Ідэя БНР перажыла СССР, перажыве і Лукашэнку

Гісторык Аляксандр Фрыдман піша на «Deutsche Welle» пра гэты важны для ўсіх беларусаў дзень.

_cihi_supraciu___horad___bczb__fota_novy_czas___1__logo.jpg

З 2020 года рэжым Аляксандра Лукашэнкі робіць значныя намаганні для дыскрэдытацыі Беларускай Народнай Рэспублікі як «правальнага нацыяналістычнага праекта пад бел-чырвона-белым сцягам». Досвед БССР і постсавецкай Беларусі аднак паказвае, што поспехам гэтая задума не завершыцца, лічыць гісторык Аляксандр Фрыдман.

Гульні з Днём Волі завяршыліся ў 2020 годзе

25 сакавіка адзначаецца 106-я гадавіна абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Для нацыянальна арыентаванай беларускай грамадскасці і апанентаў рэжыму Лукашэнкі Дзень Волі даўно ператварыўся ў ключавое палітычнае свята. Да 2020 года ў кантэксце Дня Волі беларуская апазіцыя традыцыйна арганізоўвалі мітынгі і шэсці, якія насілі антыўрадавы характар і часта заканчваліся разгонамі і арыштамі. Беларускія ўлады глядзелі на гэты дзень скрозь прызму актуальнай палітыкі і бачылі ў ім у другой палове 1990-х і на пачатку 2000-х у першую чаргу свята сваіх праціўнікаў.

Сітуацыя змянілася ў другой палове 2010-х, калі кіруючы рэжым пад уплывам вайны ва Украіне не на жарт спалохаўся за сваю будучыню, імкнуўся кансалідаваць беларускае грамадства вакол «гаранта незалежнасці» Лукашэнкі і паспрабаваў інтэграваць БНР у сваю канцэпцыю беларускай дзяржаўнасці. Важным этапам стала маштабнае святкаванне 100-й гадавіны абвяшчэння БНР у 2018 годзе, якому ўлады не толькі не перашкаджалі, але нават садзейнічалі.


Глядзіце таксама

Тактычныя гульні з Днём Волі завяршыліся, аднак, у 2020 годзе. Пасля падаўлення пратэстаў улады прыступілі да знішчэння грамадзянскай супольнасці і выкаранення любых форм іншадумства. Запазычваючы расійскі досвед, рэжым зрабіў стаўку на палітыку гістарычнай памяці і навязванне афіцыйнага — і «адзіна правільнага» — погляду на гісторыю Беларусі. Роля БНР пры гэтым наўмысна змяншаецца і характарызуецца як «тупіковы шлях» і «беспаспяховы праект», мэтай якога было адарваць Беларусь ад «брацкай» Расіі і зрабіць яе «калоніяй» Германіі (Еўропы).

БНР не была «нямецкім праектам»

Такая інтэрпрэтацыя не адрозніваецца навізной і бярэ пачатак у сталінскай прапагандзе канца 1930-х гадоў. У 1920-я гады і ў першай палове 1930-х тэма БНР адыгрывала маргінальную ролю ў бальшавіцкай прапагандзе ў Беларусі, якая канцэнтравалася на барацьбе з «панскай Польшчай». У 1938 годзе, у кантэксце рэзкага абвастрэння адносінаў паміж Масквой і Берлінам, інтэнсіўнай антыфашысцкай кампаніі ў СССР і дваццатай гадавіны нямецкай акупацыі Беларусі і Украіны ў 1918 годзе, яна прыйшлася, аднак, да двара. Нямецкая акупацыя была названая «адной з самых жудасных старонак у гісторыі Беларусі», а кайзераўская Германія — як папярэдніца нямецкага нацыянал-сацыялізму — абвінавачвалася ў імкненні заняволіць Беларусь. Дзеячы беларускага нацыянальнага руху, якія стаялі за стварэннем БНР, што ўзнікла ў перыяд нямецкай акупацыі, былі абвешчаныя «беларускімі нацыянал-фашыстамі» і «агентамі Берліна».

Такія ўяўленні пра падзеі 1918 года адлюстроўваюць палітычную кан'юнктуру канца 1930-х і маюць шмат адкрытых скажэнняў і маніпуляцый.

У рэальнасці Германія адыграла супярэчлівую ролю ў гісторыі БНР. Падчас Першай сусветнай вайны Берлін, кіруючыся сваімі імперыялістычнымі інтарэсамі і жадаючы аслабіць Расію, імкнуўся пашырыць свой уплыў у заходніх рэгіёнах царскай імперыі і дэманстраваў гатоўнасць да супрацоўніцтва з нацыяльнымі рухамі. Да беларускага нацыянальнага руху немцы, аднак, ставіліся хутчэй скептычна і не верылі ў поспех нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі. Менавіта гэтым і тлумачыцца іх індыферэнтнае стаўленне да БНР у 1918 годзе, якая зусім не з'яўлялася «нямецкім праектам» і не была падтрымана Германіяй.

Шкода рэпутацыі БНР

Распад Расійскай імперыі і нямецкая акупацыя дазволілі беларускаму нацыянальнаму руху стварыць БНР, якая ў тагачасных палітычных умовах вымушана была шукаць падтрымку Берліна. Яна так і не стала паўнавартаснай дзяржавай, але стала нацыянальнай ідэяй пад бел-чырвоным-белым сцягам і свайго кшталту нацыянальным міфам. Менавіта факт існавання БНР вымусіў бальшавікоў пайсці на стварэнне БССР, а дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе стаў менавіта бел-чырвона-белы сцяг БНР.

Значную шкоду рэпутацыі БНР і бел-чырвона-белага сцяга нанесла дзейнасць беларускіх нацыяналістаў падчас нацысцкай акупацыі Беларусі. Спадзяючыся на падтрымку Берліна ў справе стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, яны пайшлі на супрацоўніцтва з акупантамі, імкнуліся абаперціся на гістарычную традыцыю БНР і выкарыстоўвалі ў сваёй дзейнасці і прапагандзе бел-чырвона-белы сцяг.


Глядзіце таксама

Менавіта гэта дазволіла савецкай пасляваеннай прапагандзе і яе цяперашнім спадчыннікам у Беларусі стварыць негатыўны вобраз БНР як «беларускага нацыяналістычнага праекта пад бел-чырвона-белым сцягам», арыентаванага на супрацоўніцтва з замежнымі акупантамі. Ключавым аспектам дадзенага вобраза з'яўляецца наўмысная маніпуляцыя фактарам Германіі: кайзераўская Германія ставіцца на адну чашу вагаў з нацысцкай Германіяй, а бел-чырвона-белы сцяг, які стаў у 2020 годзе сімвалам мірных пратэстаў, аб'яўляецца «нацысцкім палотнішчам». Беларускія дэмакратычныя сілы і іх прыхільнікі ўспрымаюцца як спадкаемцы справы БНР і агенты «калектыўнага Захаду».

Ідэя перажыла савецкую ўладу

У 2024 годзе, пасля трох гадоў інтэнсіўнай дыскрэдытацыі БНР, дзяржаўная прапаганда падыходзіць да чарговага Дня Волі даволі спакойна, а тэракт у падмаскоўным «Крокус Сіці Холе» і зусім зацямніў сабой усе іншыя палітычныя падзеі. 

У 2024 годзе афіцыйны Мінск пакуль робіць стаўку не столькі на барацьбу з «варожымі наратывамі», колькі на распаўсюд сваіх уласных уяўленняў пра гісторыю. Стаўка пры гэтым робіцца традыцыйна не на якасць прапаганды, а на яе колькасць. 

Не выключана, што беларускія ўлады могуць дамагчыся пэўнага поспеху ў справе дыскрэдытацыі БНР, але прывабнасць арыентаванай на Еўропу беларускай дзяржавы пад бел-чырвона-белым сцягам для многіх беларусаў, дзейнасць беларускай дыяспары па-за межамі краіны і па-ранейшаму прысутны доступ да альтэрнатыўнай гістарычнай інфармацыі ў інтэрнэце гуляюць супраць іх.

Ідэя БНР перажыла савецкую ўладу. Яна перажыве і эпоху Лукашэнкі.