Закон аб аднаполых шлюбах ухваліў парламент Тайланду
Да канца года Тайланд стане першай краінай у Паўднёва-Усходняй Азіі, якая прызнае аднаполыя саюзы. Сёння закон аб аднаполых шлюбах прыняты парламентам, прычым толькі некалькі дэпутатаў галасавалі супраць, паведамляе ВВС.

Фота www.cleverthai.com
Ніжняя палата парламента Тайланда ўхваліла законапраект аб юрыдычным прызнанні аднаполых шлюбаў.
Законапраект праект яшчэ павінен атрымаць адабрэнне тайландскага Сената і караля, але чакаецца, што ён пройдзе і гэтыя стадыі, і да канца года Тайланд стане першай краінай у Паўднёва-Усходняй Азіі, якая прызнае аднаполыя саюзы.
«Гэта пачатак роўнасці. Гэта не ўніверсальнае лекі ад усіх праблем, але гэта першы крок да раўнапраўя, — сказаў дэпутат Данупхорн Пунаканта, калі прадстаўляў у палаце законапраект. — Гэты закон хоча вярнуць правы данай групе людзей, а не падарыць ім нейкія правы».
За прыняцце закона прагаласавалі 400 дэпутатаў з 415 прысутных.
Глядзіце таксама

У законе шлюб вызначаецца як “партнёрства дзвюх асоб”, а не саюз “мужчыны і жанчыны”, як было раней.
Аднаполыя пары атрымаюць права карыстацца падатковымі льготамі, на якія маюць права сужэнцы, успадкаваць маёмасць адзін аднаго і даваць згоду на лячэнне партнёра, калі той ці тая знаходзяцца ў непрытомным стане.
Таксама аднаполыя партнёры змогуць усынаўляць і ўдачараць дзяцей. Зрэшты, дэпутаты адхілілі прапанову профільнага камітэта выкарыстоўваць тэрмін «бацькі» замест «бацькі і маці».
Разам з тым, барацьба за прызнанне ў краіне аднаполых шлюбаў сутыкнулася з супрацівам і працягвалася не адзін год. Хоць тайландскае грамадства ў масе сваёй падтрымлівала аднаполыя шлюбы — у канцы мінулага года, паводле аднаго з апытанняў, за гэта выказваліся 96,6% рэспандэнтаў, — урад краіны доўгі час выступаў супраць.
Толькі на мінулых выбарах, у жніўні 2023 года, у парламент прайшлі партыі, якія падтрымліваюць легалізацыю аднаполых шлюбаў. Таксама ў верасні прэм'ер-міністрам стаў Сетха Тхавісін, што адкрыта выступае за іх прызнанне.
У снежні ніжняя палата прагаласавала аж за чатыры законапраекты аб аднаполых шлюбаў — адзін зыходзіў ад урада, яшчэ тры ўнеслі апазіцыйныя партыі. Пазней гэтыя законапраекты былі аб'яднаныя ў адзін, які цяпер ухвалены ніжняй палатай.
Глядзіце таксама

«Так, я сачу за парламенцкімі дэбатамі і трымаю кулачкі, — распавёў Пхісіт Сірыхірунчаі, 35-гадовы паліцэйскі-гей. — Я рады і натхнёны, што гэта ўсё ж такі адбудзецца. Я падыходжу ўсё бліжэй і бліжэй да рэалізацыі маёй мары». Пхісіт жыве разам са сваім партнёрам пяць гадоў; яны плануюць заключыць шлюб у дзень, калі закон уступіць у сілу.
У параўнанні са сваімі суседзямі Тайланд мае рэпутацыю краіны, талерантнай да ЛГБТК+ людзей. Дыскрымінацыя па прыкмеце гендэрнай ідэнтычнасці ці сэксуальнай арыентацыі тут забароненая.
Глядзіце таксама

З усіх краін Азіі аднаполыя шлюбы дагэтуль легалізавалі толькі Непал і Тайвань (пры гэтым многія краіны не прызнаюць Тайвань у якасці суверэннай дзяржавы).
У Індыі і Японіі ў апошнія месяцы пытанне аб законнасці аднаполых саюзаў разглядалася ў судах. Індыйскі Вярхоўны суд у лютым пастанавіў, што гэтае пытанне адносіцца да кампетэнцыі ўрада, які пакуль толькі абяцае стварыць камісію, якая вывучыць пытанне аб пашырэнні правоў аднаполых партнёраў.
У Японіі акруговы суд пастанавіў, што забарона на аднаполыя шлюбы неканстытуцыйная, але яго рашэнне яшчэ не канчатковае.
Глядзіце таксама

Сінгапур у 2022 годзе адмяніў закон каланіяльных часоў (ён быў брытанскай калоніяй) аб крымінальнай адказнасці за аднаполы сэкс, але адначасова змяніў канстытуцыю такім чынам, каб выключыць магчымасць аспрэчвання ў судах вызначэнне шлюбу як саюза мужчыны і жанчыны.
Нават у Тайландзе, дзе вельмі прыкметная транс-супольнасць, парламент пакуль не прыняў закон, які дазваляе мяняць гендарныя маркеры ў дакументах.