Хронікі рэпрэсій за 26 сакавіка
Чарговае папаўненне спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, новы суд над палітвязнем Дзмітрыем Рэзановічам, паведамляюць праваабаронцы.

- Сёння, 26 сакавіка, пачаўся чарговы суд над палітвязнем Дзмітрыем Рэзановічам
Па ініцыятыве адміністрацыі івацэвіцкай калоніі № 22 супраць Дзмітрыя ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Сёння, 26 сакавіка, у Івацэвічах над палітвязнем распачынаецца суд. Справу будзе разглядаць суддзя Сяргей Кухацкавалец.

Нагадаем, летась палітвязня перавялі ў ПКТ да сакавіка. Раней паведамлялася, што Дзмітрыя неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а таксама пазбавілі спатканняў і перадач і пагражалі перавесці на турэмны рэжым.
Дзмітрыя затрымалі напрыканцы кастрычніка 2020 года. 22 снежня 2021 года Мінскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме.
- У Гомелі затрымалі дырэктара тэлерадыёкампаніі «ФілТВ»

Віталія Філінскага, вядомага гомельскага бізнесоўца, прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Яго справу 22 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля разглядала суддзя Восіпава Алеся. Што прызначыў суд — невядома.
Віталь Філінскі ў 1996 годзе стварыў телерадыёкампанію «ФілТВ», асноўным напрамкам дзейнасці якой з'яўляецца рэклама на тэлебачанні. Ён таксама з'яўляецца сябрам грамадскага аб'яднання «Адзінства», якое садзейнічае развіццю прыватнага прадпрымальніцтва.
- Блогерка Жанна Лаўрова — на волі

Падрабязнасці ўчорашняга дня яна не распавядала, піша @nashaniva. Сказала, што застаецца са сваімі гледачамі і збягаць не збіраецца. «Я хачу жыць у сваёй краіне, мне тут спакойна, добра. Мільён разоў гэта казала».
У адным з апошніх стрымаў Лаўрова сказала, што «яе сасіскі троху падгарэлі, бо прыляцеў бумеранг, таму што ёй шкада і ўкраінскіх дзяцей». Гэтыя словы выдраў з кантэксту (з некалькіх хвілінаў роліку пакінуўшы 10 секунд) прапагандыст Канстанцін Прыдыбайла. Ён апублікаваў у сваіх сацсетках допіс, дзе заклікаў сілавікоў арыштаваць жанчыну.
Лаўровай пагражалі крымінальнай справай за «прапаганду тэрарызму» і сямю гадамі турмы. У якім статусе знаходзіцца жанчына, невядома.
- Сілавікі затрымалі жыхара Шчучына, які «здзекаваўся з трагедыі, якая адбылася ў Расіі»
На «палонным відэа» затрыманы хлопец кажа, што пісаў каментары пра тэракт з-за таго, што не падтрымлівае вайну Расіі супраць Украіны.
- За данаты судзяць Аляксандра Верасовіча

Мінскім гарадскім судзе з 19 сакавіка ідзе суд за данаты над 57-гадовым Аляксандрам Верасовічам. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 361-2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання) і ч. 2 арт. 361-3 (фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях). Справу разглядае Уладзімір Арэшка.
Вядома, што Аляксандр мае ў Маладзечне невялікі бізнэс. У яго двое дзяцей. Цяпер мужчыну пагражае ад пяці да дзесяці гадоў калоніі.
- Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
- Telegram-канал «Березовый сок»;
- Instagram старонкі «Свободная Новая Боровая», «aleba_belarus», «galtsevasa», «berasteec_rb»;
- YouTube-канал «МАРА»;
- Сайт і сацсеткі праекту «Фонд медицинской солидарности Беларуси»;
- Сайт і сацсеткі праекту «Клуб Литвины»;
- Старонкі Кацярыны Пытлевай у сацсетках;
- Блог Яраслава Бандарэнкі «bondarenko.livе»;
- Старонка ў «Аднакласніках» «Новая Беларусь»;
- TikTok-старонкі «Михаил», «Экстрым_Бел_TV», «Andrei Rusojob», «Шановна», «Дзе навiны?», «KARTOGRAFF», «Пра Вiцебск\Про Витебск», «andstryzhak», «Медиазона Беларусь», «Кристина Дунцова», «Balaganoff», «vusatakurva».