Трагедыя паўднёвакарэйскага «Боінга». Дасье ў карыкатурах

Сёння шмат кажуць наконт магчымай новай сусветнай вайны. Нешта падобнае назіралася і 30 гадоў таму, калі ў небе над Ціхім акіянам быў збіты паўднёвакарэйскі грамадзянскі авіялайнер «Боінг 747», які выконваў рэйс 007.

1_784.jpg

Падобныя трагедыі здараліся і раней. Тое, што менавіта гэтая гісторыя выклікала сусветны рэзананс, тлумачыцца палітычнай сітуацыяй пачатку 80-х. Інтэрвенцыя СССР у Афганістан і ваенны стан у Польшчы разглядаліся на Захадзе як зневажальныя паразы. У адказ 23 сакавіка 1983-га Рэйган абвясціў аб сваёй «Стратэгічнай абароннай ініцыятыве» (SDI), мэтай якой было панаванне ў космасе для стварэння супрацьракетнага «шчыта» ЗША.

Намаляваныя Рэйганам у сваёй прамове карціны выглядалі зусім фантастычна. Нядзіўна, што праект адразу атрымаў мянушку «Зорныя войны», у гонар кінаэпапеі Джорджа Лукаса. Некаторыя карыкатурысты нават жартоўна дапускалі, што персанажы «Зорных войнаў» будуць экспертамі-дарадцамі падчас стварэння SDI (гл. малюнак вышэй).

Адной SDI справа не абмежавалася. Яшчэ ў 1979 годзе ў адказ на размяшчэнне савецкіх ядзерных ракет сярэдняй далёкасці каля межаў NATO Альянс вырашыў размясціць у Еўропе амерыканскія ракеты аналагічнага калібру. Калі для вайскоўцаў амерыканскія ракеты былі лагічным адказам на тактыку СССР, то для простых еўрапейцаў яны сталі сапраўдным жахам. Найноўшыя ядзерныя ракеты сярэдняй далёкасці ставілі цэнтр Еўропы пад зусім новую пагрозу. Да таго ж стала вядома думка стратэгаў  Рэйгана аб магчымасці атрымаць перамогу ў выпадку лакальнага ядзернага канфлікту на тэрыторыі Еўропы. 

У выніку Еўропу ахапілі антываенныя пратэсты. Са свайго боку Савецкі Саюз 24 лістапада 1982 года выйшаў з перагавораў па абмежаванні ракет сярэдняй далёкасці ў Еўропе, а пасля з перагавораў па стратэгічных узбраеннях і звычайных узбраеннях на еўрапейскім кантыненце. Адначасова павялічылася колькасць узаемных вучэнняў і правакацый. Упершыню з часоў карыбскага крызісу ядзерная вайна перастала быць фантастыкай. Як бачым на малюнках пачатку 80-х, пагроза ядзернай катастрофы тады ператварылася ў калектыўны жах. 

2_727.jpg

У такой атмасферы любы выпадак мог стаць падставай для моцнай эскалацыі. Так і здарылася. 1 верасня пасажырскі «Боінг-747» (рэгістрацыйны нумар HL7442) паўднёвакарэйскай кампаніі Korean Air выконваў рэгулярны рэйс па маршруце Нью-Ёрк — Сеул з пасадкай для дазапраўкі на Алясцы.

На борце знаходзіліся 23 члены экіпажа і 246 пасажыраў, уключаючы 23 дзіцяці. Усе яны загінулі ў выніку ракетнай атакі савецкага знішчальніка. Пасля таго, як ракета трапіла ў борт, самалёт упаў у мора каля Сахаліна. Нямецкая газета Die Welt графічна прадставіла момант нападу наступным чынам..

3_644.jpg

На хвалі эмоцый па тым і гэтым баках жалезнай заслоны прапаноўваліся зусім супрацьлеглыя версіі здарэння. Савецкая прэса сцвярджала, што амерыканцы наўмысна накіравалі самалёт у савецкую паветраную прастору з мэтай праверыць патэнцыял супрацьпаветранай абароны патэнцыйнага суперніка (на момант катастрофы самалёт сапраўды адхіліўся ад курса больш чым на 500 кіламетраў). Графікі не паспявалі маляваць карыкатуры пра амерыканскіх мілітарыстаў, якія спекулююць на тэме катастрофы паўднёвакарэйскага «Боінга». Малюнак з часопіса «Крокодил» у вераснёўскім нумары 1983 года.

4_598.jpg

У сваю чаргу ў ЗША запусцілі тэму, што «рускія камуністы» свядома знішчылі мірных пасажыраў, каб запалохаць свет сваёй няўмольнай жорсткасцю. Прэзідэнт ЗША Рональд Рэйган назваў гэтую падзею «злачынствам супраць чалавецтва, актам нечалавечай жорсткасці». У разгар медыякампаніі з нагоды трагедыі Боінга часопіс Times выйшаў з характэрным малюнкам на вокладцы.

5_554.jpg

У выніку халодная вайна падышла да адной са сваіх кропак, калі яна магла неўзабаве пераўтварыцца ў вайну гарачую. Аднак паступова эмоцыі сцішыліся. У тым ліку праз заяву Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO). На думку яе экспертаў, найбольш верагоднай прычынай адхілення рэйса 007 ад маршруту палёту было тое, што пілоты няправільна наладзілі аўтапілот і не выконвалі належных праверак для ўдакладнення бягучых каардынат.

Канчаткова пра паўднёвакарэйскі «Боінг» на Захадзе амаль забыліся пасля 3 ліпеня 1988 года, калі амерыканскі крэйсер збіў іранскі пасажырскі лайнер у Персідскім заліве з 290 пасажырамі на борце. Тады ўжо прыйшлося апраўдвацца амерыканцам. Той жа Рэйган казаў пра выключную «выпадковасць». Як і варта было чакаць, іранцаў такое тлумачэнне не задаволіла. На тагачасных малюнках іранскіх карыкатурыстаў амерыканскія ваенныя маракі, якія збілі лайнер, выглядаюць як неандэртальцы.

6_417.jpg

Застаецца дадаць, што катастрофа рэйса 007 мела нечаканы водгук у савецкім грамадстве. Справа ў тым, што першапачаткова ў СССР прама не паведамлялі аб тым, што «Боінг» быў збіты. Першае паведамленне ў прэсе заканчвалася туманнай фразай, што «самалёт не адказваў на сігналы савецкіх знішчальнікаў і працягнуў палёт у бок Японскага мора». У тыя дні з'явіўся жарт, што «Боінг» сапраўды «працягнуў палёт у бок мора», але толькі не па гарызанталі, а... па вертыкалі. Іншымі словамі, асвятленне гісторыі з «Боінгам» стала доказам ілжывасці афіцыёзу.

Магчыма намёк на гэта сустракаецца ў мультфільме «У сінім моры, у белай пене» (1984). Там на экране з'яўляюцца затопленыя караблі з фатальнымі лічбамі на бартах — 007 і 747. Да гэтага часу застаецца незразумелым — гэта проста супадзенне, або аніматары тонка іранізавалі наконт хлусні савецкіх прапагандыстаў.

7_298.jpg