Палітбюро 2.0. Як расійская ўлада пераўтвараецца ў клуб тых, каму за 70

Лічыцца, што вайну ва Украіне Крэмль развязаў у тым ліку таму, што асноўныя яго насельнікі — людзі глыбока савецкія. Паглядзелі, колькі вакол Пуціна яго прыкладных раўналетак, і ці пераўтвараецца расійская ўлада ў аналаг позняга брэжнеўскага Палітбюро.

Ілюстрацыйная выява. Фота «Рэйтэрс»

Ілюстрацыйная выява. Фота «Рэйтэрс»

Уладзіміру Пуціну 71 год. Расіяй ён дэ-факта кіруе з 1999-га, амаль чвэрць стагоддзя, і спыняцца не збіраецца. У яго шмат мянушак, адна з самых вядомых — Бункерны Дзед. Гэта не толькі пра ковід і яго рызыкі, якія загналі палітыка ў ізаляцыю, але і пра сапраўды дзедаўскі ўзрост.

Пры гэтым варта прыгледзецца і да бліжэйшага пуцінскага атачэння. А колькі там дзядоў, хай і не такіх ужо і бункерных?

Ва ўмовах вайны, татальнай мілітарызацыі і палітычных рэпрэсій найперш звернем увагу на сілавы блок крамлёўскага рэжыму.

Наймагутнейшая расійская дзяржструктура — канешне, Федэральная служба бяспекі. Ідэйная і фактычная спадкаемца савецкага КДБ. Уласна з камітэтчыкаў выйшаў і цяперашні кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў. Яму 72 гады, як і Пуцін, ён нарадзіўся яшчэ ў сталінскія часы. На чале галоўнай расійскай спецслужбы Бортнікаў знаходзіцца шмат гадоў — з 2008-га.

Ва ўмовах вайны важная пасада — узначальваць Міністэрства абароны. Там у Пуціна таксама адданы паплечнік. І таксама немалады. Сяргею Шайгу яшчэ няма 70, яму «толькі» 68, і да сакральнай «брэжнеўскай» рысы засталося зусім няшмат. Ваенным ведамствам РФ ён кіруе 11 гадоў. Нягледзячы на няўдачы ў імперыялістычнай вайне ва Украіне і рэгулярную крытыку, Пуцін не адпраўляе яго ў адстаўку.

Служба знешняй разведкі, магчыма, не такая ўплывовая, як ФСБ, але ў абстаноўцы максімальнай мілітарызацыі яе роля вялікая. Дырэктарам СВР з 2016 года з’яўляецца ўраджэнец Санкт-Пецярбурга Сяргей Нарышкін. Яму 69, з Пуціным асабіста знаёмы з 1980-га, калі разам працавалі ў ленінградскім КБД. Гэта той самы Нарышкін, якога трэсла на нарадзе ў Радзе бяспекі РФ напярэдадні ўварвання ва Украіну. Публічную згоду на злачынную агрэсію супраць суседняй краіны Пуцін з яго выцягваў абцугамі.

Следчы камітэт — крамлёўская апора ўжо ўнутры краіны. Там за галоўнага 70-гадовы Аляксандр Бастрыкін. Таксама ўжо досыць доўга — з 2011 года. Прафесарам і доктарам юрыдычных навук Бастрыкін стаў яшчэ пры савецкай перабудове, калі надавалася ўвага асабістай свабодзе і правам чалавека. Гэта не перашкаджае сённяшняму СК быць флагманскай структурай у сістэме палітычных рэпрэсій.

На чале Міністэрства ўнутраных спраў РФ ужо 11 гадоў стаіць генерал Уладзімір Калакольцаў. Не, у Палітбюро яму яшчэ рана — усяго 62 гады, добры ўзрост для кіраўніка вялікай арганізацыі. Але тут хіба варта ўдакладніць: за палітычны кірунак — барацьбу з пратэснай актыўнасцю — у сістэме МУС адказвае Расгвардыя. Гэтую структуру стварылі ў 2016 годзе, рэфармаваўшы сістэму ўнутраных войск. З першага дня галоўным у Расгвардыі з’яўляецца Віктар Золатаў. Праз два месяцы ён адзначыць 70-гадовы юбілей. Сёлета ён з задавальненнем анансаваў перадачу Расгвардыі цяжкіх узбраенняў і танкаў. Разганяць мірныя акцыі пратэсты, калі яны ўзнікнуць, стане прасцей.

Сярод «грамадзянскіх» міністраў у расійскім урадзе «дзядоў» не тое каб шмат. Таму ж прэм’еру Міхаілу Мішусціну ўсяго 57 — залаты ўзрост. Адміністрацыю прэзідэнта ўзначальвае 51-гадовы ўраджэнец Эстоніі з вельмі «актуальным» прозвішчам Антон Вайна (націск на першы склад).

Але ёсць сярод міністраў без пагонаў адзін, чый уплыў у расійскім дзяржапараце параўнальны з генеральскім. Гэта, вядома, кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў. Ну, гэта сапраўдны дыназаўр пуцінскай эпохі. 73 гады, праз тры месяцы споўніцца 20 гадоў, як кіруе знешнепалітычным ведамствам. За гэты час ён выдатна навучыўся хлусіць, хаміць і несці неймаверную пургу прама ў вочы замежным палітыкам і дыпламатам. Калі падчас візіту ў Індыю Лаўроў сказаў са сцэны, што Расія не нападала на Украіну, па залі пакаціўся смех. І нічога: расійскаму Рыбентропу, як яго называюць ва Украіне, як з гуся вада.

Калі браць заканадаўчыя органы ўлады, то тут усё вельмі страката. Напрыклад, сярэдні ўзрост дэпутатаў Дзяржаўнай Думы 53 гады — сярэднестатыстычна пясок ніадкуль тут не сыплецца. І спікеру думскаму Вячаславу Валодзіну толькі ў лютым споўніцца 60. Хіба звяртае на сябе ўвагу ўзрост кішэнных псеўдаапазіцыйных партый: камуністу Генадзю Зюганаву ўжо 79, «справядліваросу» Сяргею Міронаву — 70. Побач з імі мог бы быць яшчэ адзін вялікаўзроставы партыйны бонза — нязменны лідар ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі, але ў мінулым годзе ён памёр ад наступстваў ковіду ва ўзросце 75 гадоў.

Што да Савета Федэрацыі, то ў сувязі з яго фармальнай роляй у сістэме расійскага дзяржкіравання абмяжуемся адной згадкай. Кіруе гэтай «палаткай» непераўзыдзеная Валянціна Матвіенка. Ён 74 гады, у сваім службовым фатэлі яна ўжо 12 гадоў. Валянціна Іванаўна цалкам у трэндзе.

Выбары ў Расіі, вядома, прыкладна такія ж як і ў Беларусі. Усё пад кантролем; пад асаблівым кантролем — выніковыя рэкордныя лічбы падтрымкі дзеючай улады. То тут варта нагадаць, што ў расійскім ЦВК кіруе Эла Памфілава. Ёй 70, яна равесніца Лідзіі Ярмошынай.

Нарэшце трэба звярнуць увагу, што ў сённяшняй архітэктуры пуцінскага рэжыму асаблівае месца займаюць так званыя алігархі. Яны не такія марыянеткавыя і штучна створаныя, як лукашэнкаўцы Алексін, Варабей і Зайцаў, пэўны ўплыў на прыняцце рашэнняў яны маюць.

Гэта досыць шматлікая і розная публіка, а адрознівае яе хіба розная блізкасць да Пуціна. Нехта з іх, як Раман Абрамовіч, пасля пачатку паўнамаштабнай вайны аддаліўся ад Крамля і ўвогуле з’ехаў з РФ. А, напрыклад, былы пуцінскі трэнер па дзюдо 71-гадовы Аркадзь Ротэнберг захоўвае вернасць гаспадару.

Самым жа «набліжаным да цела» міліярдэрам называюць Юрыя Кавальчука. Ён таксама піцерскі, і гэта ўжо шмат што тлумачыць. З Пуціным ён цалкам на адной хвалі. Летась медыя пісалі, што перад нападам на Украіну прэзідэнт РФ найбольш часта і шмат размаўляў менавіта з Кавальчуком. І менавіта гэты 72-гадовы герантакрат канчаткова пераканаў кіраўніка Крамля ў неабходнасці ваеннай агрэсіі.