Нашто выступ Ціханоўскай у АБСЕ спрабаваў сарваць прадстаўнік беларускай улады?
Святлана Ціханоўская распавяла пра тое, як Андрэй Савіных сёння паспрабаваў сарваць яе выступ у Вене на Парламенскай Асамблеі АБСЕ. Але прадстаўніка беларускага рэжыму падтрымала толькі Расія.

Фота з сацсетак Святланы Ціханоўскай
У залі прысутнічалі ўсе дэлегацыі, у тым ліку расійская і беларускія праўладныя. Калі прэзідэнтка Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Маргарэта Сэдэрфельт прапанавала на зацвярджэнне парадак дня, Савіных выступіў з пратэстам. Ён заявіў, што Святлана Ціханоўская нібыта не мае права выступаць, таму што «знаходзіцца ў міжнародным вышуку за спробу захопу ўлады».
Падчас выступу Андрэя Савіных шэраг дэлегацыяў пакінулі залю.
Прэзідэнтка ПА АБСЕ паставіла пытанне на галасаванне, але толькі дзве дэлегацыі выступілі супраць зацвярджэння — расійская і беларуская праўладная. Савіных перабіў прэзідэнтку АБСЕ і сказаў, што дэлегацыя рэжыму пакідае залю на знак пратэсту.

Варта згадаць, што сёння ж Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды гадавіны вайны: «Мы вывучылі, што ў нас ёсць і свае нацыянальныя інтарэсы. Зразумелі, што часам трэба не толькі дапамагчы іншаму, але і абараніць сваё. Усвядомілі, што мы — асобная краіна, і нам не патрэбныя ніякія старэйшыя браты.
Дарагія беларусы і беларускі. У гэтую дату я хачу сказаць вам вялікі дзякуй за тое, што вы ёсць. За вашую сілу і чалавечнасць. За тое, што застаяцеся на баку дабра. За тое, што для вас не існуе фразы «всё не так однозначно».
Хачу абняць вас і сказаць: я ганаруся тым, якімі людзьмі мы становімся ў гэтых складаных умовах».