ЗША змірыліся з тым, што вайна будзе працягвацца доўга
Вайна, верагодна, будзе працягвацца і ў наступным годзе. Таму Злучаныя Штаты і іх саюзнікі павінны заставацца непахіснымі ў дапамозе Украіне ісці наперад да перамогі.
Здаецца, ЗША змірыліся з тым, што Украіна не зможа радыкальна змяніць сітуацыю на фронце да надыходу зімы, напрыклад, перарэзаць сухапутную мяжу з Крымам, якую прарвалі расійскія войскі.
Таму Вашынгтон збіраецца павялічыць дапамогу Украіне, каб яна магла працягнуць свой план вызвалення ў наступным годзе. Акрамя авіяцыі, Украіна можа атрымаць касетныя боепрыпасы большай далёкасці, піша «Washington Post».
Выданне сцвярджае, што неаднаразова чула пра такія настроі ад сваіх крыніц на ўсіх узроўнях урада ЗША, хоць гэтае лета стала пэўным «расчараваннем» як для Украіны, так і для яе саюзнікаў, якія спадзяваліся на больш заўважныя і хуткія поспехі.
«Афіцыйныя асобы ЗША лічаць, што стратэгічнае цярпенне застаецца лепшай зброяй супраць прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, які па-ранейшаму верыць, што можа перажыць Украіну і Захад», — гаворыцца ў артыкуле.
У амерыканцаў шмат заўваг і да ўкраінскай вайсковай стратэгіі. Паводле звестак выдання, афіцыйныя асобы даўно заклікаюць Кіеў засяродзіць наступ на Прыазоўі, а не раскідваць сілы на ўсход. Яны таксама лічаць, што Украіна выдаткоўвае занадта шмат боепрыпасаў для 155-мм артылерыі і занадта разлічвае на паветраную разведку, грэбуючы наземнай.
Але, нягледзячы на рознагалоссі і дыскусіі, Вашынгтон імкнецца не толькі працягваць, але нават павялічваць падтрымку Украіны.
«У Вашынгтоне расце падтрымка забеспячэння, напрыклад, касетнымі боепрыпасамі для рэактыўнай артылерыі, якія могуць паражаць глыбей, чым версія снарадаў простай артылерыі, якую Злучаныя Штаты пачалі пастаўляць у мінулым месяцы», — гаворыцца ў артыкуле.
ЗША таксама «ўпарта працуюць над планаваннем» «будучай сілы» Украіны — парку самалётаў F-16, першыя з якіх Украіна можа атрымаць ужо праз некалькі месяцаў.
Украіна працягвае заклікаць ЗША даць ёй «ATACMS» — ракеты далёкага радыусу дзеяння. Але пакуль Пентагон супраціўляецца. На думку выдання, галоўная прычына ў тым, што ЗША не ўпэўнены, што «ATACMS» ім самім будзе дастаткова ў выпадку канфрантацыі з Кітаем.
Выданне параўноўвае вайну ва Украіне з амерыканскай рэвалюцыяй, калі ЗША заваявалі незалежнасць у вайне з Вялікабрытаніяй, а змаганне тады доўжылася восем гадоў: «Магчыма, найлепшым прыкладам у ваеннай гісторыі доўгай кровапралітнай барацьбы супраць больш моцнай дзяржавы, якая скончылася канчатковай перамогай, была Амерыканская рэвалюцыя».
«На гэтым шляху было шмат перыядаў дэмаралізацыі, паклёпу, скаргаў на недастатковую падтрымку з-за мяжы, а часам і адчаю. Але паўстанцы заставаліся на полі бою, а англічане ў выніку адступілі», — робіць выснову выданне.
«Ва Украіне сезон незадаволенасці і ўзаемных абвінавачанняў з усіх бакоў з-за павольнага тэмпу контрнаступлення. Але гэтая вайна далёкая ад завяршэння».