Дзень Волі ў Мінску дзесяць гадоў таму (шмат фота)
Гэты рэпартаж быў зроблены 10 гадоў таму, калі дэмакратычная грамадскасць адзначала 95-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У Мінску прайшлі шэсце і мітынг. Збор удзельнікаў быў запланаваны ў 12.00 гадзін на пляцоўцы каля кінатэатра «Кастрычнік». Паглядзіце як гэта было.
14.20. Удзельнікі мітынгу настоеныя, аднак, не агрэсіўна, і больш святкуюць Дзень Волі, 95-я ўгодкі абвяшчэння БНР. Людзі скандуюць: “Жыве Беларусь!”, спяваюць патрыятычныя песні пад гукі беларускай дуды і барабанаў.
Народ паступова разыходзіцца. Нават не ўсе дачакаліся, пакуль выступоўцы скончаць свае прамовы.
14.15. На плошчы Бангалор адбываецца мітынг, дзе прысутнічаюць каля паўтысячы чалавек. Шмат выступаў прысвечана сумнай канстатацыі, што і ў пачатку ХХІ стагоддзя на Беларусі існуюць палітвязні. Удзельнікі дэманстрацыі горача падтрымліваюць выступоўцаў і патрабуюць свабоды для палітвязняў.
Гучаць заклікі не дапусціць гандлю палітзняволенымі, пра гэта, у прыватнасці, казаў і лідар АГП Анатоль Лябедзка. Віталь Рымашэўскі адзначыў, што ўсе памкненні ўладаў скіраваныя на тое, каб падарваць незалежнасць Беларусі, у тым ліку моцна пагражае суверэнітэту нашай краіны патаемная прыватызацыя, якая зараз праводзіцца ўладай. Выступоўцы патрабуюць не дапусціць гэтага.
13.50. Асноўная частка дэманстрацыі дайшла да плошчы Бангалор. Пляцоўка, прызначаная для мітынгу, ачэплена і агароджана. Людзі праходзяць праз металашукальнікі, аднак некаторыя з дэманстрантаў разварочваюцца і сыходзіць. На пляцоўцы запланаваны невялікі мітынг, на якім выступяць арганізатары. Пакуль усё спакойна, ніякіх значных эксцэсаў не адбываецца.
12.58. Шэсце знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Якуба Коласа і Сурганава. Дэманстранты пераходзяць вуліцу вуключна на зялёнае святло светлафора. Калона расцягнулася ад цэнтра “Айсберг” да Дома Друку, удзел у шэсці бяруць некалькі тысяч чалавек.
12.35. Пачалося шэсце ад кінатэатра “Кастрычнік” па праспекту Незалежнасці. Сабралася каля тысячы чалавек, яны скандуюць: “Жыве Беларусь!”, “Свабоду палітвязням!”
У пачатку шэсця нясуць вялікі бел-чырвона-белы сцяг. У калоне заўважныя сцягі, партрэты палітвязняў і зніклых палітыкаў: Юрыя Захаранкі, Дзмітрыя Завадскага, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, а таксама памерлага пры нявысветленых абставінах Генадзя Карпенкі.
За шэсцем назіраюць супрацоўнікі АМАПу, якія стаяць уздоўж праезджай часткі, каб людзі не выходзілі пад колы машын.
12.15. Людзі паціху збіраюцца, пакуль каля 200 чалавек. Але, як і чакалася, пляцоўка агароджана турнікетамі, і ўдзельнікаў прапускаюць туды праз металашукальнікі. Таму ахвочых прайсці на пляцоўку не надта шмат, у асноўным людзі стаяць на ходніках. Ва ўсіх святочны настрой, людзі віншуюць адзін аднаго з Днём Волі.
У 12.30 павінна пачацца шэсце. На пляцоўцы бачныя бел-чырвона-белыя сцягі, сімволіка “Еўрапейскай Беларусі”, БХД, “Маладой Беларусі” і сацыял-дэмакратаў. Такім чынам, апасенні, што выкарыстанне сцягоў будзе забаронена, не спраўдзіліся.
Фота аўтара