Польскі футбольны клуб адмовіўся ехаць у Турцыю з-за небяспекі для трэнераў-беларусаў каманды

Польскі футбольны клуб «Заглембе» адмовіўся ехаць на зборы ў Турцыю з-за магчымай небяспекі для беларусаў, якія ўваходзяць у трэнерскі штаб клуба, піша «MOST».

Фота: isport.ua

Фота: isport.ua

Польскі клуб «Заглембе», галоўным трэнерам якога стаў беларус Аляксандр Хацкевіч, адмовіўся ад збораў у Турцыі «з палітычных прычын». Кіраўніцтва клуба палічыла, што паездка ў Турцыю можа быць небяспечная для беларусаў і там яны могуць быць затрыманы.

Нагадаем, акрамя Аляксандра Хацкевіча ў склад «Заглембе» ў якасці спартыўнага дырэктара ўвайшоў беларус Міхаіл Залеўскі.

Старшыня праўлення «Заглембе Саснавец» Аркадыюш Аляксандэр адзначыў, што кіраўніцтва асцерагаецца затрымання трэнерскага штаба на месцы правядзення збораў.

Глядзіце таксама

— У гэтым пытанні мы кансультаваліся з польскай амбасадай у Анкары, — дадаў Аляксандэр.

Яшчэ адной прычынай, па якой клуб адмовіўся ад паездкі ў Турцыю, стаў фінансавы складнік. Новы акцыянер клуба Рафал Колінз даў зразумець, што паездка ў Турцыю фінансава абцяжарыць клуб, якому і так даводзіцца сачыць за кожнай капейкай, інвестуючы ў першую чаргу ў сваіх гульцоў.

Аляксандр Хацкевіч адзначыў, што важна не дзе, а як каманда будзе рыхтавацца да сезона. Цяпер адна з галоўных мэт «Заглембе» — застацца ў Першай лізе. Хацкевіч падкрэсліў, што «ў нашым слоўніку няма слова «Другая ліга».

— Ключавое слова — «змагацца», — дадаў Хацкевіч.

Аляксандр Хацкевіч неаднаразова выказваўся супраць агрэсіі Расіі ва Украіне і гвалту ў Беларусі ў 2020 годзе.