Чаму Пуцін баіцца ЛГБТ?

Вярхоўны суд РФ 30 лістапада абвясціў «экстрэмісцкай арганізацыяй» і забараніў «міжнародны грамадскі рух ЛГБТ». Расійскі журналіст Васіль Т. патлумачыў «Новаму Часу» падставы гэтага рашэння.

Фота: Global Look Press

Фота: Global Look Press

— У Расіі раней і так існавалі законы, якія крыміналізавалі ЛГБТ. Нашто спатрэбіўся яшчэ адзін?

— Такіх законаў сапраўды вельмі шмат. Іх пачалі прымаць прыкладна з 2012 года. Спачатку была забарона прапаганды каштоўнасцей ЛГБТ у адносінах да дзяцей. Пазней была прынята забарона на прапаганду «нетрадыцыйных» стасункаў наогул. Наступнымі ў чарзе аказаліся трансгендары. Справа ў тым, што як толькі пачалася вайна з Украінай, многія мужчыны, якія не жадалі ісці ў войска, у ваенкаматах пачалі ідэнтыфікаваць сябе як жанчыны. Усё гэта так ці інакш укладваецца ў трэнд кансерватыўнага развароту, у рамках якога важна накручваць варожасць да меншасцей, у тым ліку да ЛГБТ, для тактычнай мабілізацыі аморфнага грамадства.

— Гаворка ідзе пра выбары Пуціна?

— Думаю, так. Мяркую, што на фоне вайны ўлады хочуць зрабіць нейкую пужалку, супраць якой можна гарызантальна аб'яднаць грамадства. Пры гэтым Расія тут не самотная. Успомнім таго ж Віктара Орбана, які за кошт ксенафобскіх кампаній выйграў пару апошніх выбараў.

— Калі мы гаворым пра Польшчу ці Венгрыю, то гэта еўрапейскія краіны, дзе людзі ЛГБТ бачныя. Ёсць нейкія клубы, гей-прайды, фестывалі і г.д. Але ў Расіі ні геі, ні іншыя прадстаўнікі ЛГБТ асабліва не імкнуцца неяк праяўляць сябе публічна, тым больш у палітыцы. З кім збіраецца змагацца ўлада?

— Сітуацыя сапраўды выглядае абсурдна, бо ніякага арганізаванага руху ЛГБТ няма. Гэта тое ж самае, што забараніць рух ветэранаў вайны з Японіяй 1905 года. Прычым гэта не першы прэцэдэнт. Можна згадаць, як быў прызнаны экстрэмісцкім рухам АУА («Арыштанцкі ўклад адзіны»), які нібыта прапагандуе сярод моладзі крымінальную субкультуру. Але АУА не мае прыкмет арганізацыйнай структуры. Там няма кіруючых цэнтраў або праграмных задач. Змаганне з імі, таксама як з рухам ЛГБТ — гэта абстракцыя. Калі ў межах прынятага закона з ЛГБТ і будуць змагацца, дык галоўным чынам з праваабарончымі арганізацыямі, якія так ці інакш час ад часу вымушаны ўздымаць тэму правоў меншасцей.

Глядзіце таксама

— Гадоў пяць-сем таму адзін актывіст ЛГБТ у Мінску скардзіўся ў прэсе на тое, што звычайныя геі ды лесбіянкі баяцца палітызацыі аж да таго, што выганяюць гендарных актывістаў са сваіх клубаў. Ці падобная сітуацыя ў Расіі? Калі так, то ці не прымусіць новы закон забыцца на геданісцкія практыкі і сысці ў апазіцыю?

— Думаю, сітуацыя ў Расіі наўрад ці моцна адрозніваецца ад Беларусі. Ёсць актывісцкае асяроддзе. Але, як правіла, у масе сцэна ЛГБТ дэпалітызаваная, гэтак жа як і іншыя сферы грамадства, якому на працягу дзесяцігоддзя навязвалася ўстаноўка быць лаяльнымі і не высоўвацца. Цяжка чакаць, што звычайныя геі і лесбіянкі пойдуць у палітыку. Нават гендарныя актывісты жывуць у сваім маленькім свеце са сваімі вузкімі тэмамі, якія вельмі далёкія ад магістральнай грамадскай тэматыкі. Напрыклад, цяпер феміністкі галоўным чынам займаюцца тым, што дыскутуюць з трансгендарамі па пытанні — ці могуць мужчыны, якія лічаць сябе жанчынамі, хадзіць у жаночыя прыбіральні?

— У царскай Расіі ўсіх рэвалюцыянераў запісвалі ў яўрэі і масоны. Ці не паўторыцца гэтая гісторыя сёння, калі любы пратэст будзе пададзены як ЛГБТ?

— Такі сцэнар магчымы, паколькі ў пуцінскай Расіі дастаткова развітыя гамафобія і бытавая ксенафобія. Былі нават выпадкі забойства на гэтай глебе. Але гэтым разам нас, хутчэй за ўсё, чакае проста хваля патрыятычных даносаў. Як, напрыклад, нядаўні выпадак у правінцыі, калі пасля сігналу патрыятычнай грамадскасці быў перайменаваны дзіцячы садок «Вясёлка».

З іншага боку, адказ на скоўванне грамадства можа быць самым непрадказальным. Аж да таго, што ўдзельнікі пратэстаў пачнуць ідэнтыфікаваць сябе з кастай стыгматызаваных. Можна згадаць, як у 1968 годзе ў Францыі ўлады спрабавалі маргіналізаваць студэнцкі пратэст, акцэнтуючы ўвагу на тым, што іх лідар Даніэль Кон-Бяндзіт — немец з яўрэйскімі каранямі. У адказ студэнты малявалі плакаты «Мы ўсе нямецкія яўрэі!».

Варта адзначыць таксама абставіны прыняцця закона. Мы не ведаем імёнаў суддзяў, якія прынялі закон. Яны самі не жадаюць афішаваць сябе. Працэдура прыняцця праходзіла ў закрытым рэжыме. Гледзячы па ўсім, нават тыя, каму даручылі прыняць закон, разумелі ўвесь абсурд і аддаюць перавагу таму, каб дыстанцыявацца ад улады.

— Закон цяжка растлумачыць з пункту гледжання геапалітычнай кан'юнктуры. Пуцін фліртуе ў тым ліку з левымі рэжымамі ў свеце, якія, наадварот, вельмі ліберальныя ў гэтай галіне. Як прыклад —  нядаўняя легалізацыя аднаполых шлюбаў на Кубе, якую пуцінскі афіцыёз піярыць як галоўнага партнёра і аднадумца Масквы ў Лацінскай Амерыцы. Дзе тут палітычная логіка?

— Пра гэта ніхто не думае. Закон зроблены для ўнутранага карыстання і добра адлюстроўвае прынцып пуцінізму, калі ўсё робіцца рэфлекторна. Цяпер для рэжыму самае галоўнае — пераабраць Пуціна. Што будзе далей, пакуль няважна. Гарызонт планавання каманды Пуціна не большы за пяць гадоў, што гаворыць аб патэнцыйнай нестабільнасці сістэмы. Хаця б гэта «вясёлкава».