Яны абвясцілі незалежную Беларусь. Як склаліся лёсы міністраў першага Ураду БНР
Лёсы выбітных беларусаў, дзякуючы якім сёння мы маем гонар святкаваць Дзень Волі, былі пакручастымі, а ў большасці выпадкаў нават трагічнымі. Канец іх жыцця ахінуты страшнымі словамі «турма», «расстрэл» і «смерць у эміграцыі». Але самое іх яскравае і годнае жыццё асвятляюць словы «воля», «незалежнасць», «БНР».
Язэп Варонка. Эміграцыя
Будучы старшыня БНР нарадзіўся ў 1891 годзе ў вёсцы Кузьніца (Беласточчына). Праз 27 гадоў выбітны сын гэтай зямлі згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвесціць Кузьніцу часткай Беларускай Народнай Рэспублікі.
У 1917 годзе малады журналіст Язэп Варонка стаў сябрам ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады. У тым жа годзе прадстаўляў беларускія інтарэсы на Дэмакратычнай нарадзе ў Петраградзе, як прадстаўнік Цэнтральнай рады беларускіх арганізацыяў.
«У гэты час, як ў краі, так і на фронці, – ўсюды шпарка сталі расьці беларускія арганізацыі, у большай сваёй часьці – палітычныя, а так сама і прафэсыянальныя, культурна-прасьветныя, бежэнскія і іншыя. Параскіданыя праз вайну па ўсім абшары былой Расеі беларусы з кожным днём усё галасьней і ясьней давалі аб сабе знаць», — пісаў Язэп Варонка.
У канцы 1917 года ён прыязджае ў Менск, дзе яго абіраюць камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады. Варонка актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага з’езда.
У кнізе «Беларускі рух ад 1917 да 1920 году» (Коўна, 1920 г.) Язэп Варонка піша:
«Пастановы 1-шага Ўсебеларускага Зьезду сталі пэршым фундамэнтам новага Беларускага Статуту дзеля таго, што яны ў першы чарод ясна устанаўлівалі ў межах беларускай зямлі рэспубліканскі лад, умацовывалі права народу на зямлю, падкрэсьлівалі жаданьне беларусоў прыймаць учасьцьце ў будучэй Міравой Нарадзе, патрэбавалі адбудаванья разруйнованай старонкі коштам воеваўшых государстваў і вываду польскіх і нагул воражых войскаў з абшараў Беларусі. Зьезд у канцы сваёй працы выбраў з свайго складу Раду 1-шага Ўсебеларускага Зьезду, якая павінна была арганізаваць фактычную ўладу на Беларусі, калі дзеля гэтага наступіць адпаведны час.
Гэта пастанова і зьняла маску з твары нацыянальна-цярпімага бальшэвізму, і… менскія бальшэвікі ноччу з 17 на 18 сьнежня (старога стылю) 1917 году разагналі Зьезд штыкамі і кулёмётамі, а глаўных дзэячоў Зьезду, — колькі дзесяткаў чалавек, ўкінулі ў сутарыны сваёй крэпасьці.
Гэты неслыханы ў гісторыі акт ўціску меў добрыя скуткі для беларусоў. Прэдстаўнікі Беларускага Ўраду, вырабляючыся патроху з бальшэвіцкіх турмаў, сталі вясьці сваю працу ў большэй часьці нелегальна і паднялі агітацыю за незалежнасьць… ад бальшэвікоў і чужынцоў».
У кастрычніку 1918 увайшоў у склад Рады Народных міністраў БНР як міністар унутраных справаў.
«9 сакавіка 1918 г. Спаўняючы Камітэт II-гой Устаўнай Граматай абвесьціў асновы Беларускай Канстытуцыі, а 25 сакавіка Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, утворэнная з Спаўняючага Камітэту і Рады 1-шага Ўсебеларускага Зьезду, III-цяй Устаўнай Граматай дэкляравала незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі ў межах, дзе перэважываючую лічэбнасьць (адносна да другіх народаў) мае беларускі народ», — пісаў Язэп Варонка.
З 1918 году жыў у Коўне.
Ён піша: «Палякі пайшлі далей на ўсход, займаючы беларускія абшары. Міністэрства Беларускіх Спраў зноў перэнеслося, ужэ ў Коўну; гэтае места стала цяпер часовай сталіцай неакупаванай Літвы, ў граніцах якой не аставалося болей ні воднага кавалачка беларускай зямлі. Перэнёсшыся ў Коўну, установы Міністэрства Беларускіх Спраў пачалі там беларускую працу спачатку, утварыўшы аднак нелегальную сувязь з прэдстаўнікамі Міністэрства ў польскай акупацыі».
У Коўне спадар Варонка працаваў міністрам беларускіх справаў ва Ўрадзе Летувіскай Рэспублікі, старшынём беларускага Чырвонага Крыжа. Таксама старшыня БНР не кінуў рэдактарскай дзейнасці: працаваў рэдактарам беларускага часопісу «Часопісь», выдаваў расійскамоўную штодзённую газету «Вольная Литва» і дадатак да яе – часопіс «Зеркало».
У 1923 годзе Язэп Варонка з’ехаў у ЗША. Быў адным з кіраўнікоў Беларуска-амэрыканскай нацыянальнай рады, выдаваў газэту «Беларуская трыбуна», вёў беларускія праграмы на радыё.
З успаміаў Вітаўта Кіпеля: «Язэп Варонка быў выдатным пачынальнікам і кіраўніком беларускага руху ў Злучаных Штатах. Ён прыехаў у гэтую краіну зь ініцыятывы Янкі Чарапука як прадстаўнік Рады БНР. Я.Варонка да свайго прыезду ў Злучаныя Штаты меў ужо значны досьвед палітычнага кіраўніцтва, займаючы пэўны час сярод іншага пасаду прэм’ер-міністра Беларускае Народнае Рэспублікі. Ён быў высокаадукаваным чалавекам. Ён адыграў значную ролю ў грамадскім і палітычным жыцьці амэрыканскіх беларусаў, а ягонае напахіснае жаданьне заснаваць магутную беларускую арганізацыю заслугоўвае ўсялякае павагі…».
Палута Бадунова. Расстрэл
Выбітная змагарка за незалежнасць Беларусі нарадзілася у 1885 годзе ў мястэчку Навабеліца (цяпер адзін з раёнаў Гомелю). З іншымі вольнадумнымі беларусамі яна аб’ядналася ў Петраградзе, дзе наведвала гісторыка-літаратурныя курсы. Як і Язэп Варонка ў чэрвені 1917 году была абраная сябрам ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады, брала ўдзел у працы І Усебеларускага зьезду.
21 лютага 1918 году ўвайшла ў Народны сакратарыят БНР, стаўшы першай кабетай у складзе БНР. 2 лістапада 1919 году абраная намесьнікам старшыні Народнай Рады БНР.
17 лістапада 1919 году разам з Язэпам Мамонькам і Вацлавам Ластоўскім была арыштаваная польскімі ўладамі.
«Належачы да партыі беларускіх эсэраў, Бадунова пасьлядоўна выступала за поўную незалежнасьць Беларусі. За свае непахісныя погляды ёй давялося адседзець спачатку ў польскай турме ў Менску, а потым у бальшавіцкай — у Маскве. Гэта была славутая Бутырка, дзе Палута за паўгоду зьняволеньня трымала некалькі галадовак, штораз даводзячы сябе да крытычнага стану», — пісаў Уладзімер Арлоў.
У 1923—1925 гадах жыла ў Празе.
Гісторык Анатоль Сідарэвіч піша: «У Чэхаславаччыне Бадунова спрабавала прадоўжыць вучобу і паступіла ва Ўкраінскі вышэйшы пэдагагічны інстытут імя М. Драгаманава. Аднак вучоба не далася. Турмы, пераход Бярэзіны, каханьне без узаемнасьці зрабілі сваё. У Бадуновай было моцна падарванае здароўе: хранічная хвароба лёгкіх, раматус і да таго ж псыхічнае расстройства ў лёгкай форме, якое чэскія мэдыкі лічылі невылечным».
У 1923 годзе ўрад БССР абвясціў амністыю дзеячам беларускага руху, якія не змагаліся са зброяй у руках. Даверыўшыся бальшавікам, пачалі масава вяртацца эмігранты.
У студзені 1925 году Палута вярнулася ў СССР. Наступныя пяць гадоў жыла ў сваёй сястры Марыі ў Мінску, спрабавала наладзіць супрацоўніцтва з Інстытутам беларускай культуры.
Уладзімер Арлоў: «...Вярнуўшыся з праскай эміграцыі, яна працавала настаўніцай у Гомелі. Прымірыцца з савецкай уладай Палута не магла дый не хацела. Такіх, як яна, хто не баяўся публічна выказвацца пра існы лад, тады былі адзінкі. Тое, што па яе прыйшлі толькі ў 1937-м, выглядае нават нейкай анамаліяй. «Антысавецкая агітацыя» была ацэненая на дзесяць гадоў лягераў, але прысуд для эсэркі-незалежніцы прызналі занадта мяккім. Бадунову перавялі ў менскую «амэрыканку». Неўзабаве ёй прачыталі пастанову пра расстрэл».
Яўхім Бялевіч. Канцлагер
Будучы міністр фінансаў і юстыцыі нарадзіўся ў 1888 годзе ў Мінску.
Пра лёс Яўхіма Бялевіча, на жаль, вядома не шмат падрабязкаў. Пункцірныя звесткі аб ягоным жыцці знойдзем на афіцыйным сайце Рады БНР:
Падчас Першай сусьветнай вайны на фронце — прапаршчык, штабс-капітан. Ад вайскоўцаў-беларусаў абраны дэлегатам на Першы Ўсебеларускі Зьезд, член яго прэзыдыюма.
Да ліпеня 1918 займаў пасаду міністра юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце — першым урадзе БНР. Як нязгодны зь яго палітыкай, выйшаў у адстаўку.
У 1920—1922 служыў у Гомелі ў чыгуначных часьцях Чырвонай арміі. 1 кастрычніка 1920 арыштаваны асобым аддзелам Заходняга фронту па падазрэньні ў контррэвалюцыйнай дзейнасьці; вызвалены праз 6 месяцаў. У чэрвені 1924 удзельнічаў у ліквідацыйным зьезьдзе БПС-Р.
Перайшоў на фінансавую работу — у 1925—1930 упаўнаважаны Наркамфіну БССР, з 1931 у Белшвейаддзяленьні Вышэйшага савета народнай гаспадаркі.
Арыштаваны 19 сакавіка 1932. Паводле пастановы калегіі ОГПУ СССР асуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных работ. Этапаваны ў Сьвірскі канцлягер НКВД Ленінградзкай вобласьці. У зьняволеньні 27 сьнежня 1936 узяты пад варту. 8 лютага 1937 Ленінградскім абласным судом асуджаны да 5 гадоў зьняволеньня і 5 гадоў пазбаўленьня правоў.
Загінуў у 1942 годзе ў Магаданскім канцлягеры.
Кастусь Езавітаў. Турма
Міністр абароны БНР нарадзіўся ў 1893 годзе ў сям’і кадравага афіцэра.
Яго пасады і дасягненні пералічвае гісторык Уладзімер Арлоў:
«Удзельнік Першага Ўсебеларускага зьезду і абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Ваенны міністар у яе першым урадзе. Шэф Вайсковадыпляматычнай місіі БНР у Латвіі й Эстоніі, дзякуючы якому балтыйскія дзяржавы, у тым ліку і Фінляндыя, першымі прызналі беларускую незалежнасьць. (Гэтыя заслугі Езавітава былі адзначаныя прысваеньнем яму званьня генэрал-маёра.)
Больш за дваццаць гадоў ён вёў культурна-асьветную дзейнасьць сярод этнічных беларусаў Латвіі: кіраваў Люцынскай беларускай гімназіяй, знайшоў або разбудзіў дзясяткі талентаў і тысячы беларускіх душаў».
«У 1945-м яго, дэлегата Другога Ўсебеларускага кангрэсу і кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня вайсковых справаў Беларускай Цэнтральнай Рады, арыштавала савецкая контравыведка «Смерш», — працягвае спадар Арлоў. «Паводле афіцыйнай вэрсіі, Езавітаў памёр у турэмным шпіталі «ад тубэркулёзу лёгкіх пры дыстрафіі 3-й ступені».
Паводле іншых звестак – расстраляны.
А вось як сам Кастусь Езавітаў узгадваў дзень 25 сакавіка 1918 года:
«Калі абвешчаны былі вынікі галасаваньня, у зале запанаваў урачыста ўзьняты настрой, беларускія сацыялісты засьпявалі рэвалюцыйны беларускі гімн: «Ад веку мы спалі, і нас разбудзілі!..» Уся Рада ўстала і дружна падхапіла гэтую хвалюючую, магутную мэлёдыю зь яе захопліваючымі, як прысяга, словамі.
У гэты момант праз вокны ўдарылі першыя залатыя праменьні наступаючага 25 сакавіка, і ўся заля афарбавалася ў нейкі містычна-ружовы колер. Захопленыя агульным уздымам, нават прадстаўнікі расейскіх с.р. і габрэі, пасьля адсьпяванага гімну, зрабілі ўрачыстыя заявы, у якіх падкрэсьлілі, што, лічачыся з стаўшымся фактам, яны таксама ўсімі сіламі будуць падтрымоўваць Беларускую Дзяржаву».
Лявон Заяц. Турма
Леанард Язэпавіч Заяц нарадзіўся ў 1890-м у Даўгінаве Вілейскага павета.
За часамі вучобы на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім руху. У 1913-м нават граў ролю Яўхіма ў «Паўлінцы».
У палітыцы з 1916 году. Уваходзіў у Беларускую народную партыю сацыялістаў. Як прадстаўнік БНПС удзельнічаў у З’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску, якія выступалі за аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расійскай федэрацыі.
Сябар Рады Усебеларускага з’езда. Па абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года займаў пасаду загадчыка справаў, а па адстаўцы Яўхіма Бялевіча заняў таксама пасаду народнага сакратара юстыцыі.
Лявон Заяц — адзіны, хто ў 1918–1925 быў сябрам усіх, акрамя аднаго, урадавых кабінетаў БНР .Ва ўрадзе Івана Серады займаў пасаду старшыні канцылярыі, працаваў у Камісіі міжнародных спраў. Пад кіраўніцтвам Антона Луцкевіча заняў пасаду дзяржаўнага кантралёра. Пры Ластоўскім – загадчык канцылярыі і дзяржаўны сакратар.
3 снежня Рада і ўрад БНР праз наступ бальшавікоў на Менск пераязджаюць у Вільню, а пасля ў Горадню, усё яшчэ занятую немцамі. У сакавіку 1919 года дзейнасць БНР у Горадні становіцца немагчымай, 22 сакавіка Лявон Заяц разам з групай беларускіх палітыкаў выехаў у Берлін. Працаваў шэфам Дыпламатычнай місіі БНР у Нямеччыне.
Далей чытаем у гісторыка Анатоля Сідарэвіча:
«Як вядома, 15.10.1925 Урад БНР самараспусьціўся. За гэтую пастанову галасаваў і Заяц. У 1926 ён пераехаў у Савецкі Саюз і быў прызначаны кансультантам народнага камісарыяту фінансаў ССРБ.
19.07.1930 яго арыштавалі ў «справе» так званага Саюзу вызваленьня Беларусі. Апроч таго, яму інкрымінавалі прыналежнасьць да «Беларускага брацтва» (Ластоўскі, Цьвікевіч ды інш.).
Высланы на 5 год ва Ўфу, 25.07.1935 Заяц зноў быў арыштаваны, аднак прысуду не дачакаўся: у часе сьледзтва ён памёр (як можна прачытаць, ад хваробы нырак)».
Пётра Крачэўскі. Эміграцыя
Будучы старшыня Рады БНР арадзіўся 7 жніўня 1879 г. у Кобрынскім павеце.
Яго жыццёвы шлях акрэсліў Урадзімер Арлоў у кнізе «Імёны Свабоды»:
«У 1917-м ён, выпускнік Віленскай духоўнай сэмінарыі, потым настаўнік, банкаўскі службовец і вайсковец, бярэ ўдзел у Першым Усебеларускім зьезьдзе і абіраецца сябрам яго выканкаму.
Праз два гады Крачэўскі ўзначаліў Раду БНР, што ў тых палітычных умовах прывяло да непазьбежнай эміграцыі — спачатку ў Літву, а затым у Чэхаславаччыну.
Пётра знаходзіўся ў ліку палітыкаў, якія выступілі супраць пастановаў Бэрлінскай Усебеларускай канфэрэнцыі, дзе Менск быў прызнаны адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага Адраджэньня Беларусі».
Далейшае жыццё Крачэўскі правёў у Празе. Ён дамогся ад урада Чэхаславакіі стыпендый для беларускіх студэнтаў, адзін са стваральнікаў Беларускага загранічнага архіва. Памёр 8 сакавіка 1928 года ў Вінагродскай бальніцы Прагі.
Чытаем у спадара Арлова:
«Пяру Крачэўскага належаць паэтычныя й драматургічныя творы, але найперш ягоны талент гісторыка і літаратара выявіўся ў эсэ й артыкулах, прысьвечаных асобам і падзеям беларускай мінуўшчыны. У адным зь іх — эсэ «Скарына і незалежнасьць» — прэзыдэнт БНР напісаў словы, актуальнасьць якіх непадуладная часу:
«Бяз мовы няма нацыі, без культуры — няма народу і ня можа быць Незалежнасьці, сваёй уласнай дзяржавы».
Янка Серада. ГУЛАГ
Першы старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі нарадзіўся 13 траўня 1879 года ў вёсцы Задзвеі Наваградзкага павету (сучасны Баранавіцкі раён).
Скончыў Варшаўскі ветырынарны інстытут, працаваў вэтэрынарам у Мінскай губерніі.
З 1917 года Янка Серада ўдзельнічае ў беларускім нацыянальна-вызваленчым руху. ўдзельнічае ў беларускім нацыянальна-вызваленчым руху. Быў старшынёй Усебеларускага з’езда.
Пад кіраўніцтвам Янкі Серады Рада БНР на пасяджэнні ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года бальшынёй галасоў прыняла Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пасьля ўсталяваньня савецкай улады працаваў у Наркамаце Земляробства БССР. Быў навуковым супрацоўнікам і загадчыкам бібліятэкі Інбелкульту.
4 ліпеня 1930 году Янка Серада быў арыштаваны ГПУ па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Сасланы ў Яраслаўль.
Агулам старшыня Рады БНР правёў у ГУЛАГу 13 гадоў.
У 1941 годзе яго зноў асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Датэрмінова вызвалены 19 лістапада 1943 году. Далейшы лёс Янкі Серады невядомы.
Аркадзь Смоліч. Расстрэл
Міністр асветы БНР нарадзіўся ў 1891 годзе ў вёсцы Бацэвічі (цяпер Магілёўская вобласць).
Кіраўнік Мінскай арганізацыі БСГ Удзельнік Усебеларускага з’езда Па стварэнні Рады БНР увайшоў у яе склад. У 1918 годзе Аркадзь Смоліч стаў адным з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пасля распаду Беларускай сацыялістычнай грамады разам з іншымі беларускімі дзеячамі ў красавіку 1918 года арганізаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, аўтар праекта яе праграмы, адзін з тэарэтыкаў беларускай сацыял-дэмакратыі.
Заснаваў Дыпламатычную місію БНР у Берліне. У Варшаве сустракаўся з Юзафам Пілсудскім і іншымі польскімі дзеячамі.
У жніўні 1922 года з дазволу ўрада БССР вярнуўся ў Менск. З 1925 года намеснік старшыні Інбелкульта, кіраўнік сельскагаспадарчай секцыі і камісіі па раянаванні БССР, быў старшынёй Цэнтральнага Бюро краязнаўства.
Зрабіў уклад у пераўтварэнне Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук, быў адным з аўтараў яе першага статута.
Пра навуковую спадчыну Аркадзя Смоліча Уладзімер Арлоў піша:
«Бываюць пісьменьнікі, кнігі якіх нагадваюць сумныя падручнікі, але бываюць і навукоўцы, чые падручнікі чытаюцца зь ня меншай цікавасьцю, чым добры мастацкі твор. Менавіта так я чытаў перавыдадзеную на пачатку 1990-х «Геаграфію Беларусі» Аркадзя Смоліча, што ўпершыню пабачыла сьвет у 1919-м у Вільні, адкрываючыся актуальным і сёньня эпіграфам: «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў».
Міністр асветы БНР быў арыштаваны 26 чэрвеня 1930 года па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». За «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» сасланы на 5 гадоў. У 1935-м – вызвалены, але праз два гады арыштаваны зноў.
Спадар Арлоў піша:
«Перад расстрэлам у Омскай турме НКВД Смоліч, напэўна, бачыў з такой любасьцю й веданьнем апісаныя ім беларускія краявіды, да якіх, разлучыўшыся зь целам, памкнулася ягоная душа».
Тамаш Грыб. Эміграцыя
Будучы міністр земляробства БНР нарадзіўся ў 1895 годзе ў вёсцы Паляны (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці). Паходзіць з беднай сялянскай сям’і.
Дэлегат І Усебеларускага з’езда. Адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябра Рады БНР. Займаў пасады міністра земляробства і міністра ўнутраных спраў.
У 1920 годзе выязджае ў Коўна, удзельнічае ў выданні газеты «Сялянская доля». Удзельнік Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе.
З 1922 года жыў у Чэхаславакіі. Скончыў філасофскі факультэт Карлава ўніверсітэта. Тэма дысертацыі: Пытанне нацыі і нацыянальнасці. Сацыялагічны аналіз нацыянальнасці.
Як піша Уладзімер Арлоў, «адрозна ад шмат каго з нацыянальных дзеячаў ён пасьлядоўна выступаў супраць вяртаньня ў БССР, дзе ўсе вяртанцы чамусьці хутка зьнікалі.
«Пакіньце займацца дурніцай», — ляпідарна адказаў ён на запрашэньне ўзяць у 1926 годзе ўдзел у зладжанай Інбелкультам менскай Акадэмічнай правапіснай канфэрэнцыі, адкуль, да прыкладу, ужо ня здолеў купіць білет дадому ў Вільню Францішак Аляхновіч».
Стварыў у Празе Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Скарыны. У 1934—1938 гадах — загадчык беларускага замежнага архіва. Друкаваў
артыкулы на тэмы гісторыі, грамадзкай думкі, нацыянальна-палітычнага жыцьця
Беларусі ў часопісах «Студэнцкая думка», «Золак», «Iskry Skaryny».
Тамаш Грыб, на шчасце, здолеў пазбегнуць бальшавіцкіх рэпрэсій. Але і яму было наканавана памерці маладым. У 1938 годзе, у Празе, ён памёр ад ускладненняў грыпу.
Раней Тамаш Грыб пісаў:
«Я або прыеду ў Мінск як вольны грамадзянін, або застануся на ўсё жыццё сваё эмігрантам. Можа быць, хто-небудзь знойдзе мае каштоўныя рукапісы... Працую для будучых пакаленняў...»
І будучыя пакаленні яму ўдзячныя.
Яшчэ трое міністраў БНР – Гелій Белкінд (народны сакратар фінансаў), Павел Злобін (сакратар расейскіх справаў), В. Рэдзька (народны сакратар шляхоў зносін) у красавіку 1918 года на знак пратэсту супраць прыняцця III-й Устаўной граматы падалі ў адстаўку.
Далейшыя лёсы Гелія Белкінда і В.Рэдзькі невядомыя.
Павел Злобін паходзіць з Разані.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ўзначальваў арганізацыю расійскіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў у Мінску, вёў работу па афармленні антыбальшавіцкага блока на Беларусі. Выступаў супраць стварэння беларускай незалежнай дзяржавы, за аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расіі.
У 1922 годзе быў абвінавачаны па працэсе над Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў і асуджаны да двух гадоў турэмнага зняволення. Падчас знаходжання ў турме ў яго абвастрыліся сухоты. Далейшы лёс Паўла Злобіна невядомы.
Таксама невядомы лёс А. Карача (народны сакратар пошты і тэлеграфу).