Расія стварае «дыктатуру ў АБСЕ»
Расія і Беларусь скарысталіся сваім правам вета і заблакавалі старшынства Эстоніі ў АБСЕ ў 2024 годзе. Прадстаўнік ЗША назваў выкарыстанне права вета «несправядлівым». Расія павінна несці і будзе несці адказнасць за ўвесь спектр сваіх злачынстваў, лічыць кіраўнік МЗС Чэхіі. Ад Беларусі ж патрабуюць спыніць падтрымку расійскай агрэсіі і прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязкаў.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен наведаў Паўночную Македонію, дзе 30 лістапада распачалася сустрэча кіраўнікоў МЗС АБСЕ, але не браў у ёй удзелу, піша www.holosameryky.com.
Напярэдадні шэраг міністраў замежных спраў байкатавалі сустрэчу з-за ўдзелу ў ёй міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова. Сярод іх міністры з Украіны, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы.
Энтані Блінкен, як паведамляюць амерыканскія СМІ, пакінуў Скоп'е, калі Лаўроў прыбыў у Паўночную Македонію. Як піша Financial Times, «Блінкен ухіліўся ад матчу ў суперцяжкай вазе з Лаўровым на стадыёне ў Скоп'е, дзе праходзіць пасяджэнне АБСЕ».
Замест дзяржсакратара амерыканскую дэлегацыю на пасяджэнні АБСЕ ўзначаліў памочнік Блінкена ў пытаннях Еўропы і Еўразіі Джэймс О'Браэн.
«Я далучаюся да тых сваіх калегаў, якія заклікаюць Расію спыніць парушэнне асноўных прынцыпаў арганізацыі, але пакуль не ўпэўнены, што яны гатовыя іх слухаць. Далейшае ўварванне Расіі ва Украіну — гэта поўнае парушэнне цывілізаваных стандартаў, міжнароднага права і прынцыпаў, на якіх заснаваная гэтая арганізацыя», — заявіў амерыканкі дыпламат.
Джэймс О’Браэн падкрэсліў, што Расія пастаянна перашкаджае працы АБСЕ: «Расія працягвае бляваць аперацыі [якія праводзяцца АБСЕ], адмаўляючыся ад правядзення базавых канферэнцыяў, вакол якіх доўгі час функцыянавала гэтая арганізацыя, затрымліваючы персанал арганізацыі, цалкам парушаючы правы і прынцыпы гэтай арганізацыі».
Вета супраць Эстоніі
Напярэдадні Расія і Беларусь з правам вета заблакавалі старшынства Эстоніі ў АБСЕ ў 2024 годзе. Прадстаўнік ЗША аддаў належнае Эстоніі і назваў выкарыстанне права вета «несправядлівым».
«Я хачу падзякаваць Эстоніі за гатоўнасць узначаліць арганізацыю — гэта старшынства было б выключным, калі б яно не было несправядліва заблакаванае. Але я таксама цаню іх гатоўнасць адкласці сваё старшынства ў гэтай арганізацыі, каб яна магла добра працаваць у 2024 годзе», — сказаў памочнік дзяржсакратара ЗША.
Эстонія і іншыя краіны Балтыі выступілі з заявай, у якой гаворыцца, што прысутнасць Лаўрова на пасяджэнні АБСЕ пагражае «легітымізацыяй Расіі-агрэсара як законнага члена нашай супольнасці свабодных нацый, прымяншэннем жорсткіх злачынстваў, учыненых Расіяй, і апраўданнем абуральных парушэнняў і непавагі з боку Расіі да АБСЕ».
Амбасадар Эстоніі ў АБСЕ Кая Таэль заявіла, што Расія стварыла «дыктатуру ў АБСЕ».
«Расія, якая парушыла ўвесь Хэльсінскі дэкалог, стварыла ў АБСЕ сітуацыю фактычнага дыктату. Пастаянныя перашкоды, нулявыя адлічэнні ў бюджэт, аднак агрэсар па-ранейшаму адчувае сябе вольным дыктаваць важныя інстытуцыянальныя рашэнні.
Як можа краіна, якая парушае прынцыпы АБСЕ, дыктаваць, хто можа абараняць гэтыя прынцыпы? Шматлікія зверствы ва Украіне і жорсткія напады на грамадзянскую інфраструктуру, якія і цяпер працягваюцца, дэпартацыя дзяцей ва Украіне не пакідаюць месца для ілюзій наконт Расіі», — падкрэсліла эстонскі дыпламат у сваёй прамове.
Паводле яе слоў, «АБСЕ застанецца актуальнай арганізацыяй толькі ў тым выпадку, калі будзе прытрымлівацца сваіх асноўных прынцыпаў і не ісці на кампраміс са сваімі каштоўнасцямі».
«Саступкі агрэсара толькі ўзмацняюць яго апетыт», — заявіла амбасадар Эстоніі ў АБСЕ Кая Таэль.
Інструмент АБСЕ для расследавання ваенных злачынстваў
Прадстаўнік Эстоніі выказаў падтрымку Украіне і падкрэсліў, што «ваеннае кіраўніцтва Расіі павінна быць прыцягнутае да адказнасці за незаконнае і неапраўданае злачынства агрэсіі і ваенныя злачынствы, учыненыя супраць народу Украіны».
Неабходнасць выкарыстання інструментаў АБСЕ для дакументавання расійскіх ваенных злачынстваў падкрэсліў міністр замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі.
«АБСЕ адыгрывае важную ролю ў дапамозе Украіне ў пераадоленні наступстваў вайны і яе ўздзеяння на жыццё грамадзян, эканоміку і навакольнае асяроддзе. Чэхія ганарыцца сваім удзелам у Праграме падтрымкі Украіны. Я таксама падтрымліваю намаганні АБСЕ па дакументаванні ваенных злачынстваў і парушэнняў правоў чалавека Расіяй, выкліканых яе агрэсіяй супраць Украіны. Маскоўскі механізм аказаўся для гэтага вельмі карысным інструментам, Расія павінна несці і будзе несці адказнасць за ўвесь спектр сваіх злачынстваў», — заявіў на пасяджэнні АБСЕ міністр замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі.
Кіраўнік МЗС Балгарыі таксама не ўдзельнічаў у сустрэчы АБСЕ. Замест яго выступіла прадстаўніца Балгарыі ў АБСЕ Эмілія Кралева. Яна выказала падтрымку Украіне і падкрэсліла права Украіны на абарону: «Мы рашуча патрабуем ад Расіі неадкладна спыніць баявыя дзеянні, якія працягваюць прыносіць разбурэнне і чалавечыя пакуты, і поўнага і безумоўнага вываду сваіх сілаў і ваеннай тэхнікі з усёй тэрыторыі Украіны ў межах яе міжнародна прызнаных межаў і тэрытарыяльных вод.
Нязменным застаецца і наш заклік да Беларусі спыніць падтрымку расійскай агрэсіі і прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязкаў...
Мы будзем падтрымліваць намаганні па забеспячэнні адказнасці за любыя ваенныя злачынствы і іншыя міжнародныя злачынствы, учыненыя падчас вайны супраць Расіі», — сказаў балгарскі дыпламат.
Дарэчы, Балгарыя не дазволіла выкарыстоўваць сваю паветраную прастору для самалёта, у якім Сяргей Лаўроў ляцеў у Скоп'е. Замест гэтага самалёт з кіраўніком расійскага МЗС павінен быў абляцець Грэцыю.
Новыя «генацыдныя намеры» Расіі ва Украіне
Ад Украіны замест міністра Дзмітрыя Кулебы на пасяджэнні АБСЕ выступіў пастаянны прадстаўнік Украіны пры міжнародных арганізацыях у Вене Яўген Цымбалюк.
Ён заклікаў АБСЕ прызнаць Галадамор генацыдам супраць украінскага народа і нават прыклады расійскай агрэсіі ва Украіне — «генацыднымі намерамі» Расіі ў цяперашняй вайне.
Украінскі дыпламат падкрэсліў, што АБСЕ павінна праявіць адзіную пазіцыю, каб эфектыўна супрацьстаяць «шантажу Расіі».
«Апошнія два гады даказалі, што для АБСЕ найбольш эфектыўна, калі мы ігнаруем шантаж Расіі і калі мы размаўляем з Расіяй з адзінай пазіцыі сілы, заснаванай на маральным праве. Інакш Расія будзе патрабаваць усё новых і новых саступак», — адзначыў амбасадар Украіны пры АБСЕ Яўген Цымбалюк.