Квяткоўскі: Сёння ў Беларусі Дзень Волі — гэта барацьба

Пісьменнік і журналіст Севярын Квяткоўскі на партале «Наше мнение» расказвае пра сваё бачанне Дня Волі і яго значэння для беларусаў.

_cihi_supraciu___horad___bczb__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_2.jpg

Дзень Волі ад пачатку ў 1990-м і да сёння — гэта больш, чым свята.

Спачатку вяртанне гістарычнай памяці адначасова было пратэстам супраць камуністычнай улады і барацьбой за ідэю незалежнасці. Пасля кароткі час 1991-1994 гг. дата 25 сакавіка і праўда нагадвала свята. Мне асабіста запомніўся рок-канцэрт у Оперным тэатры на Дзень Волі-1993.

Але хоць над краінай лунаў дзяржаўны БЧБ-сцяг, а сама Беларусь стала незалежнай, усе разумелі, што старая камуністычная гвардыя свае пазіцыі не здае.

Трэці этап — лукашызм, дзе 25 сакавіка зноў стала сімвалам пратэсту і барацьбы за незалежнасць.

Ішлі гады, і для новай генерацыі 25 сакавіка ўжо рабілася персанальным днём барацьбы — з уласнымі чалавечымі гісторыямі.

Сёння ў Беларусі адзначаць Дзень Волі — гэта барацьба ў простым сэнсе слова. А па-за межамі — воля сцвердзіць беларускія інтарэсы ў свеце.

Дзень Волі за мяжой застаецца з тым самым сэнсавым зместам, які быў у Беларусі. Дзень Волі — гэта пункт збору беларусаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Дзень Волі — мабілізацыйная дзея, калі беларусы дэманструюць адно аднаму: мы ёсць!

Калі ў Беларусі «Мы ёсць!» мела задачай актывізаваць грамадства ў кірунку перамен, то за мяжой стан рэчаў прыблізна такі самы, толькі з позіркам не ўнутр, а вонкі.

Фокус такі: мы ёсць не самі па сабе і для сябе — мы ёсць часткай еўрапейскага грамадства і гатовыя удзельнічаць у палітычных працэсах.


Глядзіце таксама

Тым больш, што беларусы ўжо легалізаваныя ў Еўрасаюзе на сімвалічным узроўні праз беларускую нацыянальную меншасць на Беласточчыне.

Беларуская пасляваенная хваля эміграцыі мела слабы энергетычны зарад і, адпаведна, невыразны вынік. Носьбітаў беларускай нацыянальнай ідэі, якія ўцякалі ад камуністычнай ўлады на Захад, было няшмат. Прынамсі, калі параўноўваць з украінцамі, якія аказаліся ў той самай сітуацыі, што і беларусы.

Так, былі заснаваныя беларускія асяродкі ў ЗША, Канадзе, Германіі, Брытаніі, але беларусы, якія пазней вырываліся за калючы дрот Савецкага Саюза, часцей абіралі шлях самаасімілявання ці далучэння да іншых, больш моцных асяродкаў. Часцей называліся «рускімі», не уцягваліся ў складаныя тлумачэнні ў краінах прыбывання, што гэта за Беларусь такая. Час ад часу прытуляліся да ўкраінцаў ці палякаў.

Сёння цікава назіраць, як беларусы за мяжой проста вымушаныя абіраць самаідэнтыфікацыю. Рэпрэсіі зачапілі не толькі ідэйных беларусаў, але і «я палітыкай не цікаўлюся».

«Рускімі» ужо дакладна не называюцца. Прынамсі, масава. Украінцамі? Вельмі спрэчны выбар. Па-першае, самі ўкраінцы цябе не прымуць, ты ж «ракеты голымі рукамі не спыняў». А па-другое, скептычнае стаўленне да ўкраінцаў было і застаецца, прынамсі, у Цэнтральнай Еўропе. Адграбаць за чужыя іміджавыя праблемы — так сабе перспектыва.

Мімікрыраваць пад «паляка з крэсаў» — тэарэтычна можна, але ж акцэнт усё роўна будзе беларускім. «Б’юць жа не па пашпарце», як мы памятаем.

Пры гэтым беларус для сярэднестатыстычнага жыхара Еўрасаюза ўсё яшчэ асацыюецца з Лукашэнкам. Хоць ужо і не заўжды. Чытаў прыклады, калі адразу згадвалі Ціханоўскую.

Задача беларусаў замежжа з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй — ствараць вобраз беларуса як прадстаўніка мегасучаснай супольнасці, якая змагаецца за сваю свабоду.

Тады суайчыннікі з несфармаванай самаідэнтыфікацыяй спакойна далучацца да беларускай арганізаванай дыяспары, а не будуць беспрытульнымі бадзягамі Еўропы.

Задача складаная, бо мы ўжо больш за чвэрць стагоддзя жывём ва ўмовах Інфармацыйнай Рэвалюцыі. Гэта значыць, што калі няма карцінкі, то нічога няма.


Глядзіце таксама

Карцінкі мы маем толькі з 2020 года, дый тое шмат што выдаляецца ў мэтах бяспекі людзей.

А патлумачыць, што, напрыклад, у Беларусі барацьба за прытулак для жывёл ва ўмовах унутранай акупацыі — гэта смелы учынак, скіраваны на аднаўленне грамадзянскай самаарганізацыі, не выглядае магчымым. Еўрапейцы хоць і жывуць у сваім супольным саюзе, але кожны ва ўласных інфармацыйных бурбалках.

Таму адзіны шлях на сёння, які я бачу, — гэта шлях якасці. Як і на ўсход і поўдзень ад Беларусі, у заходнім кірунку мусіць сфармавацца ўстойлівая асацыяцыя з беларусамі: гэта сучасныя людзі, якія трымаюць узровень якасці ва ўсім, да чаго ні далучацца. І гэта людзі з выразнай антыдыктатарскай пазіцыяй.

А дапамагчы могуць нядаўна сфармаваныя беларускія інстытуцыі за мяжой.

Маршы па польскай сталіцы ці пікеты ў іншых еўрапейскіх гарадах могуць несці сэнс не толькі для ўнутрыбеларускага спажывання. Было б няблага, каб у палякаў ды жыхароў іншых краін БЧБ-сімволіка асацыявалася з чымсьці большым, чым міжсабойчыкам уцекачоў, якія сумуюць па радзіме.

Кантэкст можа быць такім: Расія пагражае вайной, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, захопленай лукашыстамі. Тут, у замежжы, большасць беларусаў супраць лукашыстаў, таму аўтаматычна ёсць саюзнікамі.

Асабліва важна данесці гэтую простую думку ў Літву, дзе разыгрываецца інфармацыйная драма па дыскрэдытацыі беларусаў як такіх.

Але не забываемся, што ракеты і праўда могуць прыляцець па адной ці некалькіх краінах NATO. І просты еўрапейскі чалавек можа паспрабаваць выплюхнуць эмоцыі на людзей з Беларусі.

Просты чалавек не разумее, што хоць і не ўсе, але большасць тых, хто прыехалі ў яго краіну, — не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі.

І тут перадаю прывет Офісу Святланы Ціханоўскай, а таксама будучай абноўленай Каардынацыйнай Радзе. Трэба на ўзроўні мас-медыя еўрапейскіх краін замацаваць меседж: беларусы не толькі бежанцы, якія ўдзячныя за легалізацыю, мы яшчэ ведаем лукашыстаў знутры, а таму цэнныя кансультанты і наогул паплечнікі па супрацьдзеянні ворагу за ўсходняй мяжой Еўрасаюза.

Каардынацыйная Рада ў 2024-м і Рада БНР у 1918-м маюць шмат падобнага.


Глядзіце таксама

Цяпер з Каардынацыйнай Радай, таксама як і з БНР, большасці не зразумела, што гэта і навошта. Хоць дэ-факта, у маім разуменні, гаворка пра беларускую дзяржаву як структуру ў выгнанні.

З КР, як і з БНР, — тэма не толькі пра «тут і цяпер», а з вялікім прыцэлам на больш-менш аддаленую будучыню.

Калісьці я марыў, што Дзень Волі ў Беларусі ператворыцца ў падабенства ірландскага Дня Святога Патрыка. Усе выходзяць у бел-чырвона-белых спалучэннях на адзенні. БЧБ-кветкі і БЧБ-марозіва, «Крамбамбуля» з музычных калонак, «Крамбамбуля» у кілішках, танцы, сяброўскія гутаркі.

Але да падобнага сцэнарыя беларусам трэба прайсці асобным шляхам.