Імперыя на экспарт
Да ўгодкаў пачатку вайны паміж Францыяй і Мексікай, а таксама пра тое, як французы ў другой палове ХІХ стагоддзя спрабавалі ўсё назваць «лацінскім», каб потым зрабіць гэта французскім.

Луўр. Аўтар: Маркус Чанс, commons.wikimedia.org
Напалеонаўскія планы Напалеона ІІІ
Шарль Луі Банапарт, сын Людовіка Банапарта (роднага брата Напалеона І) і Гартэнзіі Багарнэ (дачкі ад першага шлюбу будучай жонкі Напалеона — знакамітай Жазэфіны) хоць і быў, па водгуках сучаснікаў, чалавекам добрым, але надта ён захапляўся сваім вялікім дзядзькам. І, як і дзядзька, марыў аб уладзе. Некалькі спробаў пераваротаў супраць тагачаснага караля Луі Філіпа завяршыліся праваламі і турэмным зняволеннем.
Але, як часцяком такое бывае, першая асоба ў каралеўстве хутка згубіла сваю папулярнасць сярод французаў, якія яшчэ не так даўно віталі Луі Філіпа як «першага сярод грамадзянаў». І тады сімпатыі людзей (зноў, як часцяком тое бывае) пераключыліся на вязня, які «змагаўся супраць тыраніі». Не абмінула яго і ўвага французскіх сацыялістаў, якіх падкупіла ягоная ідэя дапамогі пралетарыям шляхам рассялення іх на дзяржаўных фермах.

Напалеон ІІІ, lccn.loc.gov
Парадаксальным чынам, не пераварот, а свабодныя справядлівыя выбары адкрылі Шарлю Луі шлях да ўлады. Пасля рэвалюцыі 1848-га ён быў абраным першым прэзідэнтам Другой рэспублікі.
Але сімпатыі самога Шарля Луі былі на баку імперыі. Таму замест таго, каб быць верным канстытуцыі і рэспубліцы і перадаць уладу пераемніку праз чатыры гады (што ён сам урачыста абяцаў), ён у канцы 1851-га зрабіў чарговую спробу дзяржаўнага перавароту. На гэты раз — паспяховую. 2 снежня 1859-га ён быў абвешчаны імператарам пад імем Напалеон ІІІ. Канечне, у поўнай адпаведнасці з канстытуцыяй. Новай — якую напярэдадні французы ўхвалілі на рэферэндуме.
Першыя гады новай імперыі азначыліся ваеннымі перамогамі — у Крымскай вайне з Расіяй і з Аўстрыяй за Ніцу і Савою. Гэта, нарэшце, вярнула Францыі прэстыж пасля траскучай паразы ў напалеонаўскіх войнах, распачатых дзядзькам Напалеона ІІІ. Але таго новаму імператару было замала. Ён марыў аб панаванні куды больш шырокім, чым у межах сваёй еўрапейскай дзяржавы. Чаму садзейнічалі паспяховыя дзеянні французскіх войскаў у Кітаі і Японіі.
Адзінае, чаго бракавала імператару для ажыццяўлення мараў, гэта шырокая міжнародная кааліцыя, якая б стаяла за ім і магла б пайсці з ім да новых вяршыняў. Вось Расія, напрыклад, ужо пачала пабудову свайго «славянскага свету». Брытанія, дык увогуле апынулася на чале наймагутнейшага свету «англасаксонскага». А што Францыя? Яна-та на што можа абаперціся?
Расія вярбуе сваіх міньёнаў з краінаў, дзе размаўляюць на славянскіх мовах, брытанцы абапіраюцца на англійскую мову. Дык чаму б не скарыстацца тым жа прынцыпам і не паспрабаваць аб’яднаць вакол сябе краіны з мовамі, блізкімі да французскай? Тым болей, што нацыяналізм у той час актыўна ўваходзіць у моду.
І вось тут у Напалеона з’явілася цудоўная ідэя: абвесціць пра стварэнне свету лацінскага, які мог бы аб’яднаць краіны, дзе размаўляюць на мовах раманскай групы. Той групы, да якой належаць такія мовы, як гішпанская, партугальская, італьянская і шматлікія іншыя (не кажучы ўжо пра саму французскую), і якая паходзіць ад самой лаціны! Мала таго, што гэта выклікае асацыяцыі з вялікай Рымскай імперыяй (пра якую і тады нельга было ня думаць). Гэта яшчэ й адкрывае шлях да аб’яднання ў палітычны саюз такія краіны, як Гішпанія, Партугалія, італьянскія дзяржавы. А за Атлантычным акіянам ляжыць, увогуле, палітычны кляндайк у выглядзе незалежных дзяржаў Гішпанскай Амерыкі.
Напалеон вырашае працягнуць там, дзе за шэсць дзясяткаў год да гэтага спыніўся ягоны дзядзька, які адмовіўся ад актыўнай заакіянскай палітыкі дзеля вайны ў Еўропе. Ён на ўвесь свет прапануе бачыць у незалежных дзяржавах Новага Свету, дзе размаўляюць на партугальскай, гішпанскай, разнастайных крэольскіх (франка-афрыканская трасянка) мовах, не Гішпанскую ці Партугальскую Амерыку, а самую што ні на ёсць Лацінскую! І, канечне, пад ягоным, напалеонаўскім патранажам.
Пончыкі і войны
Адна праблема: свежаўзніклыя лацінаамерыканцы ўспрынялі гэтую напалеонаўскую ідэю без асаблівага замілавання. Яны ўжо не першае дзесяцігоддзе жылі незалежным жыццём і былі заклапочаны, у асноўным, шматлікімі грамадзянскімі войнамі, якія часцяком суправаджаюць станаўленне новых дзяржаваў. А ад замахаў з боку еўрапейцаў іх, як лічылася, надзейна абараняе Дзядзька Сэм з сваёй Дактрынай Манро.
Вось толькі непрыемнасць: Дзядзька Сэм у пачатку 1861-га і сам заграз у грамадзянскай вайне. А тут у Францыі з’явілася падстава ўмяшацца ва ўнутраныя справы Мексікі і нарэшце навучыць неразумных лацінаамерыканцаў, што жыць у імперыі пад французскім патранажам — гэта крута.
У Мексіцы ў гэты час ідзе процістаянне паміж лібераламі і кансерватарамі. Першыя жадалі перавесці развіццё краіны на сучасныя рэйкі, з развіццём рынкавай эканомікі, дэмакратыі і скасаваннем найбольш адыёзных правоў такіх інстытутаў, як царква і войска. Другія, адпаведна, настойвалі на захаванні старых парадкаў і прывілеяў.
Супярэчнасці паміж імі прывялі да вайны 1857-га — пачатку 1861-га (гэтай званая «вайна Рэформы»). У ходзе гэтай вайны, у 1859-м, лідар лібералаў Бэніта Хуарэс — тагачасны самаабвешчаны прэзідэнт Мексікі — абвяшчае радыкальны «Закон аб Рэформе». Згодна з ім, у краіне аб'яўлялася свабода веравызнання, царква адлучалася ад дзяржавы, распускаліся манаскія ордэны, зачыняліся мужчынскія манастыры, а маёмасць царквы нацыяналізавалася. І хоць пасля гэтага камандуючы сіламі кансерватараў малады генерал Мігель Мірамон нанёс лібералам цяжкую паразу і нават узяў у аблогу іхнюю сталіцу — горад Вера-Крус (сучасны Веракрус на ўзбярэжжы Мексіканскай затокі), канчатковая перамога ў вайне засталася за лібераламі.

Бэніта Хуарэс. Мастак Сальвадор Мартынез Баез, wikimedia.org
1 студзеня 1861 г. Бэніта Хуарэс урачыста ўступіў у Мехіка. І высветліў, што вайна — штука дарагая. За ейны час мексіканцы набралі столькі пазыкаў у еўрапейскіх дзяржаваў, што выплаціць іх было ну зусім нерэальна. Гэта прымусіла Хуарэса абвесціць мараторый на выплату знешніх даўгоў.
«О!» — падумаў Напалеон. І пабег да кіраўнікоў Брытаніі і Гішпаніі (якім мексіканцы таксама былі павінны немаленькія сумы) з прапановай наведаць мексіканцаў у іхнім уласным доме і вярнуць грошы сілай. Гэта цяпер падобныя дзеянні асацыююцца з бандыцкімі «паняццямі», а тады гэта была звычайная міжнародная практыка. Самі французы гэты фокус з мексіканцамі ўжо рабілі — яшчэ пры Луі Філіпе, у ходзе гэтак званай «пончыкавай вайны». У 1838 г. адзін французскі кандытар паскардзіўся каралю, што мексіканцы разрабавалі ягоную краму ў Мехіка. За такую крыўду нацыі кароль запатрабаваў выплаты гіганцкай кантрыбуцыі, а заадно — пагашэнне выплатаў па крэдытах, па якіх Мексіка напярэдадні абвясціла дэфолт.
Тады, дарэчы, дзеянні Францыі, якая накіравала да Мексікі свой флот і акупавала порт Вера-Крус, падтрымалі амерыканцы, паколькі лічылі, што выплата даўгоў — гэта святое. І Францыя, урэшце, дамаглася свайго.
Гераізм адных, адвага іншых
Вось і цяпер французы, а разам з імі і брытанцы з гішпанцамі, высадзілі свае войскі ў раёне Вера-Крусу. Адбылося гэта 8 снежня 1861-га. Толькі ў адрозненне ад пончыкавай вайны, хутка зрабілася зразумелым, што вяртанне пазыкі — толькі падстава для ажыццяўлення напалеонаўскіх планаў Напалеона. Брытанцы і гішпанцы зразумелі, што іх уцягнулі ў небяспечную авантуру, і ў красавіку адклікалі свае войскі назад. Францыя спыняцца не збіралася, і 16 красавіка абвесціла Мексіцы вайну.
Абарону сваёй краіны ўзначаліў усё той жа Бэніта Хуарэс, якога ўлетку 1861-га абралі прэзідэнтам краіны. Гэта быў першы індзеец у гісторыі, які заняў прэзідэнцкую пасаду.
Мексіканцы, нягледзячы на тое, што французы ўвесь час пашыралі зону акупацыі, процістаялі навале мужна і трывала. 5 траўня 1862 г. у бітве пры Пуэбле мексіканцы пад камандаваннем генерала Ігнасія Сарагосы нанеслі сур’ёзную паразу французам. З гэтага часу дзень 5 траўня адзначаецца як нацыянальнае свята Мексікі.

Бітва пры Пуэбла. Аўтар Mike Manning, en.wikipedia.org
Тым не менш праз год, у траўні 1863 г., французскае войска пасля двухмесячнай аблогі здолела авалодаць Пуэблай. Гэтаму папярэднічала адна з самых славутых старонак у баявой гісторыі Французскага іншаземнага легіёну. Каб перахапіць абоз, які рушыў на дапамогу французам пад Пуэблай, мексіканцы накіравалі ў засаду на ягоным шляху каля 2000 чалавек. З імі сутыкнулася рота легіянераў (усяго — 65 чалавек, у тым ліку — тры афіцэры) пад камандай капітана Жана Данжу — ветэрана, які працягваў службу, нягледзячы на тое, што замест левай рукі ў яго быў драўляны пратэз. Не напалоханыя такім суаднясеннем сілаў, байцы Легіёну адхілілі прапанову аб здачы і прынялі бой. Яны разлічвалі адцягнуць увагу мексіканцаў ад абозу, пакуль не падыдуць французскія падмацаванні.
У тым баі ля асіенды Камарон 30 красавіка 1863-га загінулі 40 легіянераў (у тым ліку — два афіцэры), 18 чалавек атрымалі цяжкія раненні. Апошнія шэсць легіянераў, якія яшчэ маглі трымацца на нагах, расстраляўшы ўсе набоі, кінуліся на мексіканцаў у штыкавую атаку. У ёй легіянер Като засланіў сваім целам малодшага лейтэнанта Мадэ, атрымаўшы 19 куляў і загінуўшы на месцы. Мадэ таксама быў паранены і памёр праз тыдзень пасля бою.
Уражаныя мужнасцю легіянераў, мексіканцы зноў прапанавалі ім ганаровую капітуляцыю. Старэйшы па званні, капрал Філіп Мэн, пагадзіўся, пры ўмове, што мексіканцы акажуць дапамогу параненым і не нанясуць анікому з тых, хто застаўся жывым, аніякай шкоды. Камандзір мексіканцаў паабяцаў выканаць гэтыя патрабаванні. І слова стрымаў: ён уласнаручна застрэліў мексіканскага жаўнера, які раптоўна напаў на палонных. Сам Філіп Мэн, ветэран аблогі Севастопалю, пасля таго, як вызваліўся з палону, прыняў удзел у яшчэ некалькіх бітвах Мексіканскай вайны, а таксама ў франка-прускай вайне 1870-1871-га, пабываў у прускім палоне (адкуль уцёк) і аніводнага разу не быў паранены. Ён мірна памёр ва ўласным ложку. Але куля яго, усё ж, напаткала. Ужо пасля смерці. Падчас ганаровага салюту, дадзенага ў ягоную памяць на пахаванні героя, яна выпадкова прабіла труну.
Падзенне Пуэблы адкрыла французам шлях на Мехіка. Урад Хуарэса эвакуіраваўся са сталіцы незадоўга да ўступлення ў горад французскіх войскаў. Французы знайшлі вялікую колькасць прыхільнікаў сярод мексіканскіх кансэрватараў, якія нядаўна прайгралі лібералам падчас Вайны рэформы. Сярод тых, хто падтрымаў французскае ўварванне, быў і генерал Мірамон. Адзін з кансерватараў, генерал Альмонтэ, звярнуўся да мексіканцаў з маніфестам, у якім заклікаў падтрымаць дзеянні Францыі. У канцы чэрвеня была сфарміравана так званая Вярхоўная Хунта, якая складалася з 35 чалавек. 16 чэрвеня 1863-га яна абвясціла Альмантэ часовым прэзідэнтам, а 10 ліпеня было абвешчана аб стварэнні Мексіканскай імперыі, імператарам якой 10 красавіка 1864 г. стаў аўстрыйскі эрцгерцаг Максіміліян Габсбург.
Няшчасны шчаслівы чалавек
Фердынанд Максіміліян Ёзэф Марыя фон Габсбург-Латарынген паходзіў з нашчадкаў імператара Свёнтай Рымскай імперыі нямецкага народу Франца І і з’яўляўся родным братам імператара Аўстрыі (з 1867-га — Аўстра-Вугоршчыны) Франца-Ёзэфа І і дзядзькам эрцгерцага Франца-Фердынанда (таго самага, праз забойства якога пачалася І сусветная вайна). Ён быў чалавекам добрым, хоць і крыху недысцыплінаваным, што праяўлялася ў нястрыманым набыцці кнігаў і карцінаў, вялікм аматарам якіх быў малады Максіміліян. Жорсткае абыходжанне з удзельнікамі рэвалюцыі, ахапіўшай у 1848-м некалькі краінаў Еўропы, выклікала ў яго шок, які ён не хаваў ад сваіх каранаваных родзічаў. Бачыць яго ў будучыні на аўстра-вугорскім троне яны не гарэлі жаданнем. Затое для свецкіх колаў аўстрыйскай сталіцы ён заўжды быў улюбёнцам.

Імператар Мексікі Максіміліян І. Мастак Albert Gräfle, mexicana.cultura.gob.mx
Нечаканае шчасце, якое звалілася на ягоную галаву ў выглядзе прапановы мексіканскіх манархістаў, ён сустрэў з цікаўнасцю, і ў хуткім часе пагадзіўся зрабіцца імператарам заакіянскай краіны. 12 чэрвеня Максіміліян I і яго жонка, імператрыца Карлота, бельгійка з паходжання, уступілі ў Мехіка. І калі некалі французскаму каралю Генрыху IV Парыж каштаваў месы, мексіканскі трон каштаваў Максіміліяну крыху даражэй. Для пачатку, ягоны брат Франц-Ёзэф прымусіў яго падпісаць адмову ад любых прэтэнзіяў на аўстрыйскі трон. А 10 красавіка Максіміліян падпісаў гэтак званую Мірамарскую дамову, згодна з якой Мексіканская імперыя абавязалася заплаціць Францыі вялізную суму ў якасці кампенсацыі панесеных у ходзе інтэрвенцыі выдаткаў. Акрамя таго ён трапляў у поўную залежнасць ад Напалеона ІІІ (чаго апошні, уласна, і дамагаўся).
Пры ўсім гэтым Максіміліян падзяляў прагрэсіўныя ідэі, папулярныя ў той час на Захадзе. Ён быў гатовы падзяліцца сваёй уладай з дэмакратычна абраным парламентам, з ягонай падачы быў прыняты шэраг законаў, якія аблягчаюць становішча насельніцтва. Між іншым, ён планаваў увесці нацыянальную сістэму бясплатных школаў, а таксама — пражыткавы мінімум для мексіканскіх індэйцаў і абмежаванне на спадкаемнасць пазыкаў, што было ў той час для карэннага насельніцтва вялікай праблемай.
У яго паводзінах сталі праглядацца прыкметы мексіканскага нацыяналізму. Свае законы ён выдаваў не толькі на гішпанскай мове, але й на наўа — мове ўладароў астэцкай сталіцы Тэначтытляну. Ён шчыра жадаў дабра мексіканцам і, каб спыніць вайну, нават звярнуўся да Хуарэса з прапановай заняць пасаду прэм'ера ў імперскім урадзе.
Бясслаўны канец імперый
Хуарэс праігнараваў гэты зварот, паколькі лібералы ў прынцыпе не прымалі манархічны рэжым, а кансерватары былі шакаваныя ліберальнымі настроямі Максіміліяна. У выніку імператар апынуўся практычна ў ізаляцыі.
На фоне росту супраціву з боку рэспубліканцаў Хуарэса, манархісты прымусілі Максіміліяна выдаць 3 кастрычніка 1865-га жорсткі па сваім змесце указ, вядомы як «Чорны дэкрэт». Згодна з ім любы чалавек, які ўдзельнічае ў вайне супраць манархістаў і французаў, у выпадку траплення ў палон, падлягаў неадкладнаму расстрэлу. У адпаведнасці з гэтым дэкрэтам былі пакараныя смерцю рэспубліканскія генералы Артэага і Саласар.
Але нават такія меры не дапамаглі манархістам выйграць вайну. У красавіку 1865-га скончылася грамадзянская вайна ў ЗША. Урэшце, амерыканцы атрымалі магчымасць прыгадаць пра сваю Дактрыну. Акрамя таго, што рэспубліканцы Хуарэса атрымалі вялікую суму грошай на вядзенне вайны (зноўку, у выглядзе пазыкаў), па Мексіцы папаўзлі чуткі, што на баку мексіканцаў вось-вось выступіць амерыканскае войска на чале з генералам Шэрманам.
Хоць амерыканцы войска не даслалі, адных чутак хапіла, каб сярод манархістаў пачаліся сумненні і ваганні, а ўваслед за імі — і дэзерцірства. Падтрымка Мексіканскай імперыі цяпер пачала нятанна каштаваць ужо самому Напалеону ІІІ. Супаставіўшы свае магчымасці з сваімі жаданнямі, імператар Францыі зрабіў выбар не на карысць напалеонаўскіх планаў. Праект «Мексіканская імперыя» было вырашана закрыць. А дакладней, кінуць на волю лёсу.
У сакавіку 1867-га французскія войскі былі эвакуіраваны з Мексікі. Пасля іх краіну пачалі пакідаць аўстрыйскія і бельгійскія добраахвотнікі. Становішча імперыі зрабілася крытычным. Максіміліян разам са сваімі прыхільнікамі, у ліку якіх быў і былы лідар кансерватараў часоў Вайны рэформы Мірамон, пакінуў сталіцу і ўцёк у Керэтара. Там яго блакіравалі войскі рэспубліканцаў.
Двойчы — 27 красавіка і 11 траўня — ён спрабаваў вырвацца з колца, але абедзве спробы завяршыліся правалам. 15 траўня Керэтара быў узяты рэспубліканцамі. Максіміліян трапіў у палон і паўстаў перад трыбуналам. Пры вынясенні прысуду суддзі арыентаваліся на дэкрэт, выдадзены Хуарэсам яшчэ ў студзені 1862 г., паводле якога ўсе мексіканцы, роўна як і замежнікі, якія здзейснілі злачынствы супраць незалежнасці і бяспекі Мексікі, падлягалі смяротнаму пакаранню. Узгадалі Максіміліяну і «Чорны дэкрэт».
Былы імператар быў прыгавораны да расстрэлу. Да Хуарэса з просьбай памілаваць Максімілана звярнуліся такія вядомыя і паважаныя людзі як Віктар Гюго і Джузэпэ Гарыбальдзі. Тым не менш 19 чэрвеня 1867-га прысуд быў прыведзены ў выкананне. Разам з Максіміліянам былі пакараныя смерцю генералы манархістаў Мірамон і Мехія.

Пакаранне смерцю Максіміліяна І. Крыніца wikimedia.org
Гэтым завяршылася другая і апошняя спроба ператварыць Мексіку ў манархію.
Для Французскай імперыі крах заакіянскага праекту быў адным з элементаў няўдалай знешняй палітыкі Напалеона ІІІ. Ён пасварыўся з Расіяй, падтрымаўшы студзеньскае паўстанне 1863-га. Чаго не зрабіла Прусія, якая, наадварот, дзеянні расійскага ўраду ў Польшчы, Беларусі і Літве падтрымала. У Прусіі ў той час галоўным палітыкам быў Ота фон Бісмарк. У яго таксама былі напалеонаўскія планы па аб’яднанні ўсіх нямецкіх земляў пад уладай аднаго манарха. Узвышэнне гэтага небяспечнага канкурэнта Напалеон «прахлопаў». Ён ня здолеў прадбачыць перамогу Прусіі ў вайне з Аўстрыяй у 1866-м. У наступным годзе ён, праз інтрыгі Бісмарка, упусціў магчымасць далучыць да Францыі Люксембург.
Урэшце, у 1870-м пачалася вайна паміж Францыяй і Прусіяй. У верасні таго году французская армія была разбітай у бітве пры Седане. І цяпер ужо сам Напалеон ІІІ трапіў у палон. Хоць прусакі і не расстралялі яго, як мексіканцы Максіміліяна, але ў Парыжы супраць яго ўзнялася рэвалюцыя. У выніку французы адрынулі манархію і абвесцілі аб заснаванні Трэцяй рэспублікі. Болей манархіяў ува Францыі не было. Былому імператару давялося накіравацца ў выгнанне ў Лондан. Там ён і памёр 9 снежня 1873-га.

Напалеон ІІІ. William & Daniel Downey
А на іншым баку акіяна рэспубліканцы святкавалі сваю перамогу. Хуарэс, прэзідэнцкія паўнамоцтвы якога былі працягнутымі яшчэ падчас вайны, зноў перамог на выбарах на вышэйшую пасаду ў краіне ў 1867-м, а потым — яшчэ раз, у 1871-м. Праз год пасля гэтага ён памёр на сваім працоўным месцы — у прэзідэнцкім фатэлі.
У наш час у шматлікіх гарадах свету стаяць помнікі гэтаму чалавеку, які, нягледзячы на свой маленькі рост (усяго 137 см — самы маларослы кіраўнік незалежнай дзяржавы ў гісторыі), праз агромністыя ўпартасць, мужнасць і розум абараніў сваю дзяржаву ад навалы і паклаў пачатак існаванню сучаснай Мексікі. А ў горадзе Мехіка цэнтральны праспект носіць назву «Рэформа» — у гонар тых высілкаў Хуарэса, якія паклалі пачатак сучаснай Мексіцы. Сам праспект, дарэчы, быў пракладзены па загадзе Максіміліяна І і зваўся першапачаткова «праспектам Каралевы».
Праўда, ідэальных палітыкаў не бывае, як бы нам не хацелася верыць у адваротнае. Хуарэс, нягледзячы на сваю адданасць канстытуцыі, усё ж дапускаў яе парушэнні. З свайго боку. Як і Напалеон ІІІ. У прыватнасці, канстытуцыя забараняла адной і той жа персоне займаць два тэрміны запар. Хуарэс гэтай нормы, як бачым, не прытрымліваўся.
Ён жа з’яўляецца аўтарам знакамітай фразы: «Маім сябрам будуць амністыі, маім ворагам — увесь цяжар закону». Па сутнасці, «падчас не да законаў». Зусім не выпадкова гэтую фразу прыпісваюць іншаму Бэніта — Мусаліні, каб адлюстраваць асаблівасці фашызму. Гэтую ж фразу ня так даўно працытаваў адзін з расійскіх буйных прадпрымальнікаў, звяртаючыся да Пуціна. Цяпер асоба Хуарэса выглядае для нас не такой ужо адназначна станоўчай, ці не так?
Не дзіўна, што Хуарэс не здолеў закласці надзейных падмуркаў і ў развіццё дэмакратыі ў сваёй краіне. Таму пасля ягонай смерці Мексіка пагрузілася на доўгія гады ў дыктатуру Прафірыя Дыяса – вучня і паплечніка Хуарэса. Яму не трэба было абвяшчаць сябе імператарам: ягоная ўлада й без таго была куды шырэйшая за ўладу Максіміліяна. Але гэта ўжо іншая гісторыя.