Віншаванне ўсім беларусам праз 64 гады

У маім хатнім архіве захоўваецца шмат вось такіх паштовак. Яны былі выдадзены ў 1949 годзе ў горадзе Лінц у Аўстрыі беларусам Янам Пятроўскім. Наклад быў даволі вялікі.



pashtoschka_piatroschski.jpeg

З Янам Пятроўскім я шмат гадоў сябраваў, перапісваўся. Аднойчы ён мне прыслаў сотню такіх віншаванняў, каб я іх дасылаў сябрам на Дзень 25 Сакавіка.

Ян Пятроўскі (1905–2001) — беларускі рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч міжваеннай Заходняй Беларусі і ў эміграцыі, публіцыст, выдавец, рэдактар, пісьменнік і перакладчык. Нарадзіўся ў Слуцку. З 1920-х гадоў быў звязаны з беларускім культурна-грамадскім рухам Заходняй Беларусі. Падтрымліваў кантакты з вучнёўскай моладдзю Віленскай беларускай гімназіі. Прыхільнік Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Быў знаёмы з многімі дзеячамі заходнебеларускай культуры. У 1927–1928 гадах хацеў выехаць у БССР, аднак перадумаў. Служыў у Войску Польскім, дзе пазнаёміўся з сябрамі метадысцкай царквы. У канцы 1920-х гадах стаў сябрам пратэстанцкага брацтва. Вучыўся ў біблейскай школе метадыстаў у Кларысава. З 1932 года жыў і быў прапаведнікам у Дзярэчыне на Зэльвеншчыне. У 1935 годзе  ініцыяваў выданне, а затым быў выдаўцом і рэдактарам беларускамоўнага пратэстанцкага грамадска-рэлігійнага і літаратурнага часопіса «Сьветач Хрыстусовае навукі».

Падчас Другой сусветнай вайны Ян Пятроўскі кіраваў групай беларускіх перакладчыкаў, якая дзейнічала ў Берліне пры выдавецтве Міністэрства прапаганды Трэцяга Рэйха. Апрацаваў у 1942 годзе з А. Калошам і В. Камароўскім «Нямецка-беларускі слоўнік» (27 тысяч слоў), які, аднак, не быў выдадзены.

У канцы Другой сусветнай вайны выехаў у Аўстрыю. А з 1953 года жыў у ЗША. У эміграцыі ўзнавіў выданне евангельска-баптысцкага часопіса «Сьветач Хрыстовае навукі». У 1976 годзе разам з жонкай Аліцыяй ў г. Гейнсвіл (штат Фларыда) заснаваў Беларускі харытатыўна-адукацыйны фонд. Пераклаў на беларускую мову і выдаў 7 тамоў выбраных твораў старажытнагрэчаскага філосафа Платона. Падрыхтаваў і выдаў класічны «Грэцка-беларускі слоўнік». Таксама аўтар беларускіх перакладаў Марка Аўрэлія, Карла Вільгельма фон Гумбальта. Аўтар «Мемуараў» (т. 1–3, Гейнсвіл, 1983–1997).

Ян Пятроўскі вельмі любіў Беларусь. Ён хацеў перадаць у Слонім альбо Слуцк увесь свой архіў, каб стварыць на Радзіме яго бібліятэку і архіў. Але нечаканая смерць сына і жонкі парушыла ўсе планы. Тым не менш, сярод сотні яго пісем, выданняў, паштовак, ёсць і такія. Арыгінальнае, хоць і сціплае выданне, ці не праўда? А што на ім напісана — гэта віншаванне ўсім беларусам!