Пужалка амерыканскага імперыялізму для савецкіх грамадзян. Сёння Дактрыне Манро — 200 гадоў
2 снежня 1823-га пяты прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Джэймс Манро ў сваім пасланні нацыянальнаму кангрэсу агучыў прынцыпы, на якія мусіць абапірацца знешняя палітыка ЗША. Мала заўважная на першых этапах свайго існавання, у далейшым гэтая дактрына пакінула вялікі ўплыў на гісторыю і ў значнай ступені спрычынілася да фармавання сучаснага свету.
![Прэзідэнт ЗША Джэймс Манро на пасяджэнні Кабінета міністраў у 1823 годзе, на якім абмяркоўваецца дактрына Манро. Аўтар Clyde O. DeLand Прэзідэнт ЗША Джэймс Манро на пасяджэнні Кабінета міністраў у 1823 годзе, на якім абмяркоўваецца дактрына Манро. Аўтар Clyde O. DeLand](/img/v1/images/james_monroe_cabinet.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прэзідэнт ЗША Джэймс Манро на пасяджэнні Кабінета міністраў у 1823 годзе, на якім абмяркоўваецца дактрына Манро. Аўтар Clyde O. DeLand
За савецкім часам гэтая дактрына лічылася за хрэстаматыйны прыклад амерыканскага імперыялізму. І хоць зерне імперыялізму там, сапраўды, было, але, як модна цяпер казаць, «не ўсё так адназначна». Дактрына Манро была, перш за ўсё, спробай абараніць сябе і сваіх суседзяў па кантынентах ад імперыялістычных памкненняў іншых дзяржаў.
Вялікія праблемы маладой дзяржавы
Вайна за незалежнасць у канцы XVIII стагоддзя хоць і прынесла свабоду былым брытанскім калоніям у Паўночнай Амерыцы, але каштавала вельмі дорага. Чалавечыя страты дасягалі 9% насельніцтва. Эканоміка знаходзілася ў глыбокім заняпадзе. Да гэтага дадаваліся праблемы, якія ўтвараў брытанскі ваенны флот амерыканскаму марскому гандлю. І ня тое, каб брытанцаў цікавілі амерыканскія тавары. Каралеўскі флот меў іншы інтарэс: гвалтоўную вярбоўку амерыканскіх мараходаў у свае экіпажы, у якіх на фоне вайны з напалеонаўскай Францыяй адчувалася вялікая нястача людскіх рэсурсаў. Брытанцам катастрафічна бракавала людзей для вядзення вайны на моры, і гэтую нястачу яны кампенсавалі праз захоп амерыканскіх гандлёвых мараходаў.
Гэтыя ды іншыя крыўды, якія наносілі брытанцы грамадзянам Злучаных Штатаў, а таксама праблемы з межамі (асабліва на поўначы — у раёне Вялікіх Азёраў) прывялі да таго, што 18 чэрвеня 1812-га, за шэсць дзён да таго, як на іншым канцы свету Напалеон атакаваў Расію, ЗША абвясцілі вайну Брытаніі. Хоць яна і ўвайшла ў гісторыю, як Вайна 1812-га, расцягнулася яна аж да пачатку 1815-га.
Крыві ў той вайне было шмат, чаго нельга казаць наконт сэнсу. Мала хто разумеў, якія мэты стаяць перад удзельнікамі канфлікту. Амерыканскія войскі некаторы час, увогуле, лічылі, што яны ваююць супраць індзейцаў, а не брытанцаў. А сваю самую славутую перамогу (разгром брытанскага экспедыцыйнага корпусу пад Новым Арлеанам) амерыканцы атрымалі ўжо пасля падпісання мірнай дамовы. Праблема была ў тым, што дамова гэтага была падпісана ў бельгійскім Генце, і яе проста не паспелі даставіць у Паўночную Амерыку да пачатку бітвы.
Вайна завяршылася захаваннем статус-кво, то-бок не вызначыла пераможцу. Брытанцы працягнулі чыніць крыўды маладой амерыканскай дзяржаве. Злучаныя Штаты ўсё яшчэ заставаліся ў сітуацыі эканамічнага крызісу, а пытанне рабаўладання ўжо тады пагражала нацыі расколам — ня самыя лепшыя пазіцыі для моцнай знешняй палітыкі.
Глядзіце таксама
![Як Амерыка выціснула з сябе рабства Як Амерыка выціснула з сябе рабства](/img/v1/images/emancipation.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
А тут яшчэ дадаліся новыя праблемы: Францыя, якая аднавіла манархію і інтарэс да калоній у Новым Свеце, і Расія, якая бадзёра білася аб скалы ўзбярэжжа Аляскі і навакольных выспаў, каб замацаваць на іх свае апорныя пункты і рушыць далей у паўднёвым кірунку. У такой сітуацыі пытанне, як далей будаваць сваю знешнюю палітыку, набыло вялікую актуальнасць для амерыканскіх палітыкаў, якія таксама трымалі ў галовах перспектывы ўжо ўласнай экспансіі ў розных кірунках Паўночнаамерыканскага кантыненту.
Перспектывы свяшчэнных мізальянсаў
Магчымай опцыяй у такой сітуацыі было б заключэнне альянсу з якой-небудзь моцнай еўрапейскай краінай, каб сумеснымі высілкамі вырашаць узніклыя праблемы. Але праблемы ўзнікалі ўжо на моманце самой задумкі: надта розныя былі ня толькі інтарэсы, але й дзяржаўныя лады. Дэмакратычнай рэспубліцы Злучаных Штатаў было вельмі цяжка знайсці агульную мову з дыктатарскімі манархіямі Еўропы.
Французы, аднавіўшы дынастыю Бурбонаў, планавалі пакрыць манархіямі тэрыторыю Гішпанскай Амерыкі, дзе ў той момант ішла вайна за незалежнасць. У прыватнасці, у іхніх планах было ўсталяваць манархію ў Аб’яднаных правінцыях Рыё дэ ля Пляты (будучая Аргенціна). Гэтыя планы йшлі насуперак ідэалам і каштоўнасцям Злучаных Штатаў. Ды й французы самі разумелі, што ЗША на іхнім шляху — гэта перашкода, а не патэнцыйны саюзнік.
Дзіўным чынам, расійскі цар Аляксандр І даволі па-сяброўску ставіўся да маладой амерыканскай дэмакратыі і нават выказваў спадзяванні, што ЗША з цягам часу далучацца да Свяшчэннага Альянсу. Той быў заключаны ў 1815-м паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй, а ў далейшым аб’яднаў вакол сябе і іншыя манархіі Еўропы. Але дзіўна было спадзявацца на такое, улічваючы, што галоўнай мэтай гэтага супер кансерватыўнага альянсу з’яўлялася спыненне распаўсюду лібералізму і секулярызму — тых каштоўнасцяў, якіх прытрымліваліся паўночныя амерыканцы. Як сведчаць дакументы той эпохі, расійскі цар проста кепска ўяўляў, на якіх прынцыпах трымалася палітычная мадэль Злучаных Штатаў.
Глядзіце таксама
![Не толькі ленд-ліз і "ножкі Буша". Як Захад ратаваў Расійскую імперыю, а потым і СССР Колькі разоў Захад ратаваў «Магутную краіну», або Пра што маўчаць вялікадзяржаўныя падручнікі](/img/v1/images/tyzer_logo.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Да таго ж, памкненне Расіі замацаваць за сабой манапольнае права на карыстанне ўсімі «нішцякамі» (такімі як лоўля рыбы, паляванне на кітоў, гандаль пушнінай) паўночна-заходняга ўзбярэжжа да 51 градусу паўночнай шыраты, ішло насуперак памкненням амерыканцаў. У адказ на гэты крок расійскага цара, Джон Кўінсі Адамс — былы амбасадар ЗША ў Расіі, будучы (шосты) прэзідэнт ЗША, а ў той час — дзяржсакратар і адзін з асноўных аўтараў Дактрыны Манро — пісаў: «Злучаныя Штаты ня могуць прызнаць аніводнай часткі гэтых прэтэнзіяў».
У такой сітуацыі, калі з-за акіяну даносілася драпежнае шчоўканне зубоў імперыялістычных манархіяў, паўночным амерыканцам заставалася адно што абіраць нейтралітэт. Ён дазваляў пазбегнуць дзіўнага палітычнага мізальянсу паміж лібераламі і якой-небудзь тыраніяй (ці, нават, групай тыраніяў). Больш за тое, нейтралітэт здымаў рызыку быць уцягнутымі ў чарговую еўрапейскую заваруху, на якія той кантынент, як добра ведалі амерыканцы, быў надта багатым.
Мы не чапаем вас, а вы не чапайце нас
У кастрычніку 1823-га былы прэзідэнт ЗША Томас Джэферсан у сваім лісце да Манро, для якога ён быў несумнеўным аўтарытэтам, вызначыў два пункты, якія падаваліся яму найбольш істотнымі для амерыканскай знешняй палітыкі. Першае: ня лезці ва ўсе гэтыя еўрапейскія замутні. Другое: не дапускаць, каб Еўропа ўмешвалася ў заакіянскія справы.
Калі Манро крыху больш чым праз месяц агучваў тэкст Дактрыны, акцэнт у ім быў зроблены менавіта на гэтых прынцыпах. Дактрына фармулявалася наступным чынам:
усе часткі Амерыканскіх кантынентаў, якія ўжо здабылі (ці здабудуць) сваю свабоду, ня могуць быць аб’ектамі каланізацыі для еўрапейскіх дзяржаў. З свайго боку, Злучаныя Штаты бяруць на сябе абавязак трымаць нейтралітэт у дачыненні ўсіх унутрыеўрапейскіх канфліктаў.
Такім чынам, праз Атлантыку праводзілася мяжа, непераадольная для ваенных экспедыцыяў. Бот еўрапейскага жаўнера ня мусіў больш ступаць на тэрыторыі свабодных дзяржаваў Новага Свету, але й амерыканцы не маглі накіроўваць свае войскі ў Еўропу, Пры гэтым, праўда, амерыканцы пагаджаліся з існаваннем тых еўрапейскіх калоніяў у Новым Свеце, якія утварыліся раней і працягвалі заставацца пад уладай адпаведных дзяржаваў.
![Тэкст Дактрыны Манро. Крыніца damchicago.com Тэкст Дактрыны Манро. Крыніца damchicago.com](/img/v1/images/c2af58e_monroe_doctrine_txt.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Тэкст Дактрыны Манро. Крыніца damchicago.com
Істотным было не толькі тое, што амерыканцы «бралі самаадвод» у праве быць часткай еўрапейскай палітыкі, але і тое, што яны бралі пад свае гарантыі бяспеку тых маладых дзяржаў Лацінскай Амерыкі, якія ці толькі што набылі незалежнасць, ці былі ў працэсе яе набыцця. Гэта давала магчымасць лацінаамерыканскім краінам спадзявацца на абарону з боку Злучаных Штатаў, калі іхняя былая метраполія вырашыць аднавіць над імі сваё панаванне.
Праўда, у той час у саміх Злучаных Штатаў было ня так шмат рэсурсаў для забеспячэння функцыянавання сваёй дактрыны. Перавагай амерыканцаў, перш за ўсё, было тое, што ад галоўных ворагаў/канкурэнтаў іх аддзялялі вялікія водныя абшары. З іншага ж боку, баявой моцы маладога амерыканскага флоту было відавочна замала дзеля ўтрымання абароны амерыканскага ўзбярэжжа ад еўрапейскіх драпежнікаў.
Тут нечакана ім на дапамогу прыйшлі старыя ворагі — брытанцы. Вось бывае так у гісторыі (і досыць часта), што жорсткая варожасць саступае месца калі не сяброўству, дык шчыльнай супрацы. Так было, напрыклад, пасля Імджынскай вайны паміж Японіяй і Карэяй у канцы XVI стагоддзя. Ці ўжо ў ХХ стагоддзі паміж той жа Японіяй і Злучанымі Штатамі. Падавалася б, усе жарсці, зверствы, крыўды і злачынствы вайны мусяць надоўга пасяліць варожасць адзін да аднаго. Але ж праходзіць зусім ня шмат часу, і былыя ворагі робяцца блізкімі саюзнікамі, без антыпатыі адзін да аднаго. Праўда, дзеля справядлівасці, бываюць і іншыя сітуацыі. Кітай дагэтуль ня можа дараваць японцам таго, што яны нарабілі ў першай палове мінулага стагоддзя.
У дадзеным жа выпадку інтарэсы брытанцаў супадалі з інтарэсамі паўночных амерыканцаў. Ім таксама не было патрэбным, каб нехта з Старога Свету пачаў аднаўляць старыя валоданні ці набываць новыя. І брытанскі флот быў ня самай кепскай гарантыяй няўмяшальніцтва еўрапейскіх дзяржаў у заакіянскія справы. Хоць падставай для гэтага была не прыязнасць брытанцаў да агучанай Дактрыны, а менавіта супадзенне інтарэсаў.
Дактрына на практыцы
За межамі ЗША Дактрыну не заўважалі яшчэ гадкоў 30 пасля таго, як Манро яе агучыў. Самі амерыканцы, канечне, з кожнай нагоды прыгадвалі гэтую канцэпцыю. У прыватнасці, у 1845-м прэзідэнт Джэймс Полк згадваў яе ў працэсе спрэчак з Брытаніяй наконт Арэгонскай тэрыторыі. Але еўрапейскія дзяржавы не гублялі магчымасцяў падражніць Злучаныя Штаты і ўмяшацца ў справы Амерыканскіх кантынентаў.
Найбольш істотнай падзеяй у сувязі з гэтым была, канечне, арганізаваная Францыяй інтэрвенцыя еўрапейскіх дзяржаў у Мексіку ў 60-х гадах ХІХ стагоддзя. Нягледзячы на адчайную апеляцыю дзяржсакратара Сьюарда да Дактрыны, французы нават здолелі скінуць рэспубліканскі мексіканскі ўрад і на некаторы час ажыццявіць сваю мару: зрабіць з Мексікі імперыю (ня першую, праўда, у гісторыі гэтай краіны).
Адзінае што, Злучаным Штатам тады было не да абароны Мексікі, бо яны былі цалкам пагружанымі ва ўласную грамадзянскую вайну. Затое калі яна скончылася, мексіканскія лібералы-рэспубліканцы атрымалі ад амерыканцаў значную дапамогу, у тым ліку, зброяй. Вынік інтэрвенцыі быў сумны: французы прыбраліся з кантыненту, а іхні стаўленік імператар Мексікі Максіміліян Габсбург быў расстраляны мексіканцамі.
Дарэчы, ня варта забываць, што самі ЗША не цураліся ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы лацінаамерыканскіх краін. Дактрыне Манро гэта не супярэчыла. У той жа Мексіцы амерыканцы «адціснулі» Тэхас і іншыя значныя тэрыторыі. А ў пачатку ХХ стагоддзя Тэадор Рузвельт дадаў да Дактрыны сваю знакамітую выснову, якая давала магчымасць Злучаным Штатам выкарыстоўваць вайсковую сілу дзеля «навядзення парадку» ў тых краінах Лацінскай Амерыкі, урады якіх паводзяць сябе «безадказна» і тым самым утвараюць падставы для ўмяшальніцтва з боку еўрапейскіх дзяржаў. Падставай для высновы быў Венесуэльскі крызіс (1902-1903), калі еўрапейцы спрабавалі прымусіць тагачаснага прэзідэнта Венесуэлы расплаціцца па пазыках.
Гэтая палітыка амерыканцаў нарадзіла шмат негатыву ў іхні адрас з боку лацінаамерыканцаў. Што, нягледзячы на значныя высілкі з боку першых, працягвае адчувацца дагэтуль.
Затое амерыканцы трымаліся цвёрда прынцыпу няўмяшальніцтва ў еўрапейскія справы. Не, паваяваць з еўрапейцамі за калоніі — гэта норм. У выніку амерыкана-гішпанскай вайны 1898-га гішпанцы згубілі (а амерыканцы, адпаведна, набылі) калонію Філіпіны. Акрамя таго, незалежнасць атрымала Куба. Ды й паўдзельнічаць у заварушках у Азіі — таксама можна (першая амерыкана-карэйская вайна і ўдзел у задушэнні баксёрскага паўстання ў Кітаі). Але ж гэта — на іншых кантынентах. У Еўропу — ні нагой!
Такая прынцыповасць зрабілася праблемай для старых саюзнікаў — брытанцаў. Падчас Першай сусветнай яны шмат высілкаў прыклалі, каб прымусіць амерыканцаў парушыць Дактрыну і ўмяшацца ў Вялікую вайну. Па выніку ў іх гэта атрымалася. Якім чынам — асобная дэтэктыўная гісторыя, у якой нямецкія і брытанскія інтрыгі перапляліся з Мексіканскай рэвалюцыяй.
Некаторыя лічаць, што менавіта на гэтым можна ставіць кропку ў функцыянаванні Дактрыны Манро. Але і да Другой сусветнай амерыканцы падышлі з тымі ж настроямі на нейтралітэт. І хто яго ведае, што б было, каб не атака японцаў на Пёрл-Харбар. Праўда, і пасля яе ў некаторых амерыканцаў узнікалі пытанні: чаму гэта Злучаныя Штаты напалі на Гітлера, калі ён на іх не нападаў?
Яшчэ адной рысай, якую можна было б падвесці пад Дактрынай, была дактрына Трумана, прынятая пасля Другой сусветнай і накіраваная на стрымліванне распаўсюду камуністычных рэжымаў ва ўсіх частках свету. Плюс — актыўны ўдзел ЗША ў вайсковым саюзе — НАТО, што, канечне, ідзе насуперак прынцыпам Дактрыны. У той жа час, варта адзначыць, амерыканцы не забываліся і пра развіццё міждзяржаўных арганізацыяў у рамках Новага Свету. Больш за тое, раней за НАТО была ўтворана магутная і ўплывовая Арганізацыя Амерыканскіх Дзяржаў, і некаторыя прынцыпы ейнага функцыянавання былі запазычаны для напісання натаўскага статуту. У прыватнасці — прынцып аб калектыўнай абароне.
Глядзіце таксама
![Дактрына Трумэна: што гэта? Дактрына Трумэна: падтрымка тых, каму пагражае Масква](/img/v1/images/gettyimages2666858_94ff777.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Ня варта забываць і трампаўскае: «Зробім Амерыку зноў вялікай!» Гэты лозунг і ягоная папулярнасць, якая дазволіла Трампу абрацца на пасаду прэзідэнта, прымушае прызнаць, што прынцыпы Дактрыны працягваюць жыць у галовах амерыканцаў. І хто яго ведае, ці не зробімся мы ў бліжэйшы час сведкамі ейнага адраджэння.