Як беларусы ўкраінцаў ад Галадамору ратавалі

Паводле падлікаў аналітыкаў, Галадамор 1932–1933 гадоў ва Украіне забраў жыцці каля 8 мільёнаў чалавек. Прывід галоднай смерці прымушаў людзей сем'ямі пакідаць родныя дамы і ісці пешшу сотні кіламетраў у пошуку паратунку. Многія з іх яго знайшлі ў Беларусі.

golodomor_v_ukraine_2016_fakty_o_tragedii_rect_dbb8716e9495f679999beeef7c2bdabc.jpeg


Сямейная гісторыя


Мая бабуля Таццяна Федарэнчанка, тады — Таня Здзір (1915 г.н., пражывала ў вёсцы Антонаўка Кагарлыцкага раёна) і яе сястра Марыя Іванова (1920 г.н., вёска Тубельцы Чаркаскай вобласці) — відавочцы падзей 1932–1933 гадоў ва Украіне. Ратуючыся ад голаду, яны прайшлі пешшу на поўнач больш за 700 кіламетраў. Ішлі «ў Орэл» — там, казалі людзі, няма голаду. Але, прайшоўшы ўздоўж Дняпра ў Гомель і яшчэ трохі, яны апынуліся ў сяле Кляцішчы, недалёка ад Доўска, Гомельскай вобласці.
У той час ім было, адпаведна, 17 і 12 гадоў. Разам з маці, маёй прабабуляй Наташай Здзір, ім давялося прайсці трагічныя выпрабаванні. Іх бабуля адмовілася ісці ў доўгі шлях і засталася ў Тубельцах, так і памерла ад голаду на печы.
У чаканні трывожнай, галоднай восені і зімы 1932-га года многія рушылі шукаць выратавання, не збіраючыся заставацца сам-насам з галоднай смерцю.

Шлях,які прайшла бабуля Таня разам з мамай і сястрой у 1932-м

Шлях,які прайшла бабуля Таня разам з мамай і сястрой у 1932-м

Рака жыцця


Мая бабуля, яе дзве дачкі і яшчэ чалавек пяць пайшлі ўздоўж Дняпра з Тубелец Чаркаскай вобласці, уверх па цячэнні. Яны не ведалі, куды ідуць, але дарога і рака давалі жыццё. У дарозе часам сустракаліся добрыя людзі, а ў рацэ вадзілася рыба. Прабабуля Наташа крыху ведала гэтыя месцы, бо яе муж яшчэ пры цары працаваў капітанам дняпроўскага рачнога флоту, а мой прапрадзед, бацька прабабулі, быў весляром і «начальнікам» парома паміж правым берагам Дняпра (вёскай Крэшчацік) і дарогай на Залатаношу. Але мужчыны ўжо нічым дапамагчы не маглі. Пра іх засталася толькі памяць — яны загінулі ў братазабойчай грамадзянскай вайне дваццатых гадоў.
Знясіленыя людзі блукалі, як цені, падалі, забываліся ў галоднай шнапалову прытомнасці і прачыналіся, калі нешта вяртала іх да жыцця. Яны шукалі паратунку ў лясах і ўздоўж ракі, бо падыходзіць да населеных пунктаў было небяспечна. Часам адны людзі-цені рабіліся ахвярамі іншых людзей-ценяў.
Да восені 1932 года купка людзей, дзе была сям'я маёй бабулі, трапіла ў Беларусь. Тут яны знайшлі прытулак, а затым і працу памагатых на ферме. Па словах бабулі Тані, вельмі моцна ў дарозе ім дапамаглі двое невядомых мужчын, якія доўгі час суправаджалі іх групу і здабывалі правізію ў дарозе, што траплялася пад руку. Але аднойчы яны не вярнуліся — і жанчыны з дзецьмі рушылі далей.

«Калі гэта было, штоб Украіну Беларусія карміла?»


З цягам часу гэтыя людзі сабраліся на мяжы Украіны і Беларусі, дзе іх станавілася надмерна шмат. Яны пазапаўнялі Гомельскую і Магілёўскую вобласці, ствараючы ў грамадскай свядомасці не лепшую думку аб эканамічнай палітыцы савецкай улады. Менавіта тады быў справакаваны «ліст беларускіх працоўных», датаваны 15 ліпеня 1932 года, на адрас кіраўніцтва Украіны.
Праз 60 гадоў яго апублікаваў Ігар Шульга ў кнізе «Голад на Падолле» (публікуецца на мове арыгіналу):«Калі гэта было, штоб Украіну Беларусія карміла? Былі горшые годы, але Украіна карміла Беларусію, а цяпер наадварот. Беларусія не проч памоч украінскім калхозам і працытным селянам арганізованым парядком, а не такім, як сейчас праісходзіть, што на Беларуси із за украінцямі нельзя не прайсці не праехаць як на желдарогі, так і на дорогах. Всюди уйма голодных оборваных украінцеу, каторые валяюцца по уліцам местечков Беларусі: Жлобін, Гомель, Бахмуч, Быхау, Магілеу, Орша, Мінск, Сіроціно і повсюду полно. По лесам некоторые жывуць. До чого гэта доходзіць, к чему гэта выйдзе?Шмат украінцеу бывае за хлебом каля самой мяжы буржуазной паньской Польшчы и што вы думаеце немало есць урочоу, якіе робяць вынікі, што украінцеу змору хоцят задушыць, а у газетах пышуць што усе хорошо. Чаму прауду не напышуць, што міліони галадуюць, і на полі шмат цяпэр гібнет хлеба, а много заросло травой i не запахано засталася, т.к. самая сіла мужчыны i жанчыны кінулісь у сьвет за куском хлеба, чтоб толькі с голоду не памерці».

27591811_1536607783125025_286614871_n.jpg


Збавенне ад голаду аказвалася не толькі часовым, але і небяспечным. Такога кшталту лісты-«сігналы з месцаў» развязвалі рукі ўладзе. «Голас народа» не толькі выказваў шчырую занепакоенасць сітуацыяй, але патрабаваў жорсткіх мер, і цэнтральныя органы ішлі на іх. Падобна на тое, асабліва не задумваючыся аб наступствах.
Як можна зразумець з ліста «беларускіх працоўных», іх турбавала не столькі становішча галодных украінцаў, а тое, што падумаюць пра Краіну Саветаў у буржуазнай Польшчы?
Украінскія кіраўнікі таксама звярталіся з лістамі да цэнтральных органаў СССР. Яны прасілі дапамогі, але не з гуманных меркаванняў, а на той падставе, што «трэба ўраджай збіраць, а няма каму, альбо сіл у астатніх зусім няма». Гаворка ішла аб экспрапрыяванай у сялян зямлі, сабранай у калгасы, за збор ураджаю з якой ставілі «палачкі» — працадні, але зусім нічога не давалі ад ураджаю. Такім чынам, правакуючы працэсы «аб трох каласках», якія папаўнялі «працоўны парыў» з вязняў-сялян на будоўлях Беломорканала і Днепрагэс.

Сяляне па-за законам


Не заставалася ўбаку і сама «буржуазная Польшча», мяжа якой пасля Брэсцкага міру праходзіла ў 50 кіламетрах ад Менска і ў 100 ад Слуцка. Як гэта было заўсёды, «нашы» не любілі выносіць смецце з хаты, таму што думкі замежнага пралетарыяту вельмі баяліся партыйныя кіраўнікі Беларусі і Украіны. Палякі, у многіх з якіх у СССР заставаліся сваякі, што сімпатызавалі савецкай уладзе, вымушаныя былі нават (былі такія факты!) па памежным рэках спускаць платы з харчаваннем для галадоўнікаў ва Украіне. Да 1932 года савецкая ўлада не спяшалася ствараць калгасы ў Беларусі, тут яшчэ памяталі цяжкасці Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, калі Менск ператварыўся ў перавалачны пункт хворых і галодных людзей, якія беглі на Захад.
Але «ў савецкіх уласны гонар, на буржуяў глядзім пагардліва ...», пісаў класік. Калі б толькі пагардліва! Па сведчанні відавочцаў, памежнікі расстрэльвалі і знішчалі платы з харчаваннем, стралялі і па людзях, якія спрабавалі атрымаць такія «пасылкі». На чыгунцы ствараліся ваенныя пасты, якія здымалі з цягнікоў і нявечылі людзей, што спрабавалі выратавацца ад голаду на дахах вагонаў. У 1932–1933 гадах былі прынятыя жорсткія меры па адлове сялян, уцекачоў ад галадамору, якія не мелі пашпартоў, а значыць, і права перамяшчацца за межы сваіх месцаў пражывання. Сяляне былі па-за законам.

Цяжкі шлях дадому


Простыя людзі ў Беларусі спачувалі ўкраінцам, але іх магчымасці былі вельмі абмежаваныя. Для маёй бабулі Тані ўсё складалася як нельга лепш, яна жыла ў Кляцішчах у доме сям'і Бондарава. Невялікае сяло пад Доўскам патрабавала рабочых рук, недалёка была ферма, калгасны рух у гэтых краях яшчэ не наступіў на горла сялянам.
Гаспадарскі сын — Андрэй Бондараў прыглядаўся да цёмнавокай украінкі, якой пайшоў васямнаццаты год. Калі прыйшло новае няшчасце — улада запатрабавала вяртання ўкраінцаў на радзіму — ён прапанаваў маёй бабулі выйсці за яго замуж і такім чынам застацца ў Беларусі. Усё адбывалася імкліва — не пагаджаліся на такі шлюб улады, не хацела заставацца ў Беларусі і маці маёй бабулі Тані прабабуля Наташа. Яна ўсё яшчэ хацела вярнуцца, думаючы, як там у Тубельцах адна жыве яе маці, не ведаючы, што ў той час яна ўжо памерла ад голаду.
Работнікі савецкіх органаў улады, НКУС і армія ў 1933 годзе знаходзілі такіх украінцаў, прывозілі для загрузкі на баржы ў Рагачоў і ў Гомель, здавалі іх ахове пад распіску і дастаўлялі ва Украіну. Часам у дарозе ноччу знікалі рэчы, харчы такіх няшчасных, сабраныя ў цяжкую дарогу. Так адбылося і з маімі роднымі — бабуля Таня вярнулася ў Тубельцы не толькі без правізіі, але яшчэ і злегла па прыездзе з тыфам.
Зразумела, што ўсё для бабулі скончылася адносна добра: яна перажыла голад, тыф, чаго нельга сказаць пра мільёны іншых украінцаў, якія трапілі паміж молатам жорсткай цэнтралізаванай улады і кавадлам індустрыялізацыі па-савецку.

Герой вайны, забіты за мех бульбы


Усё гэта паўтарылася ў 1947 годзе. Прычына была ўсё тая ж — голад, «дапамога» гораду. Метады тыя ж — гвалтоўнае адабранне збожжа. З фармальнага боку, метады пераадолення пасляваеннага голаду ва Украіне былі абстаўлены ўжо больш старанна. Знішчэнне людзей, якія спрабавалі выратавацца, праходзіла пад выглядам барацьбы са спекуляцыяй. У той момант пад гэтыя рэпрэсіі трапіў мой дзед Гаўрыла Таран, герой вайны, які прайшоў з першага дня вайны ў 1941 годзе да вайны ў Маньчжурыі ў 1946 годзе, але забіты за мех бульбы аховай моста ў 1947 годзе блізка роднага сяла.
Скажу толькі напрыканцы, што бабуля Таня пражыла амаль 95 гадоў, выгадавала траіх дзяцей, пасля гібелі майго дзеда ў 1947 годзе бабуля выйшла замуж. Новага мужа ў 1950 годзе па палітычным артыкуле пасадзілі на 10 гадоў. Пасля смерці Сталіна справу дзеда Тараса перагледзелі — і яны дажылі да старасці разам.

Мы павінны памятаць


Аўтар з дзяцінства чуў апавяданні пра пакуты бабулі ў тыя страшныя часы і гісторыю пра тое, як яна з маці ўратавалася ад голаду ў Беларусі. А ў 1990–2000 гады ён воляй лёсу служыў, а потым і працаваў у Беларусі, актыўна далучыўся да ўкраінскай дыяспары. Так і з'явілася ідэя збору дакументальных сведчанняў сямейнай гісторыі і ўсталявання памятнага знаку — сімвала Галадамору — у тым месцы Беларусі, дзе ратавалася яго бабуля. А яшчэ планавалася сабраныя матэрыялы аформіць у выглядзе дакументальнага фільма.

Украінскі ручнік сімвалізуе падзяку ўкраінцаў беларусам у цяжкую часіну Галадамору.

Украінскі ручнік сімвалізуе падзяку ўкраінцаў беларусам у цяжкую часіну Галадамору.

Арганізатары закладкі крыжа атрымалі блаславенне ад айца Аляксандра Прыгара, настаяцеля Свята-Пакроўскага храма ў Доўску.
Ад імя тых, хто выжыў, дзякуючы дапамозе братоў-беларусаў, на скрыжаванні дарог у Доўску Гомельскай вобласці быў пастаўлены крыж. Дзеля жыцця.
Урачыстая цырымонія ўсталявання крыжа памяці і памінальная служба адбыліся 29 лістапада 2003 года. Таксама былі зняты чатыры касеты матэрыялаў — відэаінтэрв'ю са сведкамі тых суровых і трагічных падзей. Але гэта будзе ўжо іншая, сучасная гісторыя. Супастаўленне такіх сведчанняў і матэрыялаў Акадэміі навук Беларусі аб міграцыйных працэсах тых гадоў дасць магчымасць лепш уявіць маштабы трагічных падзей Галадамору 1932–1933 гадоў ва Украіне.

zdymki_ad_autara_materyjala_9.jpg


А драўляны крыж да гэтага часу знаходзіцца каля Свята-Пакроўскага храма Доўска, на сімвалічным «скрыжаванні» дарог з поўдня Украіны на Санкт-Пецярбург і з беларускага Палесся на поўдзень Расіі. Гэты крыж сімвалізуе не толькі нашу памяць пра тых, хто загінуў ад Галадамору, але нагадвае пра ўзаемную падтрымку, якую аказваюць простыя людзі адзін аднаму ў цяжкую хвіліну.

Валянціна Логвін

Валянціна Логвін

Хай гэты крыж будзе шматгадовым сведкам дапамогі і ўзаемаразумення людзей, сяброў і незнаёмых, людзей веры, блізкіх па ментальным светаўспрыманні. Гэты знак — сведчанне сапраўднага чалавечага, культурнага і гуманітарнага супрацоўніцтва нашых народаў, у якім мы мелі патрэбу ў мінулым і якая так неабходна нам у сучаснасці.
Штогод у апошнюю суботу лістапада ва ўкраінскіх цэрквах праходзяць службы ў памяць пра шматлікія ахвяры тых гадоў. А пад канец кароткага восеньскага дня ў малых і вялікіх гарадах не толькі ва Украіне, але і па ўсім свеце, дзе ёсць украінцы, у вокнах і на плошчах запальваюць свечкі. Гэта не толькі памяць, але і падзяка, у тым ліку і вам, браты беларусы!
Арыгінал артыкулу h.ua. Рэдакцыя і пераклад В.Логвін
Шаноўныя чытачы! Калі вы ведаеце іншыя гісторыі дапамогі ўкраінцам на беларускай зямлі падчас Галадамору, дасылайце ў рэдакцыю: novychas@gmail.com ці праз нашы акаўнты ў сацыяльных сетках.