Хронікі рэпрэсій за 25 сакавіка
За песню Цоя звольнілі дырэктара Музычнага тэатра. У баранавіцкім тату-салоне пабываў незвычайны кліент: яго прывялі сілавікі са зброяй. Пачаліся затрыманні за каментары наконт трагедыі ў «Крокус Сіці Холе».
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1229 дзён, Дзяніс — 1109.
***
Сілавікі затрымалі блогерку Жанну Лаўрову, відэа з ёй апублікаваў праўладны канал, піша «Медыязона».
На відэа затрыманая беларуска кажа, што ў 2020 годзе хадзіла на пратэсты і размясціла адтуль фотаздымак. Таксама яна сказала, што да яе прыйшлі сілавікі і затрымалі за відэа ў TikTok.
На відэа, праз якое да Лаўровай прыйшлі сілавікі, яна гатуе сасіскі ў цесце і, паказваючы вынік, кажа:
«Трошачкі прыгарэлі, пару штучак. А гэта, напэўна, прыляцеў бумеранг, за тое, што шкада і ўкраінскіх дзяцей».
На блогерку данёс прапагандыст Канстанцін Прыдыбайла. Допіс з відэа па-беларуску ён апублікаваў у сябе ў канале 23 сакавіка.
У TikTok на Лаўрову падпісана больш за 380 тысяч чалавек, у Instagram — 14 тысяч. Блогерка здымае відэа рэцэптаў, распакавання.
У адным з відэа яна адказвае на каментар карыстальніка з нагоды таго, што здарылася ў Маскве.
«Рабяты, я ўсім спачуваю. Але скажыце калі ласка, а што, жыццё наша неяк з вамі памянялася ад гэтага? Наша з вамі, у каго там ніхто не загінуў. Так, мы спачувалі, усё цяжка, усё шкада. А ва Украіне ўжо два гады "Крокус", а вы не ведалі?»
Што цяпер з блогеркай і па якім артыкуле яна затрыманая — невядома.
***
Сілавікі затрымалі беларуса за каментар пра тэракт у Расіі, паведамляе «Салідарнасць».
На скрыншоце з відэа, які апублікавалі праваабаронцы, хлопец з перабінтаваным вухам.
Сілавікі здзекліва напісалі, што ў яго «пачаліся праблемы з вухам».
Таксама затрыманага абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».
***
Суд Ленінскага раёна Мінска арыштаваў мясцовага жыхара на 13 дзён паводле артыкула аб «парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў» (арт.24.23 КаАП), піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Згодна з пастановай суду, мінчук выгукнуў у акно кватэры слоган «Жыве Беларусь», гэта пачулі мінакі і супрацоўнікі РАУС Ленінскага раёна.
Суд над мужчынам прайшоў 26 лютага, аднак вядома пра гэта стала толькі цяпер.
***
Праўладны тэлеграм-канал даў справаздачу аб затрыманні жыхара Гродна, які за грошы фатаграфаваў вайсковыя аб'екты.
Затрыманага завуць Кірыл Гаўрылаў, ён 2004 года нараджэння і пражывае ў Гродне. У міліцэйскім роліку бачна, што ў затрыманага падбітае левае вока. Затрымалі яго 20 сакавіка пры спробе забраць грошы з тайніка.
На камеру затрыманы кажа, што яму прапанавалі сабраць інфармацыю пра вайсковыя аб'екты Беларусі і сфатаграфаваць іх. За гэта хлопцу прапаноўвалі грошы.
У роліку паказваюць дзве стодоларавыя купюры. Паводле інфармацыі аўтараў канала, затрыманы забіраў іх у тайніку. Паводле каардынат, якія ёсць у роліку, тайнік знаходзіўся ў вёсцы Грандзічы, якую ў 2006 годзе ўключылі ў склад Гродна.
У роліку паказваюць фота зенітна-ракетных комплексаў С-300 і РСЗА «Град». Ці зрабіў гэтыя фотаздымкі затрыманы, невядома. Таксама невядома пакуль, па якім артыкуле затрымалі гродзенца і дзе ён цяпер знаходзіцца, каментуе «Медыязона».
***
У Баранавічах па «народным» артыкуле будуць судзіць адразу дзевяцярых чалавек. Паводле «Салідарнасці», у чацвер, 28 сакавіка, у судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы суддзя Іна Паўлоўская разгледзіць справу паводле арт.342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Па справе праходзяць адразу дзевяць фігурантаў: Гута Дзмітрый, Апановіч Эдуард, Арцюх Алег, Лескавец Аляксей, Абрамовіч Дзмітрый, Сяргееў Алег, Тадро Вольга, Шкуцько Вячаслаў, Стахейка Алена.
На пачатку сакавіка ў Баранавічах таксама разглядалася справа па арт. 342 КК, дзе фігуравалі адразу восем абвінавачаных.
***
Суд у Брэсце арыштаваў супрацоўніка МУС на 15 сутак з‑за падпіскі на «экстрэмісцкую» старонку ў Фэйсбуку, пастанову суда ў банку даных судовых рашэнняў заўважыла «Брэсцкая газета».
Як гаворыцца ў пастанове, суд над ім адбыўся 11 сакавіка. Міліцыянт — ураджэнец Расіі, але ў яго беларускае грамадзянства, выхоўвае непаўналетняе дзіця і даглядае маці з інваліднасцю.
Яго абвінавацілі ў тым, што ён падпісаўся на старонку ў Фэйсбуку «Т», якую суд Чыгуначнага раёна Віцебска прызнаў «экстрэмісцкай». Назвы старонак, імёны і іншую падобную інфармацыю ў пастановах суду звычайна скарачаюць да адной літары, таму пра якую менавіта старонку ідзе гаворка — невядома.
Як сказана ў пастанове суду, намеснік пракурора Брэста санкцыянаваў ператрус дома ў брэстаўчаніна. У ходзе яго былі агледжаны ўсе гаджэты, што належаць яму. У тым ліку сілавікі агледзелі і планшэт мужчыны, дзе і знайшлі падпіску.
Як піша праваабарончы цэнтр «Вясна», пакуль супрацоўнік МУС адбываў адміністрацыйны арышт, яго зноў судзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Суд прайшоў 18 сакавіка, аднак вынікі яго невядомыя.
***
Былога кіраўніка ўпраўлення «Белінвестбанка» па Гомельскай вобласці Алега Гарэлава прысудзілі да 10 гадоў калоніі і штрафу ў 40 000 рублёў (1000 базавых велічынь), піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Справу Алега Гарэлава разглядаў суддзя Гомельскага абласнога суда Аляксандр Піскуноў.
Гарэлава абвінавачвалі па трох артыкулах КК: аб «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК), «атрыманні хабару» (ч.1 арт.328 КК) і «незаконным абароце наркатычных сродкаў» (ч.1 арт.328 КК).
Паводле версіі абвінавачвання, экс-кіраўнік лабіраваў інтарэсы знаёмага бізнэсоўца, атрымаўшы за гэта хабар. Акрамя таго, ён, як пішуць праваабаронцы, пакінуў у сацсетках негатыўныя каментары на адрас сілавікоў і сушыў марыхуану для ўласнага выкарыстання.
***
25 сакавіка ў Гродзенскім абласным судзе пачаўся суд над супрацоўнікам фонду «Вяртанне» Сяргеем Макарэвічам, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Яго затрымалі 4 лістапада 2022 года пасля ператрусу. Пасля амаль пяці месяцаў за кратамі палітвязень выйшаў на волю 11 красавіка 2023 года. Падрабязнасцей пра яго справу амаль не было.
Нядаўна стала вядома, што яго будуць судзіць за данаты паводле арт.361-2 КК («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання»). Справу разглядае Валерый Раманоўскі.
***
Сілавікі са зброяй прыйшлі ў тату‑салон у Баранавічах і прымусілі беларуса выправіць «экстрэмісцкую» татуіроўку. Відэа «спецаперацыі» апублікаваў праўладны канал, піша «Медыязона».
На апублікаваным сілавікамі відэа бачна, як узброеныя людзі заходзяць у тату-салон, гучыць каманда: «Усім устаць! Пакласці ўсё, рукі паказаць». Пасля чаго за кадрам гучаць словы: «Добры дзень, я па запісе».
Далей у кадры паказаны мужчына, ён дэманструе татуіроўку з абрэвіятурай ACAB на назе.
«Што яна азначае?» — пытаецца за кадрам зменены голас сілавіка.
«Уся міліцыя дрэнная», — адказвае мужчына.
«Міліцыя добрая і дае вам шанец яе перабіць», — кажа яму ў адказ міліцыянт.
Пасля гэтага мужчына пытаецца ў майстра ў салоне, колькі часу спатрэбіцца, каб выправіць татуіроўку. Той адказвае: «Гадзіны тры». Міліцыянт кажа: «Праз тры гадзіны чакаем вас з перабітай татуіроўкай».
Пасля мантажу мужчыну паказваюць на фоне сцяны, ён кажа, што зрабіў татуіроўку ў 2010 годзе, калі быў футбольным фанатам. Потым ён паказвае татуіроўку: надпіс перакрывае чорная паласа.
***
Дырэктар Музычнага тэатра Сяргей Пукіта звольнены са сваёй пасады. Яго прозвішча знікла са старонкі з імёнамі кіраўнікоў на сайце калектыву, піша Зеркало.
Прычынай звальнення, мабыць, стала кампазіцыя «Перемен!» рок-гурты «Кино». 16 сакавіка ў Музычным тэатры выступаў сімфанічны аркестр Варонежскай канцэртнай залы з праграмай «Анталогія рускага року», у рэпертуары якога якраз ёсць гэтая кампазіцыя.
17 сакавіка тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» апублікаваў аўдыёзапіс выступу і рэакцыю залы. Паводле звестак канала, аркестру «падпявала літаральна ўся зала».
— Зала падтрымала выступ з гэтай кампазіцыяй, стоячы з ліхтарыкамі, — расказала «Зеркалу» крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
Пасля гэтага было прынята рашэнне звольніць Пукіту.
— Супрацоўнікі тэатра ў цэлым характарызуюць яго як разумнага, сумленнага чалавека, — каментаваў суразмоўца.
Цяпер выконваючым абавязкі дырэктара прызначаны Генадзь Місуна, які да гэтага займаў пасаду намесніка дырэктара.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 417 дзён, Максіма Знака — 410 дзён, Мікалая Статкевіча — 408 дзён, Ігара Лосіка — 400 дзён, Віктара Бабарыкі — 337 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 265 дзён, Уладзіміра Гундара — 234 дні.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1407 палітвязняў.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1595 чалавек. Сярод іх — 199 жанчын і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.