Са cцэнай, але без турнікетаў. Што можна і нельга праносіць на святкаванне #БНР101 у Гродна
Бел-чырвона-белыя сцягі і дзіцячыя вазкі — можна, тэрмасы і «абразлівыя транспаранты» — нельга, піша «Радыё Свабода».

Адзін з арганізатараў #БНР101 Вадзім Саранчукоў распавёў “Свабодзе”, што на тэрыторыю святкавання можна праходзіць з
- сімволікай Рэспублікі Беларусь, зарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку;
- сімволікай, датычнай тэматыкі свята (бел-чырвона-белыя-сцягі, герб «Пагоня», транспаранты на тэматыку БНР);
- дзіцячымі вазкамі з дзецьмі;
- напоямі ў празрыстых пластыкавых бутэльках.

Нельга праносіць
- любую зброю і прадметы, якія яе нагадваюць;
- транспаранты з абразлівымі, экстрэмісцкімі лозунгамі;
- алкаголь, наркотыкі і іншыя рэчывы, якія адурманьваюць;
- шкляны посуд;
- непразрыстыя тэрмасы.
Тэрыторыю плануюць абмежаваць стужкай, а не металічнымі турнікетамі. Агульная плошча святкавання зойме каля 2,5-3 кіламетраў. Туды ўвойдуць пляцоўка са стэлай, цэнтральная алея даўжынёй каля 400 метраў, і зялёная зона паабапал алеі шырынёй каля 60 мэтраў (да трэцяга шэрагу дрэваў).
Уваходаў на тэрыторыю святкавання з металашукальнікамі запланавана прынамсі тры:
з паўночнага боку — ад вуліцы Лермантава;
з паўднёвага — ад Каложскай царквы, да якой ідзе лесвіца з набярэжнай Нёмана;
з усходняга — праз Каложскі парк, як ісці ад Вялікай Траецкай вуліцы ў старым горадзе цераз Гараднічанку.
Чакаецца, што на кожным пункце пропуску апрача міліцыянтаў будуць дзяжурыць валанцёры з боку арганізатараў.
Сцэну ўсталююць на пляцоўцы перад стэлай тварам да цэнтральнай алеі. Уздоўж цэнтральнай алеі размесцяцца каля 10 кропак харчавання і рамеснікі са сваімі вырабамі.
Калі стаяць спіной да стэлы, то па правым баку ад алеі будуць дзіцячыя пляцоўкі. Прыбіральні паставяць побач з уваходам з боку вуліцы Лермантава, каля Каложскай царквы і за сцэнай. На паркоўцы бліжэй Каложы будзе дзяжурыць хуткая дапамога.