Хронікі рэпрэсій за 27 сакавіка
Беларусаў масава затрымліваюць за каментары наконт тэракту ў «Крокусе», паведамляюць праваабаронцы.
Працягваецца ціск на палітвязняў за кратамі: статыстыка за тыдзень
Больш за тры з паловай гады ў Беларусі бесперапынна працягваюцца масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні.
- Палітвязнямі за мінулыя тыдні былі прызнаныя 19 чалавек.
- Стала вядома, што цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю 17 палітвязняў.
- Шэсць чалавек былі асуджаныя да пазбаўлення волі.
- Актывіста Андрэя Кудзіка затрымалі па новай крымінальнай справе.
- Палітвязня Анатоля Латушку могуць перавесці на турэмны рэжым.
- Палітвязня Эдуарда Бабарыку змясцілі ў ПКТ.
У Алеся Бяляцкага — новая сімвалічная «хросная» ў нямецкім парламенце
У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, якую ўжо многія гады вядзе праваабарончая арганізацыя Libereco, сябра Бундэстага Нямеччыны Мары-Агнес Штрак-Цымерман стала сімвалічнай «хроснай» для лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.
«Аўтакраты не баяцца нічога больш, чым тых, хто адстойвае дэмакратыю і незалежнасць ва ўмовах свабоды. Як прыхільніца дэмакратыі і лібералізму, я асабліва заклапочаная абаронай правоў і свабод кожнага чалавека.
Таму сёння я з радасцю раблюся сімвалічнай хроснай Бяляцкага і заклікаю да вызвалення з беларускага палону яго і ягоных паплечнікаў-актывістаў. Алесь, я з табой!».
Чарговы прысуд за Маршы 2020 года
Стала вядома, што 11 сакавіка ў судзе Партызанскага раёна Мінска Андрэя і Наталлю Герасіменкаў асудзілі да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі») кожнага.
Іх прызналі вінаватымі паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Прысуд агучыла Вераніка Абзалімава. Да прысуду мужчына і жанчына знаходзіліся на волі пад закладам у 200 базавых велічынь кожны. У першым выпадку гэта склала 8000 рублёў, у другім — 7400 рублёў, што сведчыць аб тым, што ім прызначалі меру стрымання ў розны час.
Герасіменкаў абвінавацілі ва ўдзеле з адным з мірных сходаў у Мінску ў 2020 годзе. Яны прызналі віну і адзначылі, што ўзялі ўдзел у мерапрыемстве праз цікаўнасць, распавялі, што фатаграфаваліся з бела-чырвона-белымі сцягамі, якія бралі ў незнаёмых людзей у натоўпе.
Таксама суддзя пастанавіла вызваліць з-пад арышту тэхніку, папярэдне знішчыўшы з яе «інфармацыю, якая адносіцца да пратэснай дзейнасці».
Следчы камітэт скончыў расследаванне справы ў дачыненні да 20 «аналітыкаў Ціханоўскай»
У спісе Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандр Дабравольскі, Юрый Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётр Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык, Кацярына Шмаціна.
Паведамляецца, што «названыя асобы прымалі актыўны ўдзел у выпрацоўцы і рэалізацыі канцэпцыі дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, а таксама садзейнічалі ўзбуджэнню сацыяльнай варожасці і варажнечы ў грамадстве».
Крымінальная справа перададзена ў суд, фігурантам інкрымінуюць чатыры артыкулы Крымінальнага кодэксу.
Беларусаў масава затрымліваюць за каментары наконт тэракту ў “Крокусе”
- За каментар пра тэракт у Расіі сілавікі затрымалі гродзенскага прадпрымальніка
Мужчына пад навіной пра тэракт напісаў «все чаще в РФ прилетает ответка» — сілавікі палічылі гэта «здзекам над ахвярамі тэракту». Таксама затрыманага абвінавацілі ў абразах Лукашэнкі, сілавікоў і заклікаў да украінцаў бамбіць рускія гарады ў адказ.
- Беларуса затрымалі за «негатыўны каментар» пра тэракт у Расіі — ён напісаў «Рязанский сахар»
Паводле інфармацыі "Нашай нівы", затрыманы — Раман Якімянок. сілавікі таксама абвінавацілі Затрыманага ў тым, што ён нібыта дасылаў інфармацыю праекту Nexta.
- У Гомельскай вобласці затрымалі чатырох чалавек за «цынічныя каментары» пра тэракт у Расіі
Такімі каментарамі беларускія сілавікі палічылі меркаванні:
• «Ва Украіне кожны дзень кучы нявінных мірных жыхароў гінуць ад абстрэлаў расейцамі гарадоў. Дзе жалобы? Ці ўсе настолькі крывадушнікі?»;
• «Чаму нічога не адмяняюць [мерапрыемствы], калі ва Украіне страляюць па жылых дамах і гінуць дарослыя і дзеці? Гэта, напэўна, іншае»;
• «Як яны змаглі тэлепартавацца ў ПЯТНІЦУ, калі пробкі з Масквы кіламетровыя на выезд у Бранскую вобл за 5 гадзін?! Спрытна па вушах ездзяць, ды не стыковак шмат у людзей па гэтым сцэнары!».
Адзначым, што як мінімум першыя два каментары набралі дзясяткі «падабаек» ад іншых людзей у сацсетках.