Дзень Волі як страчаны шанц для дэмакратаў
Усе зноў пасварыліся — і зноў з-за Дня Волі. Чаго тады чакаць ад наступнага Дня Волі? Калі ўлада пабачыла, што ўсе
праглынулі забарону святкавання ў цэнтры, ці лёгка будзе вярнуць гэта
права? Альбо збудзецца прагноз экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы
Статкевіча, які лічыць, што ў наступным годзе не дазволяць і Бангалор?
![Фота Арцёма Лявы Фота Арцёма Лявы](/img/v1/images/img_1017_1500x1000_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Арцёма Лявы
Галоўная інтрыга сакавіка раскрытая — улады не дазволілі правесці святочныя мерапрыемствы да Дня Волі ні на адной з жаданых пляцовак.
Мінскія чыноўнікі дакладна выканалі загад Аляксандра Лукашэнкі не пускаць апазіцыю на адрэстаўраваны стадыён «Дынама», і нават пайшлі далей — забаранілі адзначаць 101-ю гадавіну БНР на леташняй пляцоўцы ля Опернага тэатра, у Верхнім горадзе і каля Палаца спорту. У якасці альтэрнатывы чыноўнікі прапанавалі некалькі пляцовак у мінскіх мікрараёнах, у тым ліку знакамітую і горача не любімую дэмакратамі плошчу Бангалор. Забаронамі ў нашай краіне ўжо нікога не здзівіць, але, відавочна, арганізатары чакалі іншых рашэнняў. Таму запаснога плану не аказалася.
Давялося спантанна прыдумляць выхад з няёмкага становішча. Абапіраючыся на шматгадовую практыку беларусаў сварыцца і раздзяляцца ў любых стрэсавых сітуацыях, арганізатары прыдумалі ажно два выхады: першыя — маладняк у асобах прадпрымальніка Паўла Белавуса ды блогера Эдуарда Пальчыса, а таксама БНФ, — вырашылі далучыцца да святкавання гадавіны БНР у Гродна. Зоркі гэтаму яўна спрыялі — якраз у той дзень, калі стала вядома пра адмовы ў Мінску, у Гродна далі дазвол на святочны канцэрт і мітынг. Да таго ж сімвалічна, што ў 1919 годзе сталіцай БНР якраз стаў Гродна. Выступіць на канцэрце ўжо пагадзіліся айчынныя легенды Лявон Вольскі, «Крама», Зміцер Вайцюшкевіч, «Дай Дарогу», «Дзецюкі».
![Фота Арцёма Лявы Фота Арцёма Лявы](/img/v1/images/img_1380_1500x1000_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Арцёма Лявы
Другая частка арганізатараў — масцітыя палітыкі, лідары БХД, Руху «За Свабоду», АГП ды БСДП «Грамада» — вырашыла пагадзіцца на пляцоўку ў Кіеўскім скверы ды зладзіць свой канцэрт там. Пры гэтым першыя абсмяялі другіх за тое, што яны пайшлі на кампраміс з гарадскімі ўладамі, а другія пакпілі — маўляў, гэта лепш, чым ганебна ўцячы і не ладзіць у сталіцы анічога. Да ўсяго гэтага, абодва бакі з цяжкасцю падзялілі назбіраныя краўдфандынгам грошы, вінавацячы адзін аднаго ў махлярстве.
Дарэчы, у Гродна канцэрт пройдзе 23 сакавіка, у сталіцы — 24 сакавіка. Уласна 25 сакавіка, што прыпадае на панядзелак, не адбудзецца анічога. Праўда, Белавус і Пальчыс заклікалі вывешваць сцягі на балконах ды а 21-й гадзіне масава запускаць святочныя салюты. Ёсць і прапановы сустрэць гэты дзень у Курапатах.
Што добрага і што дрэннага ва ўсім гэтым? Добра, што святкаванне Дня Волі ўсё ж адбудзецца, і, гледзячы па анонсах, стане даволі цікавым. Дрэнна, што скансалідаваная супольнасць, якая выдатна зладзіла 100-годдзе БНР, напярэдадні 101-й гадавіны пачала рассыпацца. Калі ў мінулым годзе пасварыліся прыхільнікі канцэптуальна розных фарматаў — святочнага канцэрта і пратэстнага шэсця, у гэтым годзе канфлікт адбыўся ўжо сярод прыхільнікаў канцэрта.
Сумна і тое, што Дзень Волі вышчамілі з цэнтра. У папярэднія гады, нават калі ўлады забаранялі шэсце па горадзе, людзі збіраліся і мітынгавалі ўсё адно ў цэнтры — зазвычай на Акадэміі навук. Цяпер жа без асаблівага змагання лідары апазіцыі здаліся і пагадзіліся на прапанаваную пляцоўку, карыстаючыся прынцыпам: лепш хоць штосьці, чым зусім нічога. Выглядае, што ні маральных, ні фізічных сілаў патрабаваць пляцоўку ў цэнтры ў апазіцыі не засталося.
![Фота Арцёма Лявы Фота Арцёма Лявы](/img/v1/images/fota_ljavy.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Арцёма Лявы
Да Белавуса і Пальчыса прэтэнзій няма: яны ад пачатку ставілі мэту рыхтаваць выключна свята — з музыкай, фудкортам, кірмашом, дзіцячай пляцоўкай, куды магла б прыйсці новая публіка, тыя, каго палітычныя прамовы і мітынгі не цікавяць. Дзякуй ім, што цяпер 25 Сакавіка — не толькі дзень пратэстаў, але і сапраўднае свята незалежнасці. Гэта тое, чаго шмат гадоў так бракавала Дню Волі.
А вось да апазіцыі пытанні ёсць. Дзень Волі заўжды быў шанцам для палітычных лідараў праявіць сябе, прамацаць глебу і пачаць падрыхтоўку да буйных палітычных кампаній. А такіх у нас намячаюцца дзве — парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. Пра свае прэзідэнцкія амбіцыі ўжо заявілі каля 10 кандыдатаў. Але ніхто з іх нават не паспрабаваў вярнуць законнае права мінчукоў (дый не толькі) годна адзначыць Дзень Волі ў цэнтры горада.
Чаго тады чакаць ад наступнага Дня Волі? Калі ўлада пабачыла, што ўсе праглынулі забарону святкавання ў цэнтры, ці лёгка будзе вярнуць гэта права? Альбо збудзецца прагноз экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча, які лічыць, што ў наступным годзе не дазволяць і Бангалор? Ёсць пэўныя вышыні, якія саступаць нельга, і Дзень Волі — адна з такіх.
Зрэшты, у апазіцыі яшчэ ёсць час сабраць і мабілізаваць свае сілы. Інакш можа стацца так, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года нас будуць заклікаць ісці пратэставаць супраць фальсіфікацый на тую самую Бангалор.