Яўген Вапа: З нашэсцем бяды Беларусь можа выйграць толькі грунтуючыся на ідэях незалежнасці
Беларусы ва ўсім свеце апынуліся на мяжы палітычнага і нацыянальнага выжывання або знікнення, разважае журналіст і беларускі грамадскі дзеяч з Польшчы Яўген Вапа напярэдадні 25 Сакавіка.
У
каляндарным кругазвароце набліжаецца да нас сто шостая гадавіна апавяшчэння
Беларускай Народнай Рэспублікі.
Акт 25 Сакавіка 1918 года беларускаму народу вызначыў адзіны палітычна-дзяржаўны шлях, ад якога няма ўжо адступлення і якога нельга забыць. Гэта менавіта той найважнейшы нацыянальна-маральны імператыў мінулага і будучыні, які павінен абавязваць усіх тых, хто беларусам завецца. І таму свайго ён…. ніколі не адрачэцца. Розныя рэнегацтвы, дзяржаўныя і нацыянальныя здрады, якія прыходзілася нам бачыць цягам усіх гэтых гадоў і зараз, не павінны нас прыводзіць да настрояў адчаю і зняверанасці адносна той адзінай, самастойнай беларускай незалежнасці.
Калі б не вера і разуменне ролі ідэі Беларускай Народнай Рэспублікі, то нягледзячы на яе палітычна-мілітарны пройгрыш у 1918-1921 гадах, дзясяткі, сотні тысячы, а зараз мільёны беларусаў не выступалі б пад гістарычнымі сімваламі сакавіцкай беларускай незалежнасці — гербам Пагоня і бел-чырвона-белым сцягам. А словы гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» зразумелыя кожнаму, хто ўсведамляе сябе адказным і верыць у сваю Бацькаўшчыну. Таму не здзіўляе так жорсткая і мілітарная зараз спецаперацыя Масквы і яе стаўленікаў у Беларусі супраць усяго беларускага.
Волі і духу народа не можна цалкам спапяліць — прытухнуўшы, яны разгарацца свабоды полымем.
Гляньма яшчэ на адну гістарычную абстаноўку, звязаную з самім урадам БНР. Прысудам палітычных працэсаў прыйшлося яму да гэтай пары знаходзіцца на чужыне. Пра еўрапейскія і амерыканскія лёсы і месцазнаходжанне гэтага палітычнага прадстаўніцтва і яго дзейнасць трэба абавязкова напісаць не адну кніжку і можна зняць не толькі дакументальнае, але і мастацкае кіно ўсіх жанраў. Аднак сярод Айцоў БНР і яе пераймальнікаў не перамагла думка, нягледзячы на прапановы і правакацыі, каб згубіць і перапыніць пераемнасць гэтага незалежніцкага запавету 1918 года.
Пасля Першай і Другой сусветных войнаў шмат якім народам і іх урадам прыйшлося існаваць і дзейнічаць ва эміграцыйных умовах. Такое маецца і зараз у дачыненні да некаторых трансдзяржаўных народаў і дыктатарскіх краін. Для большасці краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы, якія апынуліся ў зоне ўплываў Савецкага Саюза, перадача з чужыны рэгалій улады наступае ў канцы дваццатага стагоддзя пасля падзення камунізму ў гэтай частцы свету. У Беларусі, на жаль, вельмі хутка наступіла трансфармацыя гэтак званай камуністычнай савецкасці ў савецкі лукашызм.
І з тым чарговым нашэсцем бяды і гора можам выйграць толькі грунтуючыся на ідэях незалежнасці і беларускасці.
Быць Нам Разам — БНР — так для ўзмацнення самога сябе расшыфраваў я ў мінулым гэтую абрэвіятуру і паўтараю яе ў памяці таксама зараз, калі сілы цемры хочуць у чарговы раз праглынуць Беларусь. А вайна, тая бачная і нябачная, унутраная і вонкавая рэальна вядзецца на яе тэрыторыі.
І зараз кожны з нас павінен абсалютна разумець, што маем той гістарычны час праўды, які патрабуе ад усіх беларусаў выконваць адвечны, цывілізацыйны запавет — Бараніць Наш Род — БНР. Беларусы ў Беларусі, беларускія дыяспары ва ўсім свеце, і мы нацыянальная меншасць у Польшчы апынуліся на мяжы палітычнага і нацыянальнага выжывання або знікнення. Таму бачым, што ў момант лютай жорсткасці трэба бараніцца тым, чым можам і ў супольнай еднасці.
Памяці і дзеяння патрабуюць ад нас таксама тыя сотні тысяч беларусаў, якія стагоддзямі гінулі за нашы беларускія мроі і летуценні. Менавіта зараз прага волі зноў закінула ў крывавыя жорны лукашызму сотні тысяч грамадзян Беларусі, якія становяцца суцэльнымі палітычнымі вязнямі, ці то ў турэмна-лагерным варыянце, ці вязнямі ў дыктатарскай, акупацыйнай зоне цэлай краіны. Менавіта такім нацыянальным, абарончым адказам ёсць зараз гераічныя партызанскія подзвігі ў самой Беларусі, як і змаганне ў адкрытую беларускіх добраахвотнікаў са зброяй у руках супраць маскоўскай агрэсіі ў абароне выжывання Украіны.
І таму святкаваць Дзень Волі для нас — гэта выратоўваць сябе і дапамагаць самім сабе. Кожнаму відаць, што ў сённяшнім свеце дзяржавы — гэта гарантыя для народаў, забеспячэння і абароны іх правоў. І самае важнае тут — момант думкі пра будучыню. Трэба заставацца нам у наступныя стагоддзі і народам, і дзяржавай. Гэта самае галоўнае.
Яўген Вапа, тыднёвік “Ніва”, №12, 2024 год, паводле«Радыё Рацыя»