Паска ці Вялікдзень? Нагадваем галоўныя беларускія словы пад святочныя нядзелі
У 2020 годзе мовазнаўца Вінцук Вячорка напісаў на «Св*бодзе» тэкст, у якім яшчэ раз патлумачыў значэнне галоўных велікодных слоў. Перад чарговымі святочнымі нядзелямі (заўтра Вялікдзень у каталікоў і пратэстантаў, праз тыдзень — у праваслаўных) «НЧ» вырашыў перадрукаваць матэрыял.
![Выява «Св*боды» Выява «Св*боды»](/img/v1/images/79b8c64b_6962_4dcf_9273_e8fbc7af9612_w1023_r1_s.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Выява «Св*боды»
Вялікдзень паводле заходніх і ўсходніх хрысьціянскіх традыцыяў звычайна сьвяткуецца ў розныя дні. У кожным разе ўсіх нас мелі б яднаць традыцыйныя беларускія звычаі ды — галоўнае — беларуская мова, што іх апісвае. Пра тое
Слова Вялíкдзень, у гаворках таксама Вялíкадне, Вялічка, —
старажытнае і матываванае. Вялікі дзень, пачатак перамогі сьвятла над цемраю.
Назва перш абазначала вялікі дзень у наўпроставым значэньні — калі зь веснавога
раўнадзеньня сьветлая пара содняў робіцца даўжэйшаю за цёмную. Гэта і было
сьвята ў гонар сонца, вясны, абуджэньня прыроды й надыходу земляробчага сэзону.
Зь яго ў далёкіх продкаў пачынаўся адлік каляндарнага году.
Націск у слове Вялíкдзень падобна як у вітальных складаных
словах — дабры́дзень, дабра́нач. Скланяем абедзьве часткі, але першую —
абмежавана: Вялíкадня, Вялíкаднем. Прыметнік — велікóдны.
У палякаў Wielkanoc.
А ў нас Вялікдзень. Значыць, літоўскае слова Velykos, як і некаторыя іншыя асноўныя літоўскія словы, зьвязаныя
з хрысьціянствам, пайшло ад беларускага.
Слова ж Пасха з грэцкае мовы — Πάσχα, а ў яе прыйшло з
старажытнагабрэйскае — פסח,
як вымаўлялі габрэі-ашкеназы ў Беларусі, Пэйсах — сьвята Абмінаньня, у памяць
пра тое, што Божая кара абмінула габрэйскія дамы ў дзень зьнішчэньня першынцаў.
У хрысьціянаў жа адпаведнае слова стала абазначаць пераход ад сьмерці да
вечнага жыцьця Хрыста, які ўскрос / уваскрос / уваскрэс / зь мёртвых паўстаў
менавіта ў тыя дні.
![Ксёндз Вячаслаў Барок: «Уваскрашэнне Хрыста ёсць гарантыяй перамогі дабрыні» Ксёндз Вячаслаў Барок: «Уваскрашэнне Хрыста ёсць гарантыяй перамогі дабрыні»](/img/v1/images/c868a21c_3c02_46e0_86ec_29c9ab46e203_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Пасха была і ахвяраваньнем, таму словам гэтым пачалі
называць рытуальныя хлябы ў некаторых мовах. Але слова Пасха фанэтычна
нязручнае для беларускае. Як яго ўжыць у давальным і месным склонах, дзе гукі
чаргуюцца (як страха — на страсе) — „аб Пасьсе“? Формы Пасха, але аб пасцы
ўжываюць а. У. Завальнюк, М. Прыгодзіч і В. Раманцэвіч у „Энцыкляпэдычным
слоўніку рэлігійнай лексікі беларускай мовы“ (2013). Тут яны ідуць за народнай
мовай, у якой Пасха заканамерна ператварылася ў Паску ва ўсіх склонах. Паска —
аб Пасцы. І абазначае велікодную здобную круглую булку ці пірог. Гэта важны
складнік народнай традыцыі ў нашым рэгіёне Эўропы — велікодны пірог, які
розьніцца рэцэптурай і выглядам у розных народаў і ў розных рэгіёнах. Скажам,
ля Давыд-Гарадка ён мае ўверсе ўзоры зь цеста ў выглядзе крыжыка ці сакральных
літараў, аплецены коскай і паліты толькі жаўтком.
Расейскае слова кулич таксама грэцызм, але паходзіць яно ад
бізантыйскага κουλλίκι(ον), а тое ад старажытнага κόλλιξ ‘хлеб круглай ці авальной
формы’. У Беларусі слова „кулич“ ня ведалі. У галавах сучасных беларусаў яго
замацавала расейская інфармацыйная прастора і незьлічоныя палітыя глязурай
стандартныя „куличи“ ў супэрмаркетах. У тым ліку беларускай вытворчасьці.
Хаця на Століншчыне ёсьць свая згаданая вышэй даўняя
кулінарная традыцыя і свая назва велікоднага пірага.
![Фота «Св*боды» Фота «Св*боды»](/img/v1/images/e2a499cf_3178_4028_bf81_8517f2ced8c2_w1597_n_r0_st_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота «Св*боды»
Дарэчы, „кулич“ — гэта нават ня ўся Расея, а Паўночная і
Цэнтральная. у паўднёварасейскіх землях не кулич, а паска, як і ва Ўкраіне.
У беларускіх гаворках поўначы і паўночнага захаду велікодны
пірог могуць назваць бабка, баба, булкі, але затое тая ежа, якую прыносяць у
царкву ці касьцёл, будзе звацца паска.
Часам паўстае моўная праблема — як перадаць па-беларуску
рытуал сакралізацыі сьвяточнай ежы. Сьвянціць і сьвянцоны — відавочны палянізм.
Сьвяціць, асьвячаць, асьвяціць, пасьвяціць, асьвячоны — больш натуральна
па-беларуску.
Як віншавацца? Пакуль розныя канфэсіі не дамовіліся пра
імёны ды тэрміналёгію велікодных падзеяў, маем павітаньні, не зьвязаныя
наўпрост з пэўнай канфэсійнай або іменнай традыцыяй — Зь Вялікаднем! Радасных і спакойных Велікодных
сьвятаў.