Палонныя неабвешчанай вайны
У пачатку Другой сусветнай вайны ў шэрагах Войска Польскага было каля 70 тысяч беларусаў, большасць якіх мужна змагалася з нацыстамі. У жніўні 1939 года, Уладзіміра Маніда, як і шматлікіх іншых жыхароў Заходняй
Беларусі, паклікалі ў польскае войска...
Пасля 17 верасня 1939 года, калі Чырвоная Армія перайшла «рыжскую мяжу», польскае камандаванне аддала загад сваім часткам эвакуявацца ў Венгрыю, Румынію, ці Літву. Савецкі Саюз не абвяшчаў вайну Другой Рэчы Паспалітай, аднак гэта не перашкаджала чырвонаармейцам забіваць польскіх жаўнераў і паліцэйскіх, браць іх у палон і трымаць у лагерах.
Рэзервісты з Маладзечна
Адзін з трагічных выпадкаў, звязаных з захопам бальшавікамі польскіх жаўнераў, адбыўся ля мястэчка Гарадок пад Маладзечна. Гэтую гісторыю мы ведаем са слоў былога жаўнера Войска Польскага Уладзіміра Маніда, які нарадзіўся ў вёсцы Хатуцічы ў 1912 годзе. У пачатку 1930-х гадоў менавіта яго сваякі збеглі ў СССР і сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій.
Падчас усеагульнай мабілізацыі, якая была абвешчана ў Польшчы ў жніўні 1939 года, Уладзіміра Маніда, як і шматлікіх іншых жыхароў Заходняй Беларусі, паклікалі ў польскае войска.
Хлопцу ўжо было 27 гадоў, і за яго плячыма была тэрміновая вайсковая служба. Рэзервістаў сабралі ў гміне Лебедзева, а потым накіравалі ў вайсковы гарадок у Геленава (зараз тэрыторыя Маладзечна). У гэты час 86-ы пяхотны полк Войска Польскага, які да вайны дыслакаваўся там, ужо быў перакінуты на Захад і змагаўся супраць нацыстаў у складзе 19-й пяхотнай дывізіі, якая ўваходзіла ў Армію «Прусы». У маладзечанскім гарнізоне працаваў мабілізацыйны цэнтр, дзе з рэзервістаў фармавалі і рыхтавалі больш-менш баяздольныя часткі. Варта памятаць, што побач знаходзілася мяжа з Савецкім Саюзам, і польскае камандаванне разглядала магчымасць таго, што Саветы выкарыстаюць зручны момант паквітацца за «цуд на Вісле».
Жыхароў Маладзечаншчыны, якія апранулі мундзіры Войска Польскага, спешна рыхтавалі да баявых дзеянняў. Паводле ўспамінаў Уладзіміра Маніда, жаўнераў-рэзервістаў узброілі і амаль кожны дзень вазілі на палігон, дзе тыя ўзмоцнена праходзілі агнявую і страявую падрыхтоўку. «Патронаў не шкадавалі. Мне выдалі кулямёт англійскай вытворчасці. Камандзірам у нас быў падпаручнік Заяц. Да вайны ён быў упраўляючым у маёнтку Беніца, які належаў панам Швыкоўскім», — узгадваў Уладзімір Манід.
14 верасня 1939 года польскіх жаўнераў у Геленава паднялі па трывозе, пашыхтавалі і хутка накіравалі ў раён мястэчка Гарадок, дзе пяхотнікі павінны былі ўзмоцніць падраздзяленні польскага Корпуса аховы памежжа, якія ахоўвалі польска-савецкі кардон.
Уладзімір Манід узгадваў, што сярод яго саслужыўцаў было шмат мясцовых беларусаў, ураджэнцаў вёсак Конавічы, Заскавічы, Готкавічы і іншых. Сярод іх хадзілі чуткі, што Чырвоная Армія рыхтуецца прыйсці «на дапамогу Польшчы ў вайне супраць Германіі». «У братоў з БССР страляць не будзем. Але загад ёсць, і яго трэба выконваць, таму ідзем на кардон», — разважалі заходнебеларускія сяляне.
Палон
Раніцай 17 верасня 1939 года падчас маршу польскай вайсковай калонны ў бок стражніц КАП (верагодна, гэтае падраздзяленне павінна было ўзмацніць гарнізон стражніц «Кучкуны» і «Шапавалы». — І.М.) на шашы, якая вяла з Мінска на Радашковічы, польскія жаўнеры ўбачылі кавалерыстаў у будзёнаўках. Апошнія таксама заўважылі польскіх пяхотнікаў і пайшлі ў атаку. Аднак польскія пяхотнікі не збіраліся страляць. Яны не разумелі, што адбываецца.
У разгубленасці быў і камандзір польскага падраздзялення. Пад рулямі бальшавіцкіх вінтовак польскія жаўнеры пачалі складваць сваю зброю. Узамен яны атрымлівалі… бальшавіцкія ўлёткі, дзе распавядалася пра «белапалякаў», «польскіх паноў» і «панскі прыгнёт». Хутка сярод «палякаў» з’явіўся бальшавіцкі палітук, які пачаў тлумачыць палонным жаўнерам, чаму Чырвоная Армія перайшла даваенную мяжу: «Таварышы! 20 гадоў вы знаходзіліся пад прыгнётам пана Пілсудскага і яго зграі, але зараз Чырвоная Армія пад мудрым кіраўніцтвам Сталіна прыйшла вызваліць вас і ўсю Заходнюю Беларусь».
Міма палонных польскіх жаўнераў праязджалі калонны савецкіх танкаў і бронемашын. У адным з вайсковых вазоў ляжаў польскі бела-чырвоны памежны слуп, які чырвонаармейцы, відавочна, выкапалі на мяжы.
Хутка палонным загадалі пашыхтавацца ў калону і пад канвоем чырвонаармейцаў і савецкіх памежнікаў з сабакамі пагналі ў бок Маладзечна. Ужо ўвечары таго ж дня польскіх вайскоўцаў размясцілі ў Маладзечанскай турме, дзе ўжо знаходзіліся паліцэйскія і ксяндзы. Прыкладна праз тыдзень знаходжання ў Маладзечне палонных жаўнераў Войска Польскага павялі на вакзал, дзе іх чакаў чыгуначны эшалон, які складаўся з вагонаў-цялятнікаў. Канвой быў ужо не такі ветлівы, як камісар, які размаўляў з заходнебеларускімі хлопцамі 17 верасня 1939 года. «Будзем страляць, так што ідзіце роўна і не спрабуйце збегчы», — крычалі жаўнеры ў будзёнаўках. Калі былых ужо вайскоўцаў пагрузілі ў вагоны, адзін з іх запытаў у чырвонаармейца, куды іх вязуць. І пачуў у адказ: «На нябёсы, панскае адроддзе».
Лагер на Віленшчыне
Уладзімір Манід узгадваў, што, маючы кепскія прадчуванні, ваеннапалонныя пачалі ўкладаць запіскі ў гільзы і выкідаць іх на станцыях праз вокны вагонаў. «Можа нехта знойдзе, ды паведаміць сваякам», — думалі заходнебеларускія хлопцы. Цягнік рухаўся ў бок Вільні.
Падчас руху здараліся «эксцэсы»: на станцыі Залессе эшалон спыніўся і «пасажыры» вагона, дзе ехаў Уладзімір Рыгоравіч, пачулі стральбу. Аказалася, што некалькі палонных паспрабавалі збегчы. Чырвонаармейцы пачалі страляць спачатку па тых, хто пабег, а потым вывелі тых, хто быў у вагоне, і расстралялі з кулямётаў. Колькі людзей тады загінула, ніхто не ведае. Кажуць, што і сёння побач са станцыяй ёсць непрыкметны крыж над магілай, дзе пахаваныя ваеннапалонныя той неабвешчанай вайны.
Урэшце польскія жаўнеры з-пад Маладзечна прыбылі ў Меднікі пад Вільняй. Там, на тэрыторыі старога замка, бальшавікі арганізавалі лагер для ваеннапалонных. Вось як падобнае месца апісваў адзін з карэспандэнтаў савецкай газеты «Чырвоная зорка»: «У толькі што арганізаваны лагер я прыехаў позна ўвечары. Групы людзей у зялёных і сініх шынялях, у фуражках з доўгімі казыркамі стаялі паўсюль.
Сярод іх без цяжкасцяў можна было адрозніць жаўнераў, апранутых у зялёныя фрэнчы, у ботах з абмоткамі, афіцэраў, у форме з дабротнага сукна, і паліцыянтаў, начапіўшых сінія картузы з брылямі, абцягнутымі металёвым кантам. Тут жа мільгалі людзі ў грамадзянскіх касцюмах. Гэта былі тыя афіцэры, якія баязліва збеглі з частак, пераапрануўшыся ў грамадзянскае. Прыглядзеўшыся ўважліва, няцяжка было заўважыць, што групы афіцэраў трымаліся ў баку ад жаўнераў, не жадаючы размаўляць з імі». Адзначым, што асобы ў грамадзянскай вопратцы — гэта, хутчэй за ўсё, рэзервісты, якія не паспелі атрымаць уніформу і якіх «узялі» разам з іншымі жаўнерамі Войска Польскага ў гарнізоне.
У Медніках, паводле сведчанняў Уладзіміра Маніда, знаходзілася вялікая колькасць польскіх ваеннапалонных і цывільных асоб. Хутка бальшавікі пачалі дапытваць вязняў, цікавіліся, якую пасаду яны займалі ў войску ці ў цывільным жыцці. Афіцэраў вылучылі і перавялі ў іншую частку лагеру. Асабліва цікавіліся «адукаванымі» людзьмі, тымі, хто меў 7–8 класаў сярэдняй ці вышэйшую адукацыю. Пасля допытаў гэтыя людзі больш не вярталіся ў баракі. Частку зняволеных накіроўвалі ў Асташкаўскі і іншыя лагеры.
Як вядома, Сталін «падараваў» Віленшчыну Літоўскай рэспубліцы, пры гэтым Меднікі апынуліся ў складзе БССР. Аднак ненадоўга: у кастрычніку 1940 года горад увайшоў у склад Літоўскай ССР. Прыкладна ў гэты час Уладзімір Манід апынуўся на волі.
Праз год пасля далучэння Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны да СССР у газеце «Чырвоная зорка» адзначалася, што ў выніку «вызвольнага паходу» ў савецкі палон трапілі 10 генералаў, 52 палкоўнікі, 72 падпалкоўнікі, 5131 афіцэр, 4096 падафіцэраў і 181233 шарагоўцаў. Аднак, паводле меркавання польскіх даследчыкаў, усяго ў руках бальшавікоў тады апынулася каля 230 тысячы чалавек (ад генералаў да шарагоўцаў). Частцы гэтых людзей (асабліва шарагоўцам) пашчасціла, і іх вызвалілі. Некалькі дзясяткаў тысяч афіцэраў Войска Польскага, польскай дзяржаўнай паліцыі і КАП былі знішчаны ў Катыні, Медным, Быкоўні, Пяціхатках і мінскіх турмах. Вялікая колькасць падафіцэраў (сярод якіх былі і беларусы) былі рэпрэсаваныя і апынулася ў лагерах ГУЛАГу.
Аўтар выказвае шчырую падзяку Віктару Голубу за прадстаўленыя матэрыялы.