«Рух ЛГБТ» — цяпер экстрэмісты ў Расіі

У Расіі забаранілі «Міжнародны грамадскі рух ЛГБТ», бо ў яго дзейнасці выяўленыя прыкметы «ўзбуджэння сацыяльнай і рэлігійнай варожасці». Аднак такой арганізацыі ніколі не існавала. Як можна прызнаць экстрэмісцкім рух, якога няма?

ЛГБТ-актывісты на пратэснай акцыі ў Пецярбургу ў 2019
годзе. Фота Вольга Мальцава / AFP
VIA GETTY IMAGES

ЛГБТ-актывісты на пратэснай акцыі ў Пецярбургу ў 2019 годзе. Фота Вольга Мальцава / AFP VIA GETTY IMAGES

Вярхоўны суд прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй» «Міжнародны рух ЛГБТ».

Пасяджэнне 30 лістапада праходзіла ў закрытым рэжыме, у залу суда дапусцілі толькі прадстаўнікоў Мінюста. Журналістаў паклікалі толькі на абвяшчэнне рашэння, паведаміў карэспандэнт «Медыязоны».

Суддзі Вярхоўнага суда Алегу Няфёдаву на разгляд пазову Мінюста спатрэбілася чатыры гадзіны.

Мінюст РФ падаў пазоў аб забароне «Міжнароднага грамадскага руху ЛГБТ» у Расіі два тыдні таму. Ведамства не ўдакладніла, што менавіта яно лічыць «рухам», хто ў ім знаходзіцца і як ён арганізаваны.

У пятніцу, 18 лістапада, Міністэрства юстыцыі Расіі звярнулася ў Вярхоўны суд з пазовам, а па сутнасці — з патрабаваннем прызнаць «Міжнародны рух ЛГБТ» экстрэмісцкай арганізацыяй і забараніць яго дзейнасць на тэрыторыі краіны.

Гэта ўжо трэцяя ініцыятыва па абмежаванні правоў квір-людзей у Расіі за апошні год.

У мінулым лістападзе быў прыняты закон, які цалкам забараняе «гей-прапаганду» (да яго «прапаганда» была забароненая толькі сярод непаўналетніх).

Затым у ліпені 2023 года быў прыняты закон, які забараняе трансгендарны пераход — змену дакументаў і медыцынскае ўмяшанне для транс-людзей.

Забарона «руху ЛГБТ», лічаць апытаныя «Медузай» актывісты, прывядзе да ўзмацнення нянавісці і цкавання ў дачыненні да супольнасці і, верагодна, пацягне за сабой пераслед ЛГБТК-персон проста за сам факт іх існавання. 

Цяпер у Расіі ўсе квір-людзі — экстрэмісты?

Калі коратка, то не, але ў квір-людзей з'явілася мноства пагроз трапіць пад пераслед за сваю публічную дзейнасць, высветліла ВВС.

Тое, што Вярхоўны суд РФ задаволіў пазоў Мінюста, не значыць, што ў Расіі стане законным прыцягваць да якой-небудзь адказнасці квір-людзей за прыватныя праявы іх жыцця, тлумачыць юрыст праваабарончай ЛГБТ-арганізацыі «Выхад» (уключаная ўладамі Расіі ў рэестр «замежных агентаў») Ксенія Міхайлава.

Тым не менш зразумела, што цяпер квір-людзі ў Расіі блытаюцца ў фармулёўках закона і перажываюць за ўласную бяспеку. Міхайлава кажа: «Трэба, каб людзі ведалі і разумелі: тое, што яны ЛГБТК+ персоны, не азначае, што яны экстрэмісты. І нават калі яны пра гэта адкрыта дзесьці кажуць, гэта не азначае, што тут жа хтосьці зможа ў рамках расійскага заканадаўства іх абвінаваціць у экстрэмізме».

Задавальненне пазову Мінюста Вярхоўным судом не цягне за сабой супрацьпраўнае існаванне саміх квір-персон у Расіі — такую выснову робіць юрыст на аснове тых фармулёвак з гэтага пазову, якія былі распаўсюджаныя ў СМІ.

Якія аргументы, матывы і фармулёўкі Мінюст выкарыстаў у судзе для забароны «ЛГБТ-руху» — невядома, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме.

«У свядомасці любога чалавека блытаецца прыналежнасць да гэтай сацыяльнай групы (квір-людзей) і нейкая грамадска-палітычная актыўнасць. І прысутнічае нейкі страх, што гэткая ж мешаніна будзе і ў правапрымяняльнікаў», — дадае Міхайлава.

У Міністэрства юстыцыі і расійскіх уладаў няма задачы «пералавіць» усіх квір-людзей у Расіі. З гэтым згодны і Аляксандр Вярхоўскі, кіраўнік Цэнтра «Сава», які займаецца вывучэннем антыэкстрэмісцкай палітыкі (і прызнаны ў Расіі «замежным агентам»). «Гэта занадта маштабная задача, і яе ставіць так нельга», — кажа ён. Хутчэй, наступствы гэтага пазову будуць накіраваныя на ЛГБТ-арганізацыі, іх супрацоўнікаў і актывістаў. 

Як можна забараніць рух, якога няма?

У пазове Мінюста гаворыцца, што неабходна прызнаць экстрэмісцкім «Міжнародны грамадскі рух ЛГБТ», бо ў яго дзейнасці выяўленыя прыкметы «ўзбуджэння сацыяльнай і рэлігійнай варожасці».

Аднак гаворка ідзе пра неіснуючую структуру, падкрэслівае юрыст Ксенія Міхайлава, бо такога фармальнага аб'яднання папросту няма.

Да таго ж у Расіі няма такой зарэгістраванай структуры — няма рашэння аб стварэнні гэтага руху, яго кіраўнікоў органаў і іншага (напярэдадні разгляду пазову Мінюста ў судзе група актывістаў і праваабаронцаў заснавала арганізацыю «Міжнародны грамадскі рух ЛГБТ», каб уступіць у справу, аднак Вярхоўны суд іх заяву аб удзеле ў працэсе праігнараваў).

Пазоў Мінюста РФ накіраваны супраць розных ЛГБТ-арганізацый, ініцыятыў і публічных актывістаў, лічыць Міхайлава. Пад самай вялікай рызыкай знаходзяцца ЛГБТ-арганізацыі, якія да гэтага былі прызнаныя ўладамі Расіі «замежнымі агентамі». У створаным Мінюстам рэестры замежных агентаў цяпер каля 30 ініцыятыў і людзей, звязаных з ЛГБТ-супольнасцю.

Аднак пад пагрозай могуць знаходзіцца як зарэгістраваныя арганізацыі, так і незарэгістраваныя рухі і ініцыятывы, іх удзельнікі і стваральнікі. «Праз тое, што нейкае аб'яднанне не зарэгістраванае, не значыць, што яго не прызнаюць структурным падраздзяленнем вось гэтага „міжнароднага руху ЛГБТ“. Але патрэбна нейкая знешняя актыўнасць для гэтага», — кажа Міхайлава.