Памёр Генры Кісінджэр — легенда дыпламатыі ЗША

Генры Кісінджэр, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, прапанаваў Украіне мір у абмен на тэрыторыю і ў ліпені 2023 года, маючы ўжо 100 гадоў, наведаў Кітай з неафіцыйным візітам, каб зноў размарозіць кітайска-амерыканскія стасункі.

Генры Кісінджэр на цырымоніі ў яго гонар у Пентагоне 20 траўня 2016 года. Фота AFP

Генры Кісінджэр на цырымоніі ў яго гонар у Пентагоне 20 траўня 2016 года. Фота AFP

Генры Кісінджэра ставяць у адзін шэраг з Талейранам і Метэрніхам. Толькі легендарныя дыпламаты пазамінулага стагоддзя не схадзілі з авансцэны гадоў па трыццаць, а Кісінджэр усяго за восем паспеў стаць бацькам аднаўлення амерыкана-кітайскіх адносін, міру ў В'етнаме і «разрадкі» з Масквой. Любога з гэтых здзяйсненняў дастаткова, каб увайсці ў гісторыю, піша ВВС.

Казалі, што Кісінджэр па здольнасцях і заслугах мог бы прэтэндаваць на прэзідэнцтва, калі б толькі не нарадзіўся за межамі ЗША.

Будучы архітэктар сусветнага парадку з'явіўся на свет 27 мая 1923 года ў Фюрце, Баварыя, у сям'і школьнага настаўніка і атрымаў імя Хайнц, якое потым змяніў на «Генры».

Новая Айчына

Калі яму было 15 гадоў, сям'я ўцякла ад нацыстаў у Нью-Ёрк. Юны Кісінджэр вучыўся ў школе на Манхэтане і адначасова падзарабляў на фабрыцы пэндзлікаў для галення.

У 1943 годзе ён быў прызваны ў армію і дзякуючы веданню нямецкай мовы залічаны ў разведку 84-й пяхотнай дывізіі. У 1945–1946 гадах займаўся дэнацыфікацыяй і вышукам былых эсэсаўцаў у Германіі, у Гановеры і зямлі Гесэн.

У 1950 годзе Кісінджэр з адзнакай скончыў Гарвард (яго дыпломная праца пад назвай «Значэнне гісторыі» аб'ёмам у 388 старонак з'яўляецца самай доўгай за чатыры стагоддзі існавання ўніверсітэта) і амаль 20 гадоў рабіў паспяховую кар'еру прафесара і эксперта.

У студзені 1969 года, адразу пасля сваёй інаўгурацыі, Рычард Ніксан прапанаваў вядомаму на той час аналітыку пасаду свайго памочніка па нацыянальнай бяспецы.

Прэзідэнт бязмежна давяраў Кісінджэру — і выказваў пры гэтым, на думку вашынгтонскіх назіральнікаў, грэбаванне ў дачыненні да дзяржсакратара Уільяма Роджэрса, якое нават выходзіла за рамкі прыстойнасці.

У 1973 годзе Кісінджэр — адзіны раз у гісторыі ЗША — засяродзіў у адных руках абедзве ключавыя знешнепалітычныя пасады. І пры гэтым захаваў выключнае становішча і пры пераемніку Ніксана Джэральдзе Фордзе.

Па сваіх поглядах Кісінджэр з'яўляўся паслядоўнікам класічнай Realpolitik, надаючы параўнальна мала ўвагі ідэалогіі і правам чалавека.

Глабальны зрух

Збліжэнне паміж ЗША і мааісцкім Кітаем, які заходзіў у адмаўленні заходніх каштоўнасцяў нашмат далей за Савецкі Саюз, здавалася ў пачатку 1970-х гадоў абсалютнай фантастыкай. Аднак Кісінджэр верыў, што геапалітычныя меркаванні возьмуць верх — і не памыліўся.

Закулісны зандаж вёўся праз дыпламатаў і палітыкаў трэціх краін, уключаючы румынскага лідара Нікалае Чаўшэску.

У красавіку 1971 года — нечакана для ўсіх Кітай — упершыню запрасіў да сябе заходніх спартсменаў, амерыканскую каманду па настольным тэнісе. Выраз «пінг-понгавая дыпламатыя» ўвайшоў у падручнікі.

9–11 ліпеня 1971 года сам Кісінджэр таемна наведаў Пекін — вельмі рэдкі выпадак у сучаснай міжнароднай практыцы.

Падпісанне парыжскіх пагадненняў па В'етнаме (у цэнтры Генры Кісінджэр). Подпіс, які скончыў в'етнамскую вайну. Фота AFP

Падпісанне парыжскіх пагадненняў па В'етнаме (у цэнтры Генры Кісінджэр). Подпіс, які скончыў в'етнамскую вайну. Фота AFP

Займальны дыпламатычны спектакль завяршыўся афіцыйным візітам Ніксана ў лютым 1972 года, усталяваннем дыпламатычных адносін і прызнаннем Вашынгтонам Тайваня дэ-юрэ часткай КНР.

Нягледзячы на тое, што дзве дзяржавы сталі ключавымі і незаменнымі эканамічнымі партнёрамі адна для адной за апошнія 50 гадоў, вайна Расіі супраць Украіны і пытанне Тайваня ў 2023 годзе моцна астудзілі адносіны паміж Пекінам і Вашынгтонам.

А Кісінджэр, якому на той момант было ўжо 100 гадоў і які не займаў ніякіх пасад, у ліпені 2023 года зноў здзейсніў неафіцыйны візіт у Пекін, каб «размарозіць» адносіны.

«Мы ніколі не забудзем нашых старых сяброў і ніколі не забудзем ваш гістарычны ўклад у развіццё амерыкана-кітайскіх адносін і дружбы паміж народамі дзвюх краін», — заявіў тады кітайскі лідар.

А эксперты задаваліся пытаннем, ці ўдасца Кісінджэру другі раз у жыцці дасягнуць прарыву ў амерыкана-кітайскіх адносінах.

Праз чатыры месяцы кіраўнік Кітая прыехаў у ЗША і сустрэўся з прэзідэнтам Джо Байдэнам — лідары краін дамовіліся аднавіць мінімальны ўзровень супрацоўніцтва ў шэрагу важных сфер.

Глядзіце таксама

Нобелеўская прэмія міру

У 1973 годзе Генры Кісінджэр атрымаў Нобелеўскую прэмію міру за распрацоўку падпісанага 13 чэрвеня Парыжскага пагаднення па В'етнаме, якое прадугледжвала спыненне агню, вывад амерыканскіх войскаў і мірнае аб'яднанне дзвюх частак краіны на аснове свабодных дэмакратычных выбараў. Цяжкія перамовы вяліся чатыры гады.

Праўда, у красавіку 1975 года «мір» скончыўся ўзброеным захопам Поўдня Поўначчу і ўсталяваннем камуністычнай дыктатуры. Крытыкі сцвярджалі, што з улікам канчатковага выніку Нобелеўскі камітэт крыху паспяшаўся.

Глядзіце таксама

Архітэктар «разрадкі»

Савецкі візаві Кісінджэра Андрэй Грамыка называў яго «чортам», але паважаў і казаў, што яго слову можна давяраць.

У траўні 1972 года здзейснілася самая знакавая падзея «разрадкі» — афіцыйны візіт у СССР Рычарда Ніксана. Гэта быў першы ў гісторыі прыезд прэзідэнта Злучаных Штатаў у СССР, калі не лічыць удзелу Франкліна Рузвельта ў Ялцінскай канферэнцыі.

«Никсон с его госпожою» ўвайшлі ў песню Высоцкага, і наогул моцна запомніліся савецкім грамадзянам, але рэальным арганізатарам візіту і ключавым перамоўшчыкам з амерыканскага боку быў Кісінджэр, як і на ўсіх астатніх самітах да 1975 года.

Генры Кісінджэр (на пярэднім плане злева). Прэзідэнт ЗША Джэральд Форд (за Кісінджэрам) і іншыя чальцы амерыканскай дэлегацыі гутараць з генеральным сакратаром ЦК КПСС Леанідам Брэжневым, міністрам замежных спраў СССР Андрэем Грамыкам і паслом у ЗША Анатолем Дабрыніным у цягніку, які едзе па Савецкім Саюзе ў 1974 годзе. Фота Gerald R. Ford Library

Генры Кісінджэр (на пярэднім плане злева). Прэзідэнт ЗША Джэральд Форд (за Кісінджэрам) і іншыя чальцы амерыканскай дэлегацыі гутараць з генеральным сакратаром ЦК КПСС Леанідам Брэжневым, міністрам замежных спраў СССР Андрэем Грамыкам і паслом у ЗША Анатолем Дабрыніным у цягніку, які едзе па Савецкім Саюзе ў 1974 годзе. Фота Gerald R. Ford Library

Калі Ніксана павезлі ў Ленінград і Кіеў, Кісінджэр застаўся ў Маскве для перамоваў з Грамыкам. Пасля ён неаднаразова прыязджаў у СССР, вельмі хацеў паглядзець Ленінград, і кожны раз нешта не складалася. Ён аднойчы сказаў Грамыку, што ўжо не ўпэўнены, ці існуе гэты горад насамрэч.

«А дзе ж здзейснілася наша рэвалюцыя?» — падтрымаў жарт савецкі міністр.

«У Санкт-Пецярбургу», — адказаў Кісінджэр. Ён ганарыўся сваёй гістарычнай эрудыцыяй, але ў даным выпадку не звярнуў увагі, што ў 1917 годзе горад называўся Петраградам.

У Кісінджэра склаліся асабістыя адносіны з савецкімі лідарамі — зразумела, не сяброўскія, але якія выходзілі за рамкі пратаколу.

Аднойчы пасля ўдалага палявання на дзіка (амерыканец страляць не стаў) Леанід Брэжнеў адаслаў чэлядзь і пачаў сам раскладваць ежу і разліваць гарэлку, А Кісінджэру загадаў «не сядзець без справы» і рэзаць каўбасу, — і патлумачыў, што так смачней.

Цікавасць да Расіі Генры Кісінджэр захаваў назаўжды.

Ён неаднаразова сустракаўся з Уладзімірам Пуціным, апошні раз — 3 лютага 2016 года ў Маскве. У публічных выказваннях ветэран сусветнай палітыкі крытыкаваў расійскую анексію Крыма, але заклікаў не спяшацца з прыняццем Украіны ў NATO.

Сярод шматлікіх званняў і адрозненняў Кісінджэра былі ступені акадэміка РАН і ганаровага доктара Дыпламатычнай акадэміі МЗС РФ.

Глядзіце таксама

Мір у абмен на тэрыторыю

Пасля сустрэчы з Пуціным і пасля перамогі Дональда Трампа Кісінджэр, як ветэран амерыканкай дыпламатыі, фактычна ініцыяваў рэзанансны план усталявання міру ва Украіне і дасягнення «Вялікага пагаднення» з Расіяй.

У канцы снежня 2016 года ў нямецкай прэсе з'явіліся артыкулы, у якіх нібыта са спасылкай на крыніцы сцвярджалася, што былы дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр прапанаваў новаму прэзідэнту Дональду Трампу стратэгію ў дачыненні да Украіны.

І яна, нібыта, будзе заключацца ў пэўным кампрамісе адносна канфлікту ва Украіне, у якім Расію больш не будуць папракаць адносна анексіі Крыму, а яна будзе паступова сыходзіць з Данбасу. І санкцыі да РФ будуць змякчацца.

Інфармацыя часткова пацвердзілася, калі дарадца спадара Кісінджэра Томас Грэм у інтэрв'ю амерыканскаму выданню не стаў адмаўляць ініцыятыву кіраўніка, — і дадаў, што ён імкнецца да паляпшэння адносін паміж Расіяй і ЗША.

Ва Украіне гэтую ініцыятыву падтрымаў адзін з найбагацейшых алігархаў Віктар Пінчук, але ініцыятыва скончылася скандалам і не мела выніку.

Глядзіце таксама

А ўжо ў снежні 2022 года Кісінджэр паспрабаваў прасунуць мірны план пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

У калонцы для The Spectator ён выказаў думку, што для пачатку мірнага працэсу РФ павінна вывесці войскі з падкантрольных Украіне тэрыторый з 24 лютага 2022 года.

Акрамя таго, ён першым заявіў, што такі мірны працэс павінен звязаць Украіну з NATO на канкрэтных умовах. Па сутнасці, гэта была прапанова сяброўства Украіны (чаго Кісінджэр раней не хацеў) у NATO з гарантыямі бяспекі толькі часткі тэрыторый — без Крыма і часткі Данбаса.

Праз год такая ініцыятыва застаецца на парадку дня — шэраг былых і цяперашніх дзеячаў NATO і заходніх краін таксама прапануюць план сяброўства Украіны ў NATO з гарантыямі бяспекі толькі падкантрольных Кіеву тэрыторый.

Але як і ў 2022 годзе, так і ў 2023 годзе Расія і Пуцін не гатовыя аддаваць ужо захопленыя тэрыторыі.