106-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў Вільні (Фота)

Сёння ўвечары беларусы Літвы сабраліся на самым трагічным беларускім месцы Вільні — Лукішскай плошчы, дзе быў павешаны Кастусь Каліноўскі. Чацвёрты год запар у гэты дзень мы выходзім на вуліцы гарадоў, каб паказаць свету, што насуперак катаванням і забойствам мы не адмовіліся ад свайго выбару.

vokladka_78_logo.jpg

Надзвычай прыемны сюрпрыз для беларусаў Літвы прагучаў на Дзень волі ад прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы.

У сваім віншаванні кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты дзень з'яўляецца днём разважанняў аб будучыні — еўрапейскай будучыні Беларусі, у якой усе беларусы будуць карыстацца ўсімі свабодамі і магчымасцямі, чаго яны заслугоўваюць. Паводле яго, Літва працягвае актыўна падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і імкнецца садзейнічаць таму, каб галасы беларусаў у міжнароднай супольнасці былі пачутыя. 

dsc_1023_logo.jpg

«‎Сёння, як і кожны дзень, я хачу яшчэ раз запэўніць, што падтрымка Літвы дэмакратычнай Беларусі, яе незалежнасці і суверэнітэту непахісная. Мы падтрымліваем імкненне ўсяго народа Беларусі жыць у свабоднай і дэмакратычнай дзяржаве»‎, — павіншаваў беларускі народ Гітанас Наўседа.

Прэзідэнт таксама пазычыў беларусам заставацца моцнымі і згуртаванымі, працягваць змагацца за свабоду сваёй краіны, не дазваляючы выкарыстоўваць сваю дзяржаву ў агрэсіі супраць Украіны. 

dsc_1059_logo.jpg

На Лукішскай плошчы, ля памятнага знака, дзе быў павешаны Кастусь Каліноўскі, сабраліся некалькі сотняў чалавек з нацыянальнай сімволікай Беларусі і Літвы. Адметна, што сёлета паліцыя пільна ўглядалася ў натоўп у пошуку падазроных людзей (асабліва ў масках і захутаных тварах) — верагодна праз дзейнасць спецслужб рэжыму Лукашэнкі ў Літве. Побач былі размешчаны стэнды с фотаздымкамі загінулых за свабоду Украіны беларускіх ваяроў. 

Арганізатары выказалі словы падзякі Літве і літоўскаму народу за падтрымку беларусаў у барацьбе за еўрапейскія каштоўнасці і прыярытэты, абарону людзей, якія вымушаны жыць у эміграцыі і не маюць магчымасці вярнуцца на радзіму, магчымасць чацвёрты год святкаваць Дзень волі на зямлі Літвы.

Напрыканцы беларусы падкрэслілі, што нашыя краіны ніколі ў гісторыі не мелі войн — і гэта гарантыя таго, што Літва ніколі не атрымае нож у спіну ад беларуса.