«Лесьбійка — не жанчына». 2023 — год памяці Манік Уіціг

Заходняя (ды ня толькі) фэмінісцкая супольнасьць у 2023 годзе адзначае 20 год зь дня сьмерці францускай пісьменьніцы, фэмінісцкай мысьляркі, тэарэтыцы і актывісткі лесьбі-руху і лесьбійскага фэмінізму Манік Уіціг (1935-2003). 

Манік Уіціг

Манік Уіціг


Да ўсяго ж сёлета спаўняецца 50 год важнаму тэксту пісьменьніцы, прысьвечанаму лесьбі-эмансіпацыі — «Лесьбійскае цела» (1973). У Францыі, ЗША і Швайцарыі ў 2023 годзе адбыліся канфэрэнцыі і сэмінары, прысьвечаныя асэнсаваньню інтэлектуальнай, творчай і актывісцкай спадчыны Манік Уіціг. Сёлета актыўна перакладаюцца і перавыдаюцца тэксты мысьляркі, але ўсё яшчэ не на беларускую мову.

Пісьменьніца вядомая ў Францыі і ЗША, менш вядомая і слаўная яна ў іншых рэгіёнах. Аднак усюль вядомыя ейныя сьмелыя пастуляты: найбольш радыкальным зьяўляецца цьверджаньне аб тым, што «лесьбійка — гэта не жанчына». Бо дзякуючы лесьбійству жанчына нібы ўнікае наўпростага мужчынскага ды патрыярхальнага кантролю наагул. Зразумела, лесьбійка ня можа выйсьці з гетэрарэжыму цалкам, але прынамсі яна становіцца менш бачнай і менш цікавай (гетэра)мужчынам.

Таксама яна зьяўляецца аўтаркай выразу і канцэпту «гетэрасэксуальны кантракт», «гетэрадумка» і пад. Яна стаяла ля вытокаў транс- і небінарнай справы, калі многія гендарныя спэцыялісты-ткі яшчэ нават не артыкулявалі пытаньне. 

Да ўсяго пісьменьніца здаўна да паўстаньня інклюзіўнага пісьма ў сваіх тэкстах экспэрымэнтавала і радыкалізавала артаграфію, граматыку. Ужо ў 60-я — 70-я гады мінулага стагодзьдзя Манік Уіціг выкарыстоўвала займеньнікі асаблівым чынам і прапаноўвала аднавіць іх выкарыстаньне з улікам гендарнай пэрспэктывы. Часта адпрэчвала пунктуацыю, якую параўноўвала з карсэтам, які сьціскаў жаночае цела ў мінулым.

Манік Уіціг

Манік Уіціг

А яшчэ француская пісьменьніца сталася адной з галоўных постацяў сучаснага матэрыялісцкага фэмінізму, а таксама лесьбійскага фэмінізму, які рэзюмуецца ўжо прыгаданым цьверджаньнем «лесьбійка — гэта не жанчына». Галоўны аргумэнт заключаўся ў тым, што гетэрасэксуальная заклапочанасьць жанчынаў мужчынамі падтрымлівае, сілкуе мужчынскае дамінаваньне ў нашых грамадзтвах. Таму жанчыны павінны любіць толькі жанчынаў і адмаўляцца падпарадкоўвацца гетэрасэксуальнаму грамадзкаму кантракту. Так, у сваім навукова-фантастычным рамане «Les Guérillères» (Партызанкі, 1969) яна адлюстравала жанчынаў-ваяўніцаў — партызанак, якія зьверглі патрыярхальную сыстэму.

Ейны ці ня самы папуляры і перакладзены тэкст — «La Pensée straight» (Гетэрадумка) быў напісаны ў 1992 годзе — лічыцца клясыкай лесьбі- і квірдумкі, і гендарных штудыяў. Дарэчы, Манік Уіціг цікавая ня толькі як гендарная дасьледніца — ейныя канцэпты ўвайшлі ў арсэнал палітычнай навукі, філязофіі, гендарнай лінгвістыкі. Асабліва вядомы ейны канцэпт «гетэрасэксуальны кантракт». Гэты кантракт аабараняе ідэю, паводле якой гетэрасэксуальнасьць — гэта палітычная сыстэма, заснаваная на бінарным разьмеркаваньні людзей на палавыя клясы ў адпаведнасьці з біялягічнымі крытэрамі. Гэтым двум палам адпавядаюць два гендары (жаночы/мужчынскі), якім уласьцівыя спэцыфічныя рысы (любіць ружовы/любіць блакітны колер), сацыяльныя ролі (клапаціцца пра дзяцей/зарабляць грошы) і сэксуальную арыентацыю. У гэтым сэнсе жанчыны-лесьбійкі ўспрымаюцца грамадзтвам як «асобы па-за законам», бо знаходзяцца па-за межамі гетэрасэксуальнай структуры. Такім чынам, мысьлярка настойвала на неабходнасці разбурыць гэты гетэрасэксуальны кантракт у мэтах роўнасьці.

Дзякуючы іншаму тэксту «Лесьбійскае цела» (1973), а перадусім уласнаму прыкладу Манік Уіціг, слова «лесьбійка» ў францускай мове набыла сьмеласьць і гонар: мысьлярка пэўна апублічвала яго ў той час, калі большасьць баялася вымавіць яго. У 1973 годзе нябачнае, схаванае лесьбійства адразу сталася палітычным. 

Манік Уіціг

Манік Уіціг

Цікава, Манік Уіціг, якая не лічыла сябе жанчынай, а лесьбійкай, да ўсяго не любіла, калі яе называлі пісьменьніцай — яна была écrivain, то-бок пісьменьнікам. Прыгэтым яна не была супраць фэмінізацыі мовы, а ўсяго толькі супраць фэмінізацыі лесьбійства.

Творчая і інтэлектуальная спадчына слыннай францускай лесьбійкі — рэвалюцыйнай і сьмелай у публічнай сфэры і тэкстах і надзвычай някідкай і стрыманай у прыватным жыцьці — чакае на беларускіх перакладніцаў-каў. Бо пераклады пазнаёмяць нас з той, хто кінула выклік гетэрагаграмадзтву, а таксама дапамогуць дэмакратызаваць і баналізаваць панятак «лесьбійка» ў беларускай мове. А яшчэ задзейнічаць і ўзбагаціць моўны рэсурс падчас пошуку адпаведнікаў шматлікім гендарным нэалягізмам, прапанаваным аўтаркай у арыгінальных тэкстах.

Зрэшты, на фоне ўзмацненьня дзяржаўнай гамафобіі на радзіме і прызнаньня ЛГБТК+руху экстрэмісцкім у Расеі,тэза Манік Уіціг аб тым, што гетарасэксуальнасьць — гэта палітычны рэжым, пазбавілася ўсякай утапічнасьці і адцягнутасьці і  пацьвердзілася яшчэ раз.