, нарэшце такое адчуванне, быццам бы націснулі на пераключальнік унутры — і з цемры, са змроку нарэшце з'явілася святло, і людзі ўсміхаліся, радаваліся, плюс улада паспрыяла гэтаму: умоўна не моцна перашкаджала...


Глядзіце таксама

Там знаходзіліся супрацоўнікі КДБ, ГУБАЗІКа, але збольшага было камфортна. І цудоўны канцэрт з беларускімі гуртамі, і прамовы, і проста розныя актыўнасці, палаткі, людсскі смех, вось гэтая атмасфера свабоды, незалежнасці, беларускасці. Для мяне гэта вельмі блізка, я неверагодна рада была, што зрабіла гэты крок наперад і змагла перакрочыць праз свае нейкія ўстаноўкі, не пабаяцца і прыйсці, не пабаяцца нарэшце прызнаць, што гэта маё і я хачу быць тут, я хачу быць з гэтымі людзьмі, я хачу гэтыя каштоўнасці толькі больш узрошчваць, каб яны станавіліся сталымі, грунтоўнымі, глыбіннымі, і што далей я буду даследаваць гэтую тэму і шукаць у сабе адказы і пра беларускую нацыянальную ідэю, і ўвогуле адказы ў тым ліку і праз прызму БНР-100  і таго, што там адбывалася, на пытанні для дзейнасць "Заадзіночання беларускіх студэнтаў".

Падчас зняволення мы святкавалі Дзень Волі. Калі гаварыць пра 25 сакавіка 2021 года, гэта было свята ў на СІЗА на Валадарскага. Святкавалі мы разам не толькі палітзняволеныя (прызнаныя і непрызнаныя), але і заключаныя па іншых артыкулах: 328 ("наркатычны"), крадзяжы, аліменты... І сапраўды, гэта быў асаблівы дзень, таму што ў 2021-м, калі не такі вялікі час прайшоў пасля 2020-га, людзі яшчэ былі на пад'ёме, на натхненні, на гэтай энергіі, якую давалі тыя падзеі. Людзі максімальна хацелі праявіць сваю прагу да свабоды, хацелі праявіць свой голас, паказаць, што, нягледзячы на засценкі, муры рухнуць,  нам ніхто не перашкодзіць святкаваць наша нацыянальнае свята, тым больш Дзень Волі! І мы рыхтаваліся да яго, мне здаецца, па-першае гэта было тлумачэнне для тых, хто быў не ў курсе, што гэта за свята, такая асветніцкая дзейнасць — збольшага гэта было для зняволеных па іншых артыкулах. Мы перагаварылі з камерай праз акно, якая была побач з намі, гэта камера 8/6, перагаварылі з дзяўчынамі, як яны плануюць святкаваць гэтае свята, і агулам пацвердзілі наша меркаванне, што няважна, як будзе і што будзе, якая рэакцыя, мы абавязаны гэта зрабіць. Я была толькі пераехаўшая ў гэтую камеру 8/7 пасля "прэс-хаты" і адчувала сябе дрэнна псіхалагічна і фізічна, але я ўсё яшчэ разумела, што, нягледзячы на тое, што мяне ўсё яшчэ могуць вярнуць у тую камеру ці стварыць новыя жудасныя ўмовы, якія я магу не вытрымаць у такім стане, я не магу адмовіцца ад гэтага жадання, якое моцна гарэла ўва мне — расказаць людзям і максімальна паказаць супрацоўнікам, адміністрацыі, што мы не зломленыя. І няважна, ці мы ў засценках, ці на волі, — мы ўсё роўна адзіныя, і гэтыя каштоўнасці — гэта не нейкі проста пусты гук, а гэта нашая глыбіня і гэта не прадажныя нейкія рэчы, якія можна скасаваць проста тым, што вы будзеце дзяўбсці людзей. Мы рыхтаваліся, выклалі бчб-сурвэткі — такая ўпакоўка, сурвэткі белыя і пасярэдзіне чырвоная паласа. І мы зрабілі банты, на іх намалявалі кропкі, і вось у такім выглядзе з гэтымі бантамі і сурвэткамі мы сустракалі адміністрацыю на ранішнюю праверку і з імі віталіся, і здавала я рапарт па-беларуску. Канешне, пасля здачы рапарту па-беларуску і агулам пасля ўсёй гэтай канцэпцыі супрацоўнік быў вельмі раззлаваны. Ён не прыйшоў адзін (часцей за ўсё на ранішнюю праверку прыходзіў адзін чалавек ці максімум два) — а тут ужо зразумела, што яны падрыхтаваныя былі, што людзі ў розных камерах будуць рабіць розныя, паводле іх слоў “правакацыі”, бо на аператыўнікаў працуюць людзі ў камерах і даносяць ім інфармацыю пра тое, што адбываецца, якія падрыхтоўкі вяліся. І супрацоўнік моцна пачаў крычаць, абвінавачваць і увогуле хаяць за рапарт па-беларуску, крычаць, што зараз пакліча аператыўнікаў, і "хто мы такія", сёння ніякага свята няма і гэтак далей.

Потым прыйшоў аператыўны супрацоўнік, які абвінаваціў, па сутнасці, мяне, таму што яго прамова была амаль увесь час мне ў вочы, пра тое, што "вам не трэба купляцца на гэтыя маніпуляцыі, вам не трэба думаць, што хтосьці вас вядзе ў правільным накірунку, думайце сваёй галавой. Калі вы не ведаеце пра гэтае свята, то яно не павінна для вас існаваць, гэта не наша культура, гэта правакацыя, гэта маніпуляцыя, і нягледзячы, хто вам гэта гаворыць, не верце гэтым людзям" — і глядзіць на мяне — "таму што яны хочуць вас уцягнуць у розныя дрэнныя штукі, каб у вас былі праблемы". Пасыл быў такі. І пасля гэтага ён сказаў, што ўжо ў суседняй камеры выпісалі ўсім рапарты. Ён сыйшоў, мы чакалі рапарты (калі ён прыйдзе і выпіша нам парушэнні), але ніхто не прыйшоў. Некаторых людзей потым выклікалі паасабоку на размовы, а мяне так і не выклікалі. Я не ведаю, чаму так сталася. Але агулам у распарадку дня не змянялася нічога, яны проста рэсёрчылі інфармацыю загадзя, што будзе планавацца, і спрабавалі праз "аперскіх" уплываць на камеру, запужваць і гэтак далей. Плюс калі ўжо ў моманце нешта здаралася, то рэагавалі парушэннямі і карцарамі, ці проста там размовамі.


Глядзіце таксама

У калоніі гэта было свята 25 сакавіка 2022 года, і, па сутнасці, гэта іншы рэжым, іншая закрытасць, шмат людзей, якія працуюць на адміністрацыю, сетка выпрацаваная... Вельмі мала часу на рэфлексію і нейкія адкрытыя дзеянні. Гайкі там максімальна закручаныя, і складана праявіць нейк сваю пазіцыю адкрыта — і захаваць сябе, таму што большасць абірае ўсё ж у калоніі прынцып "дажыць, дабыць", захаваць здароўе, асабліва псіхалагічнае і потым стаць на ногі і ўжо на волі святочна, са сцягамі і плакатамі, з цудоўнымі беларусамі і беларускамі разам прайсці праз гэтыя эмоцыі, праз натхненне, энергію, гэтую беларускасць, гэтую салідарнасць, жаданне такой еднасці, такой непахіснасці. Таму ў гэты дзень, я памятаю, мы віншавалі адно аднаго, калі сустракаліся з розных атрадаў на адной змене ў бальніцах, на выдачы, ў сталоўцы, на фабрыцы віншавалі.

Здаецца, гэта быў працоўны дзень: віншавалі і іншых людзей з іншай змены проста так, вуснамі, умоўна, калі выходзілі з фабрыкі і бачылі адно аднаго, таму што адны ішлі на працу, адны сыходзілі з працы. Я памятаю проста вайб, і для мяне было гэта важна, таму што ў СІЗА лягчэй адкрыта гаварыць, лягчэй выказвацца (са сваімі нюансамі, канешне), але больш адкрытая сістэма, у калоніі ж гэта цалкам закручваецца, таму што ўсе сочаць і ўсім людзям, якія працуюць на аператыўных супрацоўнікаў, была дадзена разнарадка, каб яны сачылі, каб яны дакладвалі, каб яны потым пісалі даносы, калі ёсць нейкае ўзаемадзеянне з перадачай рэчаў: салодкага, чаяванні сумесныя, тславесныя віншаванні, падарункі і гэтак далей. Таму цалкам было складана праявіць эмоцыі, але галоўнае, што гэта было ўнутры. Акрамя таго, што мы праяўлялі гэта ў выглядзе віншаванняў, што мы былі разам, не забылі, гэтыя каштоўнасці не прыбраць, яны ўнутры, яны глыбінныя, яны непавярхоўныя. І хто б што ні гаварыў, мы не прадажныя, мы не прыдумалі гэта, мы ведаем сваю гісторыю, мы любім яе і шануем. Нават у такіх умовах людзі прасоўвалі свае каштоўнасці, спрабавалі асветніцкую дзейнасць і расказвалі іншым людзям пра гэтае свята. А ў распарадку дня збольшага нічога не змянялася, проста было больш кантролю. Я не ўпэўнена ў колькасці парушэнняў, але ўпэўнена, што кагосьці ў любым выпадку за праявы салідарнасці ў гэты дзень, за віншаванні маглі асудзіць на камісіі па пакараннях».