Значкі супраць дыктатуры
Значную ролю ў фарміраванні культу асобы Мао Цзэдуна мелі значкі з выявай правадыра. Парадаксальна, але яны ў выніку і аказаліся галоўнай пагрозай для рэжыму.
Калісьці аўтар гэтых радкоў падчас наведвання Паўночнай Карэі заўважыў, што ўсе грамадзяне КНДР ва ўзросце ад 10-12 гадоў носяць значкі з Кім Ір Сэнам. Аднак нехта ў нашай групе звярнуў увагу, што сталічная моладзь прышпільвае значкі з правадыром на вопратцы крыху вышэй. Перакладчык прызнаўся, што такім чынам дзеці эліты падкрэсліваюць свой асаблівы статус.
Насамрэч гісторыя не новая. Падобнае адбывалася ў Кітаі ў часы Культурнай рэвалюцыі, аднак у куды большых маштабах і часам фантастычных праявах.
Як вядома, прычынай кампаніі пад назвай Культурная рэвалюцыя стаў раскол у кіраўніцтве Кітайскай Камуністычнай Партыі (КПК). Для барацьбы з апазіцыйным партыйным актывам Мао зрабіў стаўку на моладзь, якая атрымала карт-бланш на любыя дзеянні, у тым ліку забойствы. Адначасова сфармаваўся вонкавы код прыхільнікаў Вялікага рулявога. Ён складаўся з адзення ваеннага крою, наяўнасць цытатніка Мао і значка з выявай Старшыні.
Улада калі не ініцыявала з'яўленне такога стылю і яго атрыбутаў, то актыўна яго папулярызавала, у тым ліку значкі. У жніўні 1968-га ўдзельнікам першай нацыянальнай маніфестацыі хунвейбінаў у Пекіне выдалі па значку ў памяць аб мерапрыемстве.
Неўзабаве мода на значкі Мао стала масавай сярод кітайскай моладзі, што прыкмецілі кіраўнікі КПК. Хутка лідары КНР сталі фарсіць на публіцы з цяпер ужо абавязковым значком. Узнікла мода заахвочвання значкамі. Так Чжоў Эньай падарыў хунвейбінам адной з правінцый каля 10 тысяч значкоў.
Істэрыка наконт значкоў перакінулася на іншыя катэгорыі насельніцтва, што нядзіўна з улікам масавага тэрору хунвейбінаў. Наяўнасць значка была нейкай гарантыяй адноснай бяспекі пры сустрэчы з фанатамі Мао. На першым этапе задаволіць попыт на падобную фалерыстыку дзяржава была не ў стане. Значкі з Мао «кляпалі» яшчэ з 40-х гадоў, але гэта быў дастаткова рэдкі сувенір, прызначаны для перадавікоў ці замежных гасцей.
Таму спачатку пытанне вырашалася саматужна. Напрыклад, ветэраны карэйскай вайны навучыліся рабіць значкі з металу са збітых амерыканскіх самалётаў.
Аднак хутка вытворчасць значкоў наладзілі. Прычым у сапраўды шалёных маштабах. Так, заводам правінцыі Шчэньсі, у якой жыло 22 мільёны чалавек, далі інструкцыю выпусціць 30 мільёнаў значкоў. На піку моды падобную прадукцыю выраблялі 20 тысяч заводаў.
Адначасова пачалі рабіць розныя варыяцыі значкоў. Так, у 1967 годзе кожны вайсковец атрымаў па два значкі — адзін проста з партрэтам Мао, а другі з партрэтам Мао і подпісам «Служыць народу». У 1968-м адзін завод навучыўся рабіць значкі з фарфору. Узнікла іерархія каштоўнасці значкоў. Так, каб купіць спецыяльны значок, які выпускаўся на радзіме Мао, трэба было адстаяць у чарзе шэсць гадзін.
Ужо да 1968 года 89 працэнтаў кітайцаў мелі хаця б адзін значок Мао. Нядзіўна, што адсутнасць значка на адзенні стала выклікаць падазрэнне. У многія ўстановы, напрыклад, у кінатэатры, можна было патрапіць пасля дэманстрацыі значка на ўваходзе.
Хутчэй за ўсё ўлада вітала такое захапленне. Аднак неўзабаве феномен спарадзіў трывожныя для яе з'явы.
Па першае, стала модным калекцыяніраваць значкі з Мао. Адразу ж узнік своеасаблівы нефармальны рынак, на якім калекцыянеры мянялі або куплялі значкі. Вельмі часта знайсці рэдкі значок дапамагалі спецыялісты, якія бралі за паслугу пэўную суму. З'явіліся майстры, якія рабілі значкі высокай якасці па асабістай замове. Рабочыя таемна ад адміністрацыі выраблялі значкі, каб потым «штурхануць» іх спекулянтам.
Пры гэтым ідэалагічны падтэкст значкоў ужо больш нікога не цікавіў. Усё гэта было падобна на банальнае спажыванне, супраць чаго, дарэчы, заклікалі лідары Культурнай рэвалюцыі. Не кажучы ўжо пра тое, што дысідэнты атрымалі цудоўны аргумент для крытыкі рэжыму: грошы, якія ішлі на значкі, можна было інвеставаць у вытворчасць.
Па-другое, значкі пачалі выкарыстоўвацца для падкрэслівання свайго сацыяльнага становішча. Наяўнасць дарагога значка сведчыла пра добрыя матэрыяльныя магчымасці чалавека. Адпаведна да яго ставіліся інакш. Падрываўся прынцып сацыялістычнай роўнасці!
Значкі часткова ўзялі на сябе функцыю грошай або паралельнай валюты. З'явілася мода даваць хабары дарагімі ці рэдкімі значкамі. Каб не патрапіць у турму за азартныя гульні, людзі гулялі не на грошы, а на значкі, якія потым можна было лёгка прадаць на чорным рынку.
Прыкладна да пачатку 70-х да кітайскіх уладаў раптам дайшло, што нявіннае калекцыянаванне значкоў дала імпульс стварэнню ў краіне сектара ценявой эканомікі. Прычым у яе маглі быць уцягнуты практычна ўсе кітайцы, якія валодалі тымі значкамі.
Партыйная лінія рэзка змянілася. Мао назваў захапленне значкамі «буржуазным хобі». Хунвейбінаў і партактыў кінулі на барацьбу са «спекулянтамі значкамі» і стыхійнымі рынкамі. Усе заводы, якія выраблялі значкі, былі аператыўна закрытыя. Чыноўнікам забаранілі насіць значкі. Разгром мааісцкай фракцыі ў кіраўніцтве кампартыі пасля смерці Мао Цзэдуна ўзмацніў тэндэнцыю на барацьбу з яго культам асобы ў выглядзе тых жа значкоў. Толькі так дыктатура выратавала сябе ад пагрозы з боку звычайных значкоў.
Зрэшты, сам феномен усё роўна аказаўся вельмі жывучым. Апошні дакумент КПК, які тычыцца барацьбы з калекцыянерамі значкоў з выявай Мао, датаваны канцом 70-х.