Івонка Сурвіла: Зараз пра перадачу мандату БНР уладам Беларусі гаварыць немагчыма
Набліжаецца Дзень Волі. Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі спадарыня Івонка Сурвіла адказала на пытанні Беларускае Радыё Рацыя.
— Мы ўжо азнаёміліся з вашым зваротам.
Найперш ён скіраваны да моладзі. Чаму? Бо, на маю думку, многія маладыя
беларусы нават і не ведаюць, што тая Рада БНР, якая фактычна была заснаваная яшчэ
ў 1917 годзе падчас Першага Усебеларускага кангрэсу, існуе дагэтуль і мае
старшыню.
— Я звяртаюся да моладзі, бо сапраўды веру, што яна — нашая надзея. Толькі моладзь, якая не мае настальгіі па савецкім рэжыме, якую старэйшыя, на жаль, маюць, — чаго я зусім не разумею, дык моладзь, якая пабачыла рэшту свету, якая ведае, як жывуць іншыя краіны, як адносяцца да людзей, як цэняць сваю незалежнвсць і сваю волю, толькі гэтыя людзі змогуць нешта зрабіць для Беларусі.
— Хто сёння, на вашую думку, галоўны вораг Беларусі?
— Ён заўсёды быў — гэта наш усходні сусед. Ён заўсёды праяўляў імперыялістычныя амбіцыі, заўсёды стараўся сцерці нас з карты свету і ўгаварыць свет, што мы не існуем, што мы — частка Расіі. Яны гэта, на жаль, прадаўжаюць цяпер і вельмі актыўная прапаганда вядзецца. Вельмі страшна гэта, таму што старэйшы электарат наш, які мала ведае пра жыццё ў замежжы, можа паверыць, што Расія — іх добры сябра. Дык вось, гэта вельмі мяне непакоіць.
— Улады Беларусі зараз або ігнаруюць БНР, або замінаюць адзначаць Дзень Волі. Фактычна толькі ў Гродна і ў Мінску будуць больш-менш масавыя святкаванні сёлета. У той жа час даволі сціпла адзначаецца і 100-годдзе БССР. Хоць улады маглі б падкрэсліць менавіта, што яны пераемнікі гэтай фармацыі. На вашую думку, у чым прынцыповая розніца БНР і БССР?
— Гэта вельмі ясна сказана ў Трэцяй Устаўной грамаце. У ёй адзначаецца, што БНР пацвярджае ўсе тыя правы і вольнасці, якія абвешчаны Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 года. Я іх пералічу, бо яны паказваюць, наколькі вялікая розніца паміж ідэаламі БНР і тым, чым быў БССР: вольнасць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў і, безумоўная, сумлення, незачэпнасць асобы і памешкання. БССР паўстала дзякуючы БНР, але хутка сталася ізноў дэ-факта калоніяй Масквы.
— Ці ёсць у вас свае традыцыі святкавання 25 сакавіка? І як вы будзеце святкаваць сёлета?
— Я кожны год ад 1948 года святкавала 25 сакавіка. Гэта значыць ужо 70 разоў! У замежжы беларусы святкуюць разам. Ёсць вялікая імпрэза, выступаюць прамоўцы, а пасля — нацыянальны канцэрт. У гэтым годзе я буду ў Таронта і Атаве. Сёлета адбудзецца ўручэнне юбілейных медалёў 100-годдзя Рады БНР. Рада вырашыла ўзнагародзіць у Беларусі і ў свеце заслугі ў розных галінах жыцця людзей, якія спрычыніліся да здзяйснення нашых ідэалаў.
— Была ідэя, каб сімвалічна аформіць пераемнасць БНР і сучаснай Рэспублікі Беларусь. Як вы ставіцеся да гэтай ідэі?
— Рада можа перадаць свой мандат толькі дэмакратычна абранаму кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь, якое б гарантавала захаванне незалежнасці Беларусі. Гэта для нас самае галоўнае. А цяпер Беларусь не забяспечаная гарантыямі суверэнітэту, менавіта таму, што яна не ўсведамляе каштоўнасці незалежнасці. Словы Лукашэнкі не падмацаваныя канкрэтнымі дзеяннямі. Зараз пра перадачу мандату немагчыма гаварыць.