Генры Кісінджэр і яго спадчына. Дасье ў карыкатурах

30 лістапада на 101-м годзе жыцця памёр Генры Кісінджэр — ветэран амерыканскай дыпламатыі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і персанаж вялікай колькасці карыкатур.

Генры Кісінджэр нарадзіўся, калі яшчэ толкам не скончылася Першая сусветная. Ён з'явіўся на свет 27 мая 1923 года ў нямецкім горадзе Фюрт у яўрэйскай сям'і Кісінгераў. У 1938 годзе пасля яўрэйскіх пагромаў сям'я прыняла рашэнне ўцячы з нацысцкай Германіі і ў выніку апынулася ў ЗША.

Наш герой, ужо як Генры Кісінджэр, быў закліканы ў войска новай радзімы ў 1943-м, дзе трапіў у спецслужбы. І даслужыўся да кіраўніка міжнароднай палітыкі Штатаў на пасадзе дзяржсакратара (з 1969-га па 1975 год), а ў 1973-1977 гадах быў яшчэ і дзяржаўным сакратаром ЗША. Такую камбінацыю больш нікому не ўдалося паўтарыць. За гэты час Кісінджэр шмат у чым заклаў асновы сучаснага светаўладкавання. Значэнне Кісінджэра для лёсу планеты мастак Майкл Рамірэз праілюстраваў наступным чынам.

1_849.jpg

На пасадзе кіраўніка дзярждэпу Кісінджэр цалкам перагледзеў знешнепалітычны курс Штатаў. Ён спрабаваў ставіць толькі дасягальныя мэты, якія не пагражаюць ЗША небяспечным імперскім перанапружаннем. Кісінджэр таксама верыў у шматбаковы баланс сіл як надзейную аснову міжнароднай стабільнасці, а таму заўсёды быў гатовы да пошукаў узаемапрымальных кампрамісаў. 

Менавіта таму ён дабіўся, каб Ніксан заключыў пакт з Мао, які ў выніку прыслабіў сусветны камуністычны лагер. І тады, і цяпер усё ўпэўненыя, што ні Мао, ні Ніксан не былі здольныя на такое без асабістага ўплыву Кісінджэра. Не выпадкова многія тагачасныя карыкатурысты выяўлялі, як лідары КНР і ЗША танчаць пад музыку Кісінджэра.

2_770.jpg

Услед за кітайскім прарывам рушыў і савецкі. Кісінджэр прыляцеў у Маскву на перамовы з Леанідам Брэжневым. Хутка той і Ніксан падпісалі гістарычныя дакументы аб абмежаванні сістэм супрацьракетнай абароны і стратэгічных наступальных узбраенняў. Зрэшты, як мы бачым на тагачаснай карыкатуры часопіса «Крокодил», у шчырасць амерыканскай дыпламатыі ў СССР не вельмі верылі.

3_681.jpg

У 1973 годзе Кісінджэр атрымаў Нобелеўскую прэмію міру за сваю ролю ў дасягненні Парыжскага мірнага пагаднення, якое на час спыніла вайну ў В'етнаме. Пасля гэтага ЗША выйшлі з В'етнамскай вайны, ад якой у амерыканскім грамадстве ўзнікла вялізная стомленасць, што зафіксавалі карыкатуры таго часу. На малюнку часопіса The New Yorker амерыканцы патрабуюць ад Кісінджэра вывесці войскі ЗША з В'етнама.

4_625.jpg

Але ў нябожчыка-лаўрэата прэміі міру ёсць шмат шкілетаў у шафе. Так шмат, што леваліберальны часопіс The Rolling Stones у сваім некралогу назваў Генры Кісінджэра адным з самых вялікіх ваенных злачынцаў ХХ стагоддзя. 

Імя Генры Кісінджэра звязваюць з такімі падзеямі, як амерыканскія бамбардзіроўкі Камбоджы, удзел ЗША ў ваенным перавароце ў Чылі, устанаўленні шэрагу дыктатур у Лацінскай Амерыцы, падтрымка Злучанымі Штатамі Пакістана ў вайне за Бангладэш, падчас якой Пакістан здзейсніў жорсткія этнічныя чысткі. Па словах аднаго біёграфа Кісінджэра, на яго руках кроў як мінімум 3 мільёнаў чалавек. Нядзіўна, што многія карыкатурысты сёння малююць, як Кісінджэра адпраўляюць пасля смерці ў пекла. На гэтым малюнку ён сустракае ў пекле свайго былога патрона прэзідэнта Ніксана.

5_588.jpg

Напэўна, Кісінджэр адчуваў нейкі дыскамфорт у сувязі з згаданымі вышэй абвінавачаннямі. Апошнія гады ён актыўна пазіцыянаваў сябе як прыхільніка мірных рашэнняў канфліктаў. У прыватнасці, прапанаваў вырашыць канфлікт ва Украіне па формуле: Расіі дастаецца Крым, а Украіне — Данбас. Праўкраінскія выданні такі падыход не зразумелі. На гэтым малюнку Зяленскі змагаецца з вядомым персанажам з фільмаў жахаў, якога падтрымлівае Пуцін. Кісінджэр прапануе Зяленскаму ахвяраваць рукой ці нагой, каб Пуцін стаў больш міралюбівы.

6_439.jpg


Аўтар артыкула ў выданні HuffPost называе вызначэнне спадчыны Кісінджэра «прывабнай задачай», якую гісторыкі і журналісты спрабуюць вырашыць ужо не першы дзясятак гадоў. На яго думку, «пры гэтым непазбежна ўзнікае пытанне, ці абумоўлены "ваенныя злачынствы" Кісінджэра яго "асабліва злой натурай"», ці наадварот, сваім прыкладам ён даводзіць тое, што «проста немагчыма так доўга кіраваць імперыяй, не здзяйсняючы пры гэтым нейкіх агідных учынкаў».

У любым выпадку, Кісінджэр — гэта, вядома, унікальная з'ява. Не ўсе памятаюць прэзідэнтаў Форда ці Картэра, але Кісінджэра ведалі і будуць ведаць усе. Не дарма ніводнага кіраўніка дзярждэпартаменту ЗША акрамя нябожчыка не адлюстроўвалі ў выглядзе супергероя. Тым больш, на вокладцы ўплывовага часопіса Neesweek.


7_315.jpg