Колькі разоў Захад ратаваў «Магутную краіну», або Пра што маўчаць вялікадзяржаўныя падручнікі
Тое, што ў Вялікай дзяржаве на 1/7 сушы, у імперыі «ад мора да мора», у краіне з чарназемнымі абшарамі, у дзяржаве з самымі высокімі экспартовымі абаротамі збожжа, сыравіны і рознай прадукцыі, рэгулярна здараўся голад або эканамічны калапс — гістарычны факт. Як і гістарычным ёсць факт, што «ўставанне з (галодных) каленяў» у такія часы адбывалася зусім не дзякуючы «адзінаму народнаму парыву» і магутнай ролі партыі ці правадыра.

Як атрымалася, што на працягу стагоддзя носьбітку «традыцыйных каштоўнасцяў» выцягвала з чорных нетраў чарговай катастрофы такая ненавісная і падступная «моцная рука Захаду»? Чаму тыя самыя «англасаксы», што на Брытанскіх выспах, што на Паўночна-Амерыканскім кантыненце, замест таго, каб адбіраць «нетры, багацці і капіталы», рабілі адваротнае — давалі раз за разам шанец «вялікаскрэпнай» аднавіцца і выйсці на цывілізацыйны шлях?
Крызіс не для школьных падручнікаў: Голад 1891-1892 гг.
У 1891 годзе ў раёнах Чарназем'я і Сярэдняга Паволжа (тэрыторыя 17 губерняў) здарыўся наймацнейшы неўраджай (па некаторых ацэнках, спад быў на чвэрць ад мінулых перыядаў). Рэгіёны са шчыльным насельніцтвам у 30-36 мільёнаў чалавек і нізкай вытворчасцю сялянскіх гаспадарак апынуліся ў вельмі незайздросным становішчы. А ў мясцовых ўладаў, якія на такія выпадкі павінны былі ствараць рэзервы, раптам выявілася, што запасаў збожжа няма. Наступствы праявіліся амаль імгненна — крызіс, голад, беспрацоўе, разруха, эпідэміі тыфу і халеры, смерці людзей і паморак скаціны. Цэны на прадукты харчавання паўсюдна выраслі, а попыт і цэны на працу сялян у зоне неўраджаю — панізіліся. Дзяржава і тут вырашыла падзарабіць, арганізаваўшы «збожжавыя пазыкі»: збожжа пазычалася сельскім таварыствам, якія, у сваю чаргу, выдавалі яго ў пазыку найбольш пацярпелым сем’ям.

Раздача «збожжавай пазыкі» сялянам Княгінінскага уезда Ніжагародскай губ., 1891-1892 гг. Фота М. П. Дзмітрыева
Зразумела, над гэтай сістэмай размеркавання вісеў яшчэ і агромністы чыноўны апарат, які таксама трэба было карміць… Пачаліся «прыпіскі» на месцах і «абрэзкі» просьбаў наверсе. У найбольш галодныя вясновыя месяцы 1892 года «збожжавую пазыку» атрымала каля 11,85 млн чалавек. Праз жорсткую цэнтралізацыю дапамогі, абыякавае стаўленне да яе на месцах, нерэгулярную дастаўку чыгункай, кошт збожжа толькі павялічваўся. Неабыякавая частка расейскага грамадства спрабавала арганізаваць дабрачынныя таварыствы, але і тут дзяржава паспрабавала ўзяць працэс пад свой кантроль.

Адна з вясковых хат у Ніжагародскай губ., 1891-1892 гг. Фота М.П. Дзмітрыева. Хата засталася без даху, бо салому з яе скармілі буйной скаціне — тыповы селянін не ўяўляў сабе гаспадаркі без каровы ці каня, і замест таго, каб, забіўшы скаціну на мяса, самому выжыць, да апошняга яе адкормліваў…
Па падліках прыблізна да 500 тысяч чалавек памерла ад голаду і жабрацтва. Не апошнюю ролю ў крызісе адыграла традыцыйная сялянская кругавая парука, нізкатэхналагічныя вясковыя гаспадаркі, злоўжыванні ад пераразмеркавання збожжа і пазыкаў. Па меркаванні даследчыкаў, негатыўнае збольшага стаўленне грамадства да арганізацыі дзяржаўнай дапамогі стварыла першыя перадумовы незадаволенасцю самаўладдзем.
Ахвяр магло быць значна больш, а эканамічны калапс мог бы мець і ўвогуле катастрафічныя наступствы, калі б не роля «злавесных ЗША»…

"Крайнасці збліжаюцца" (1863 г.)
Дзеля праўды, трэба адзначыць, што ў ХІХ ст. адносіны ЗША і Расейскай імперыі не выглядалі варожымі. На некаторы час абедзве краіны нават аб’яднаў агульны інтарэс па выцісканні Брытанскай імперыі з рэгіёнаў, дзе планавалі ўладарыць самі «хаўруснікі-у-абставінах». Брытанская карыкатура "Крайнасці збліжаюцца" (1863 г.) паказвае цара Аляксандра і прэзідэнта Лінкальна, якія засталіся без палітычнай падтрымкі іншых дзяржаў, сам-насам са сваімі ўнутранымі праблемамі — Грамадзянскай вайной у ЗША і паўстаннем насельнікаў былой Рэчы Паспалітай у Расейскай імперыі. Цяпер яны паціскаюць адзін аднаму рукі, як вымушаныя сябры.
Для аказання гуманітарнай дапамогі пачынаючы са снежня 1891-га па ініцыятыве губернатараў штатаў Мінесота, Небраска, Аёва, Пенсільванія былі арганізаваны камітэты дапамогі галадоўнікам; у Нью-Ёрку быў таксама створаны камітэт. У студзені 1892-га распачаў працу каардынацыйны цэнтр гэтага гуманітарнага руху — Нацыянальны камітэт дапамогі расійскім галадоўнікам, які фінансаваўся на грамадскія сродкі. У кампаніі бралі ўдзел практычна ўсе прадстаўнікі амерыканскага грамадства, розныя арганізацыі, амерыканскае таварыства Чырвонага Крыжа; праводзіліся дабрачынныя канцэрты і спектаклі.

Улётка дабрачыннай лекцыі аб голадзе ў Расеі на збор сродкаў у дапамогу пацярпелым, шт. Аёва, 1892 г.
Быў сфарміраваны так званы «Флот голаду» (Famine Fleet) — 5 параходаў з пшанічнай і кукурузнай мукой і збожжам, гароднінай, садавіной, медыкаментамі і адзеннем. Караблі прыбылі ў Расію ў сакавіку-ліпені 1892 года.

Айвазоўскі І. К. «Карабель дапамогі», 1892 г. Палатно захоўваецца ў вашынгтонскай галерэі Каркарана
Пенсільванскі камітэт адправіў параход «Indiana», які даставіў 1900 тон харчавання, і карабель «Conemaugh» з 2500 тонамі харчавання. Параход «Missouri» ад камітэтаў Мінесоты і Небраскі даставіў 2800 тон збожжа і кукурузнай мукі. Камітэт Аёвы сабраў 3375 тон харчавання і на ўласныя сродкі зафрахтаваў да Рыгі карабель «Tynehead». Апошні параход, «Leo», быў адпраўлены з Нью-Ёрка ў Пецярбург 13 чэрвеня 1892 года і даставіў 2200 тон харчавання. Цэсарэвіч Мікалай, а таксама ўлады Пецярбурга і Масквы зладзілі прыёмы ў знак падзякі амерыканскай дэлегацыі.
![Ілюстрацыя з выдання «The Christian Herald», 15 чэрвеня 1892 г., з подпісам «Параход з расейскай дапамогай «Leo» нагружаецца для Санкт-Пецярбурга». [З партрэтамі доктара Толмаджа, рэдактара, і Луіса Клопша, выдаўца — арганізатараў дастаўкі]. Ілюстрацыя з выдання «The Christian Herald», 15 чэрвеня 1892 г., з подпісам «Параход з расейскай дапамогай «Leo» нагружаецца для Санкт-Пецярбурга». [З партрэтамі доктара Толмаджа, рэдактара, і Луіса Клопша, выдаўца — арганізатараў дастаўкі].](/img/v1/images/mal_6_christianheralds.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыя з выдання «The Christian Herald», 15 чэрвеня 1892 г., з подпісам «Параход з расейскай дапамогай «Leo» нагружаецца для Санкт-Пецярбурга». [З партрэтамі доктара Толмаджа, рэдактара, і Луіса Клопша, выдаўца — арганізатараў дастаўкі].
Многія кампаніі і грамадзяне ЗША бясплатна аказалі паслугі па транспарціроўцы сабраных грузаў як па тэрыторыі ЗША, так і да Расіі. Напрыклад, чыгуначныя кампаніі бясплатна і па-за графікам прапускалі цягнікі з харчаваннем; суднаходныя кампаніі падалі караблі «Indiana», «Conemaugh» і «Missouri» без аплаты фрахта; партовыя грузчыкі і маракі прапанавалі свае бясплатныя паслугі; уладальнікі прадуктовых і бакалейных крамаў забяспечылі экіпаж «Індыяны» бясплатным харчаваннем на суму 75 000 долараў; тэлеграфныя кампаніі бясплатна перасылалі паведамленні, што моцна аблягчала дзейнасць камітэтаў. Апроч адпраўленага ў Расію харчавання грамадзянамі ЗША (таксама па прыватнай ініцыятыве) для дапамогі галадоўнікам было сабрана прыблізна 150 тыс. даляраў.

Айвазоўскі І.К. «Раздача збожжа» , 1892 г. Палатно захоўваецца ў вашынгтонскай галерэі Каркарана
Агульны кошт гуманітарнай дапамогі, прадстаўленай ЗША ў 1892 годзе, ацэньваецца ў суму каля 1 млн долараў ЗША (прыблізна 30 мільёнаў долараў у сённяшнім эквіваленце).
Маленькая і… беданосная. Наступствы расейска-японскай вайны 1904-1905 гг.
За час непапулярнай вайны эканамічныя цяжкасці, якія і раней адчувала царская Расія, значна абвастрыліся. У шэрагу галін прамысловасці пачаўся застой, які быў выкліканы скарачэннем крэдытаў з боку замежных банкаў. Жыццё ў краіне падаражэла, праз што асабліва ўзмацніліся бедствы працоўнага люду. У сувязі з ваеннымі няўдачамі і эканамічным становішчам рэвалюцыйная хваля пачала ўздымацца ўсё вышэй і вышэй.

Антырасійская сатырычная карта, падрыхтаваная японскім вучнем Універсітэта Кэйо падчас руска-японскай вайны
Параза пад Мукдэнам і разгром пры Цусіме яшчэ больш абвастрылі ўсе супярэчнасці ў краіне і грамадстве. У многіх гарадах адбыліся забастоўкі і хваляванні сярод рабочых. Разрастаўся сялянскі рух, які ў шэрагу месцаў аб’ядноўваўся з працоўным. Пачасціліся выпадкі хваляванняў і паўстанняў у войску і на флоце — напрыклад, у чэрвені 1905 г. у Чарнаморскім флоце адбылося знакамітае паўстанне на браняносцы «Пацёмкін», які адкрыта перайшоў на бок рэвалюцыі.

Знакамітае палатно расійскага мастака В. В. Верашчагіна «Апафеоз вайны», створанае яшчэ ў 1874 г., сімвалічнае ў многіх сэнсах. Прайшоўшы не адну вайну, але не дзеля вайсковай кар’еры (ад званняў і чыноў мастак адмаўляўся ўсё жыццё), Верашчагін, які пазіцыянаваў сябе не афіцэрам, але «сведкам чалавечых пакутаў», быў высунуты на Нобелеўскую прэмію ў 1901 г., а загінуў у Порт-Артуры ад выбуху на браняносцы «Петрапаўлаўск» 13 красавіка 1904 года
Большасць прамысловай буржуазіі адкрыта стаяла за найхутчэйшае заключэнне міру. Гібель флоту пад Цусімай выклікала абурэнне нават у рэакцыйных дваранскіх колах. Усё больш настойліва гучалі патрабаванні аб скліканні прадстаўнічых устаноў. Чарнасоценны друк таксама патрабаваў заключэння міру любой цаной і прыгнечання рэвалюцыйнага руху. Унутранае становішча ў Расіі настолькі абвастрылася, што царызму трэба было абіраць найменшае з бедаў: ці зацягваць бессэнсоўную вайну, ці як-мага хутчэй яе заканчваць і кідаць усю моц на задушэнне рэвалюцыі.

"Расейскі катаклізм". Амерыканскі сатырычны часопіс Puck, 29 лістапада 1905 г. Дваранства, купцы, папы, жандары і казакі ратуюцца на скале пасярод віруючага штармавога мора. На заднім плане, у прабляску сярод хмараў бачны надпіс "БУНТ"
Ваенны разгром, які панесла Расія, і асабліва магчымасць рэвалюцыйнага перавароту не былі ў інтарэсах буржуазных колаў нават тых краін, якія ў пачатку вайны падтрымлівалі Японію. Урады Брытаніі і ЗША імкнуліся садзейнічаць царскаму ўраду ў найхутчэйшым спыненні вайны. У той жа час, хоць Японія і выйшла з вайны пераможцай, але і яна была моцна аслаблена. Ваеннае напружанне, якое запатрабавалася ад Японіі, прывяло да крайняга знясілення ўсіх яе рэсурсаў. Нягледзячы на пазыкі, атрыманыя ад ЗША і Англіі, Японія была на шляху да фінансавага краху. Таму калі прэзідэнт ЗША Тэадор Рузвельт прапанаваў пачаць мірныя перамовы, абодва варожыя бакі пагадзіліся.

Франкамоўны каперт, прысвечаны вынікам расейска-японскай вайны. 1905 г.
Паводле Портсмуцкай мірнай дамовы 23 жніўня 1905 г., Расея прызнала японскі пратэктарат над Карэяй, абавязалася ачысціць Манчжурыю, перадала Японіі сваё права на арэнду Порт-Артура, саступіла частку Паўднёва-Манчжурскай чыгункі, аддала паўднёвую палову выспы Сахалін да 50-й паралелі, і павінна была даць права рыбнай лоўлі ў сваіх водах японскім падданым, а таксама заплаціла вялікую суму грошай за «ўтрыманне ваеннапалонных». У выніку паразы мілітарызаваны ўрад імперскай Расіі вымушаны быў адмовіцца ад сваіх агрэсіўных памкненняў на Далёкім Усходзе. А атрымаўшы мір з рук ЗША і Брытаніі і змушаны звярнуцца да Францыі па фінансавую дапамогу для барацьбы з рэвалюцыяй, царскі ўрад канчаткова аформіўся як каланіяльны абсалютызм, чужы ўласнаму народу, але адкрыты буйному замежнаму капіталу і неабдуманым пазыкам.

Грошы, якія з’елі снарады… Сітуацыя, вельмі падобная на сённяшнюю… Рэкламныя плакаты аблігацый ваеннай пазыкі часоў «Вялікай вайны» 1914-1918 гг.
Застаецца дадаць, што на пачатак Першай сусветнай вайны каля 1/8 знешніх пазыкаў «необъятной» прыходзілася на ЗША, золата царскі ўрад пераважна захоўваў у англійскіх банках, а расейскі капітал лічыў стасункі з «клятымі англасаксамі» за магчымасць пазітыўнага «абнаўлення нашага ўнутранага жыцця».
Дарэчы, амерыканскія пастаўкі, наладжаныя ў часы «Вялікай вайны» (праз Russian Procurement Committee in America), адыгралі важную ролю і ў гады Грамадзянскай вайны. Абарона складоў ад немцаў на поўначы краіны і ва Уладзівастоку стала адным з нацыянальных абгрунтаванняў інтэрвенцыі Антанты і ЗША ў Расію ў 1918 годзе.
АRА спяшаецца на дапамогу. Голад 1921-1922 гг.
Прыход бальшавікоў да ўлады стаў сінонімам не толькі Грамадзянскай вайны, але і бясконцага голаду. Справа тут не ў скарачэнні пасяўной плошчы ці недародах-неўраджаях, а найперш у разрыве стасункаў паміж спажывецкімі абласцямі, падкантрольнымі бальшавікам, і абласцямі пастаўкі, якія блакавалі антыбальшавіцкія сілы. Голад 1918-1920 гадоў моцна паўплываў на паўночныя рэгіёны Расіі, меўшыя праблемы з пасяўнымі плошчамі. Да таго ж, харчова-рэквізіцыйнае войска Наркампрада РСФСР, якое складалася з узброеных харчатрадаў, пазбаўляла сялян запасаў, якія звычайна дазвалялі выжываць у гады засухі.

Прадразверстка ў вёсцы. Антыбальшавісцкі плакат часоў Грамадзянскай вайны
Але ў голадзе 1921-22 гг было два прынцыпова важныя адметныя моманты. Па-першае, сялянства моцна аслабела ад набегаў прадатрадаў падчас Грамадзянскай вайны, і было абсалютна не гатова да любога магчымага крызісу. Па-другое, засуха 1921 года аказалася больш сур'ёзнай за папярэднія — яе можна нават параўнаць па маштабах з крызісам 1891 года.
Першымі на гуманітарную дапамогу вырашыліся брытанцы. У закліку лорда Пармура і Джорджа Пэйша «Рускі голад і яго значэнне для Еўропы», адной з прычын для аказання дапамогі гаварылася аб магчымасці зніжэння імпарту расійскага хлеба ў Еўропу. Аднак з гэтага мала што па выніку выйшла — ідэі Джорджа Пэйша і яго паплечнікаў не падтрымалі ў тагачасным брытанскім урадзе.

Місія Нансэна адгружае збожжа ў Саратаўскай губерні
Сапраўдная заходняя дапамога пайшла з іншых крыніц. Па-першае, яе аказваў нарвежац Фрыцьёф Нансэн і міжнародны Чырвоны Крыж. Невялікая падтрымка праз брытанскі фонд «Выратуем дзяцей» у Саратаве. Сам Нансэн быў буйным дабрачынцам, ён актыўна дапамагаў у перасяленні еўрапейскіх бежанцаў пасля Першай сусветнай. Людзі накшталт яго рабілі ўчынкі, зыходзячы з уласных памкненняў, не абавязкова пры гэтым прадстаўляючы інтарэсы груп ці палітычных эліт.

Адзін з тагачасных плакатаў аб дзейнасці АRА ў Расеі
Па-другое, нашмат буйнейшым быў фонд «Амерыканскай адміністрацыі дапамогі» (American Relief Administration, АRА) на чале з Гербертам Гуверам. Сам Гувер, мяркуючы па яго папярэдняй дзейнасці ў Бельгіі і Цэнтральнай Еўропе, трымаўся гуманістычных поглядаў. Вядома, і ён, і ўрад Злучаных Штатаў былі таксама зацікаўлены ў стрымліванні экспансіі камунізму, якая, на іх думку, у часы сацыяльных бедстваў і голаду толькі ўзмацнялася.

Грузавік АRА з харчовымі пасылкамі. Самара, 1921-1922 гг.
Тым не менш маштабы дапамогі ўражваюць: так, ARA карміла каля 6 100 000 чалавек, амерыканскае таварыства квакераў — 265 000, Міжнародны «Save the Children Alliance» — 259 751 чалавек, Нансэнаўскі камітэт — 138 000, шведскі Чырвоны крыж — 87 000, германскі Чырвоны крыж — 7 000, брытанскія прафсаюзы — 92 000, Міжнародная дапамога рабочым — 78 011 чалавек.
Місія ARA стала адной з самых буйных харчовых гуманітарных кампаній у ХХ стагоддзі. Да моманту заканчэння сваёй дзейнасці ARA выдаткавала на карысць Расіі 61,6 млн долараў (або 123,2 млн залатых рублёў). Але расейская гістарыяграфія лічыць за лепшае пра гэта маўчаць.
Філіялы ARA дзейнічалі і ў БССР, і ў польскай Заходняй Беларусі. У 1920-23 гг. Польскім аддзяленнем АРА на этнічнай тэрыторыі Беларусі была распаўсюджана гуманітарная дапамога на агульную суму 4,6 млн. дол. ЗША (адзенне і больш за 15,3 тыс. т харчавання), а Савецкім аддзяленнем у Мінскую, Віцебскую і Гомельскую акругі дастаўлена звыш 14,4 тыс. т амерыканскай дапамогі (у тым ліку ў Мінскай акрузе размеркавана 6,8 тыс. т, Віцебскам — 4,4 тыс. т, Гомельскім — 3,2 тыс. т). Агулам у 1920-1923 гг. насельніцтву Беларусі (у сучасных межах) дастаўлена гуманітарных грузаў коштам каля 7,2 млн дол. ЗША вагой больш за 30 тыс. т.

Прадстаўніцтвы ARA былі адкрыты на тэрыторыі 38 губерняў РСФСР, а таксама ў БССР, УССР. Усяго Амерыканская адміністрацыя дапамогі выратавала ад галоднай смерці толькі ў Расіі ад 10 да 20 мільёнаў чалавек. У 1922-м яна штодня карміла 11 млн жыхароў галадоўнікаў расійскіх губерняў, забяспечвала Паволжа пасяўным збожжам.

Сяляне Самарскай губерні з удзячнасцю укленчылі перад прадстаўнікамі місіі ARA, 1922 г. Праз стагоддзе іх нашчадкі будуць упэўнены, што ўва ўсіх праблемах Расеі павінна «злавесная Амерыка».
АРА таксама аказвала дапамогу ў наладжванні медыцыны, вакцынацыі і барацьбы з эпідэміямі, якія ўспыхнулі. Акрамя харчавання амерыканцы шырока пастаўлялі медыкаменты, разгортвалі бальніцы, аптэкі, медыцынскія пункты дапамогі. Адных медыкаментаў было пастаўлена на 8 млн долараў, забяспечыўшы 15 тысяч бальніц і ўстаноў. Адной з вострых праблем стала пытанне аб вакцынацыі — сяляне адмаўляліся прышчэпвацца. Тады АРА стала выдаваць пайкі толькі з адпаведнай медыцынскай даведкай. У выніку 9 мільёнаў чалавек былі прышчэплены, што дапамагло знізіць колькасць смерцяў ад эпідэмій і хвароб. Сяляне нават пісалі лісты з патрабаваннем выслаць партрэты Гувера, каб паставіць іх замест абразоў у чырвоны куток.

Справаздача савецкіх органаў аб дзейнасці ARA ў Самарскай губерні. Паралельна з дзейнасцю місіі ўва ўсіх яе прадстаўніцтвах дзейнічалі «сэксоты» ВЧК-ГПУ, якія ўважліва сачылі за перамяшчэннямі іншаземцаў, іх «антысавецкай агітацыяй», а таксама і за ўласнымі суграмадзянамі. У падобных справаздачах кожны замежнік лічыўся патэнцыйным шпіёнам, кожная кантактная асоба з савецкіх грамадзян — патэнцыйным здраднікам, а кожны пункт спіса паставак — нязначным і няважным для паляпшэння стана людзей, але патэнцыйным фактарам паслаблення савецкай улады…
Але як толькі голад быў пераможаны, капіталістычны Захад быў аб'яўлены расійскімі ўладамі галоўным ворагам. ARA абвінавацілі ў шпіянажы і жаданні пазапаўняць маладую краіну саветаў «таварамі, якія больш няма куды падзець». Ужо ў 1930-я, калі распачалася новая хваля голаду, краіна аказалася «надзейна замкнутай» для «капіталістычнай рукі» дапамогі. Маштабы і наступствы гэтай галадаморнай хвалі застаюцца канчаткова недаследаванымі і неацэненымі і па сёння…
Глядзіце таксама

Другая сусветная, ленд-ліз, місія UNRRA
У 1941 СССР аказаўся адзін, без саюзнікаў, у стане вайны з Германіяй, якую Крэмль сам жа і дапамог развязаць у 1939 годзе, з падпісання ганебнага пакта Молатава-Рыбентропа і сумесным з Гітлерам нападам на Польшчу. Увосень 1941-га немцы ўжо літаральна стаялі пад Масквой. Але Вялікабрытанія і ЗША і тут пайшлі на дапамогу Саветам. Была аказана беспрэцэдэнтная дапамога зброяй, сыравінай і харчаваннем.
Глядзіце таксама

29 верасня 1941 г. на канферэнцыі прадстаўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Маскве былі прынятыя дамовы аб буйнамаштабных пастаўках у Савецкі Саюз узбраення і ваеннай тэхнікі. 1 кастрычніка быў падпісаны першы (усяго іх будзе чатыры) пратакол аб пастаўках на суму ў 1 мільярд долараў на працягу 9 месяцаў. Так пачалася гісторыя амерыканскага ленд-лізу для СССР.

Адных гузікаў для вайсковай вопраткі па ленд-лізу было пастаўлена 257 723 498 адзінак.
Каб не быць пустаслоўнымі, прывядзем фактычныя лічбы паставак. Да канца верасня 1945 года СССР атрымаў:
- Самалётаў — 14,795 адзінак
- Радарных установак — 2,626 адзінак
- Танкаў — 7,056 адзінак
- Джыпаў — 51,503 адзінак
- Грузавікоў — 375,883 адзінак
- Матацыклаў — 35,170 адзінак
- Трактароў — 8,071 адзінак
- Гармат — 8,218 адзінак
- Кулямётаў — 131,633 адзінак
- Выбуховых рэчываў — 345,633 тоны
- Будабсталявання — на суму $ 10,910,000
- Чыгуначных вагонаў — 11,155 адзінак
- Лакаматываў — 1981 адзінак
- Грузавых судоў — 90 адзінак
- Судоў-паляўнічых за падводнымі лодкамі — 140 адзінак
- Тарпедных катэраў — 197 адзінак
- Фрэгатаў — 28 адзінак
- Падводных лодак — 105 адзінак
- Карабельных рухавікоў — 7,784 адзінак
- Прадуктаў харчавання (кансерваў) — 4,478,000 тон
- Машынабудаўнічага абсталявання — на суму $ 1,078,965,000
- Сталі — 2,3 мільёнаў тон (гэтай колькасці сталі дастаткова для вырабу 70,000 танкаў Т-34)
- Каляровых металаў — 802,000 тон
- Нафтапрадуктаў — 2,670,000 тон
- Хімічных рэчываў — 842,000 тон
- Баваўняных вырабаў — 106,893,000 кв. ярдаў,
- Скуры — 49, 860 тон
- Аўтамабільных шын — 3,786,000 адзінак
- Палявых тэлефонаў — 245,000 (усяго тэлефонаў — 423,000) адзінак
- Армейскіх ботаў — 15,417,000 пар

На падобных здымках «Вялікая Айчынная» уяўляецца ўсё ж Сусветнай вайной. У калажы: ад левай — брытанскія жанчыны рыхтуюць танк «Мацільда» да адпраўкі ў СССР; ад правай унізе — танк «Валентайн» на заводзе ў брытанскім Бірмінгеме з надпісам «Сталін» рыхтуецца да адпраўкі ў СССР; ад правай уверсе — рэдкі здымак савецкіх жаўнераў з поўным амерыканскім узбраеннем — экіпаж танка М3А1 «Сцюарт» у амерыканскіх шлемафонах узброены кулямётамі «Томпсан» і М1919А4
Па ўмовах ленд-лізу ўся баявая тэхніка пасля заканчэння вайны павінна была быць вернутая ЗША або знішчана на месцы. Савецкі Саюз, натуральна, пагрэбаваў гэтым пунктам дамовы, і самыя сучасныя знішчальнікі Ленд-лізу працягвалі служыць у Савецкай Арміі аж да з'яўленні рэактыўных МІГаў: напрыклад, «Кінгкобры» з поспехам выкарыстоўваліся для падрыхтоўкі пілотаў да канца 1950-х гадоў.

Амерыканскія самалёты працягвалі сваю службу і пасля сканчэння ленд-лізу. У калажы: ад левай —знішчальнік «Аэракобра» Р-39, пастаўлены па ленд-лізу; ад правай — групавы здымак савецкіх і амерыканскіх лётчыкаў ля цяжкога знішчальніка «Кінгкобра» Р-63; унізе — знішчальнікі «Спітфайер» складалі частку проціпаветранай абароны Масквы.
СССР атрымаў па ленд-лізе 622,1 тыс. тон чыгуначных рэек (56,5% ад сваёй вытворчасці), 1900 лакаматываў (у 2,4 разы больш, чым выпушчана за гады вайны ў СССР) і 11075 вагонаў (больш у 10,2 разы). Менавіта ленд-ліз стаў асновай усёй лагістыкі Чырвонай Арміі.

«Клятыя англасаксы» не засталіся ўбаку ад лэнд-лізу. У калажы: ад правай — агітацыйны брытанскі плакат часоў вайны; ад правай уверсе — разгрузка чарговага канвою ў парту Мурманска; ад правай унізе — выгрузка брытанскіх танкаў «Мацільда» у Архангельску.
Акрамя Амерыкі ў праграме ленд-лізу ўдзельнічала таксама Вялікабрытанія і краіны Садружнасці. Агульны памер дапамогі склаў 11,3 млрд. долараў у цэнах 1941 года, або 200 млрд. долараў у сучасных цэнах.
Згодна з законам аб ленд-лізе, ЗША не патрабавалі платы за тэхніку, знішчаную падчас вайны, і прасілі вярнуць толькі тую частку машын, што засталася непашкоджанай. Аплаце падлягала толькі абсталяванне, якое засталося ў краіне пасля заканчэння вайны: перамовы аб тым, колькі вінен Савецкі Саюз за гэтую частку, зацягнуліся на дзесяцігоддзі. Канчаткова за пастаўкі па ленд-лізе Расія расплацілася толькі ў 2006 годзе…

Адзін з агітацыйных плакатаў часоў лэнд-лізу — ад дапамозе Чырвонага крыжа
Падчас вайны запасы прадуктаў харчавання значна скараціліся, і ў 1946 і 1947 гадах забеспячэнне хлебам было моцна абмежавана. Калі ў 1945 г. насельніцтва краіны за кошт далучаных тэрыторый павялічылася, праблем стала толькі болей. Усе надзеі ўскладаліся на ўраджай 1946 года — калі б ён быў добрым, засталіся б нават лішкі. Але засуха ў гэты цяжкі час справакавала неўраджай і голад. Калі б аналагічныя ўмовы надвор'я былі ў 1942 ці 1943 годзе, то наступствы маглі стаць вырашальнымі для лёсу краіны. Аднак гэтым разам савецкі ўрад зрабіў шмат для таго, каб пазбегнуць масавага голаду. Такі вынік быў абумоўлены экстраардынарна жорсткай і рацыянальнай сістэмай цэнтральных дзяржзакупак. Перад пачаткам вайны ўдалося назапасіць вялізныя запасы прадуктаў харчавання за кошт збору ўраджаю, пунктамі ленд-лізу прадугледжвалася і пастаўка прадуктаў харчавання. І тым не менш заходнія рэспублікі СССР адчулі заходнюю дапамогу на сабе.

Раздача харчовых набораў, атрыманых па лэнд-лізу, у Маскве. 1945 г. У газетах аб пастаўках пісалі неахвотна: як скажа пазней Чэрчыль, Саветы лічылі, што гэтая дапамога "здольная прынізіць іх прэстыж".
Місія ААН у СССР («місія UNRRA«) стала адной з паспяховых замежных кампаній па падтрымцы Саветаў — былога ваеннага хаўрусніка і пры гэтым — адной з самых мала асветленых у тагачаснай савецкай прэсе (скажам па-іншаму — проста замоўчанай пастановай СНК і КПБ БССР ад 8 студзеня 1946 г., якая забараняла агучваць лічбы і прыгадваць абрэвіятуру UNRRA, а ўся дакументацыя па працы місіі адразу атрымлівала статус «сакрэтна»). Найбольш заўважнай гэтая дапамога стала для БССР і УССР.

Прадстаўнікі місіі UNRRA па Беларусі ў мінскай Лошыцы, 1946 г.
Па падліках, агулам дапамога толькі беларусам склала каля $61-68 млн. Аднак гэтая гуманітарная дапамога складалася не толькі з вялізнага аб'ёма харчовых тавараў, а таксама і з неабходнай тэхнікі: бульдозераў, радыёпрыёмнікаў, друкарскага абсталявання і інш.
«Ножкі Буша». Новы гуманітарны крызіс 1989-х — 1990-х гг.
За часам халоднай вайны, зразумела, аніякай размовы аб дапамозе «капіталістычнага блока» сацыялістычнаму не вялося. Увод савецкіх войскаў у Афганістан сімвалізаваў пачатак канца Савецкага Саюза. Сутыкнуўшыся з сур'ёзнымі эканамічнымі санкцыямі на фоне падзення коштаў на нафту, камуністычная імперыя пагрузілася ў эканамічны крызіс, які ўзмацніўся ў перыяд перабудовы. Аднак у 1980-я Захад не застаўся ў баку: і на Чарнобыльскую аварыю, і на трагедыю ў Спітаку адгукнуліся ў заходніх філантрапічных арганізацыях і асацыяцыях: так, прадпрымальнік Арманд Хамер даставіў груз медыкаментаў, а доктар Роберт Гейл, спецыяліст па трансплантацыі касцявога мозгу, апераваў пацярпелых ад аварыі ў маскоўскай клінічнай бальніцы.

«Людзі ўсяго свету выступаюць супраць вайны. І толькі ён (СССР) вядзе яе ў Афганістане». Антысавецкі плакат 1980-х, Нідэрланды
Распад Савецкага Саюза вельмі жорстка адбіўся на дабрабыце простага грамадзяніна з былога «камуністычнага рая». Адміністрацыйная эканоміка літаральна памерла, а рыначная яшчэ не набрала абароты. Прылаўкі ў расійскіх гарадах пуставалі, нармальнай якаснай ежы практычна не было. Як і сто гадоў таму, праз татальны дэфіцыт прадуктаў і тавараў першай неабходнасці, Расея стаяла на парозе рэальнага голаду. І ў гэты цяжкі момант, няўрымслівыя «падступныя» амерыканцы разам з «нацыкамі»-немцамі, «англасаксамі»-брытанцамі і іншымі «гейрапейцамі» зноў вырашылі не «закабаліць», а накарміць рускі народ!

Чарга ля магазіна «Каўбасы» на Пятніцкай вуліцы ў Маскве. 1990 год
Толькі ў 1991-м бясплатна было пастаўлена 241 тыс. тон харчавання. Акрамя гэтага былі выдзелены льготныя крэдыты для закупкі ў ЗША збожжа па цэнах ніжэйшых за рыначныя. У 1992 годзе амерыканцамі была арганізавана аперацыя «Provide Hope» («падай надзею») па пастаўках у буйныя гарады СНД харчовых грузаў. Да жніўня 1993 г. было выканана 282 транспартных рэйса і дастаўлена 7012 тон грузаў, як у РФ, так і ў былыя савецкія рэспублікі. У чэрвені 1997 быў выкананы 500-ты транспартны рэйс. Ваенна-транспартныя самалёты ажно да 2007-га дастаўлялі гуманітарную дапамогу ў Расею.

Самалёт ВПС ЗША з 30 тонамі харчавання ў маскоўскім аэрапорце Шарамеццева-1, 1992 год. Нашыўка, прысвечаная аперацыі (абрыс самалёта C-5 «Гэлэксі» на фоне мапы былога СССР)
Усяго за 1992 г. у Расею было дастаўлена каля 114 тыс. тон харчовай дапамогі, а ўжо ў 1993 больш за 3 млн тон. Усе тавары першай неабходнасці, якія аплацілі падаткаплацельшчыкі краін-дабрачынцаў, траплялі на размеркаванне да нячыстага на руку чынавенства. На месцах шмат дзе і хто нажыўся на той дапамозе: вядомы факты, калі за «гуманітарку», выданую на прадпрыемства, бралі грошы з працаўнікоў або выдавалі яе ў рахунак заработнай платы; наборы прапускалі праз гандлёвыя сеткі; медыкаменты па гуманітарнай лініі для лякарняў давалі пацыентам за грошы ці за хабар… Па выніку склалася адмоўнае грамадскае стаўленне да «гуманітаркі», хаця ў яе несправядлівым (а часам і незаконным) размеркаванні было віннае само расейскае грамадства.

Назва «ножкі Буша» з'явілася ў 1990 г., калі было падпісана гандлёвае пагадненне паміж Міхаілам Гарбачовым і Джорджам Бушам-старэйшым аб пастаўцы ў СССР замарожаных курыных кумпякоў.
Акром харчавых набораў і натаўскіх пайкоў папулярнасць у народзе займелі г.зв. «ножкі Буша» — для савецкага чалавека, аскетычнага ў гастранамічных разнастайнасцях і прывыклага да сіняй курыцы з галавой, танныя кумпячкі выглядалі далікатэсам. Паколькі на той час савецкія прылаўкі былі літаральна голымі, «ножкі Буша», дзякуючы сваёй таннасці і даступнасці, карысталіся вялікай папулярнасцю. ЗША сталі буйным пастаўшчыком курыцы ў Расію. У 2006 годзе 55% усёй прададзенай курыцы былі вырашчаны ў Расіі, а 35% былі імпартаваныя з ЗША. Кампанія ў расейскіх СМІ і дзяржаўных установах па кампраметацыі амерыканскіх кампаній як пастаўшчыкоў няякаснай і нават небяспечнай прадукцыі мела поспех — у свядомасці «пакалення 1990-х» гэтыя «ножкі» засталіся прыкладам харчавання адмоўнай якасці.
****
Выкрасліць гады заходняй эканамічнай дапамогі з расійскай (і савецкай) гісторыі адносін нельга, затое прынізіць яе значэнне, як паказваюць апошнія ідэалагічныя тэндэнцыі, — можна. Прапаганда прыклала вялікія высілкі каб выставіць гуманітарную дапамогу як нейкую падачку, непатрэбныя і малыя па аб’ёму высілкі, з'едкі і абноскі са скончаным тэрмінам прыдатнасці, якія шкада было выкінуць, таму іх аддавалі савецкім людзям у стане «часовых» цяжкасцяў. Значэнне лэнд-лізу засталося на тых жа пасляваенных ідэалагічных уяўленнях — так, як напісаў у 1947-м старшыня Дзяржплана, — што пастаўкі па лэнд-лізу склалі толькі 4% ад усёй савецкай вытворчасці ў гады вайны. Але за гэтай лічбай схаваны факт, што ў найважнейшых відах ваеннай тэхнікі роля замежных паставак аказалася вырашальнай — па праграмах лэнд-лізу з ЗША, Канады і Вялікабрытаніі было пастаўлена тавараў, сыравіны і абсталявання на $13 млрд.
Сёняшняя сітуацыя ідзе да таго, што «злавесная рука», з якой так ахвотна бралі, а потым за гэта бессаромна ганьбілі, хутчэй за ўсё, бліжэйшым часам працягнута не будзе…