Мінгарвыканкам год думаў — і адмовіў ва ўсталяванні памятнай дошкі БНР
Мінгарвыканкам лічыць немэтазгодным усталяванне ў Мінску мемарыяльнай дошкі ў гонар абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Такі адказ на запыт атрымаў кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, піша TUT.BY, і дадае, што дакумент ёсць у распараджэнні рэдакцыі.
«З улікам неадназначнасці меркаванняў па пытанні ўсталявання мемарыяльнай дошкі па вуліцы Валадарскага, 9 інфармуем, што на дадзены момант яе ўсталяванне лічым немэтазгодным», — гаворыцца ў адказе за подпісам намесніка старшыні выканкама Арцёма Цурана, датаваным 15 сакавіка.
Такім чынам, адказу ад уладаў мінчукі дамагаліся роўна год. Ніякіх дадатковых дэталяў адмовы ў лісце Мінгарвыканкама больш не паведамляецца.
Памятную дошку хацелі ўстанавіць на фасадзе дома № 9 на вуліцы Валадарскага, дзе была прынятая Трэцяя ўстаўная грамата БНР — да стагоддзя яе падпісання 25 сакавіка 2018 года.
Памятную дошку зрабілі яшчэ 25 гадоў таму, але так і не здолелі ўсталяваць, за гэты час яна часткова разбурылася. Напярэдадні стагоддзя з дня абвяшчэння БНР у 2018 годзе сталічныя ўлады нечакана адгукнуліся — і актывісты сабралі грошы на выраб новай, якую спадзяваліся ўстанавіць да 25 сакавіка мінулага года. Суму сабралі рэкордна хутка — за пару гадзін.
Вусна аргкамітэт атрымаў згоду выканкама на ўсталяванне новай дошкі, а знешні выгляд гатовага вырабу нават зацвердзіў мастацкі савет. Праблема заставалася адна: асноўны дакумент — дазвол на ўстаноўку дошкі — ніхто не выдаваў на рукі.
Месяцамі актывістам у пісьмовых адказах паведамлялі: пытанне на разглядзе. Пакуль восенню ў мэрыі не заявілі, што ім паступіў «шэраг зваротаў» ад грамадзян і прадстаўнікоў грамадскасці, якім не падабаецца гэтая ідэя. Колькі чалавек звярталася і чым яны гэта тлумачаць — гэтыя пытанні актывістаў улады так і пакінулі без адказу.
Пасля заяваў Мінгарвыканкама пра «негатыўныя» водгукі, мінчукі стварылі петыцыю з калектыўным зваротам у падтрымку ўстаноўкі дошкі. Пад петыцыяй падпісаліся амаль 3,4 тысячы чалавек — і дакумент накіравалі ў выканкам. Адказ Мінгарвыканкама быў кароткім: «прынята да ведама».
Паводле news.tut.by