Улады Мінску забаранілі праводзіць велікодныя набажэнствы каля зачыненага Чырвонага касцёлу
Каталіцкая парафія Святых Сымона і Алены прасіла ў мінскіх уладаў дазволіць велікодныя набажэнствы ў плябаніі і на прылеглай тэрыторыі Чырвонага касцёлу. Чыноўнікі Мінгарвыканкаму расцанілі просьбу як заяўку на масавае мерапрыемства — і забаранілі.
Чырвоны касцёл быў забраны ў вернікаў і зачынены ўвосень 2022 году пасля невялікага пажару. Мінскія ўлады адмовілі вернікам адсвяткаваць Вялікдзень каля зачыненага Чырвонага касцёлу. Просьбу вернікаў чыноўнікі трактавалі як заяўку на масавае мерапрыемства, паведамляе «Св*бода».
Пра тое, што велікодныя набажэнствы каля зачыненага Чырвонага касцёлу не адбудуцца, павеламіў парафіяльны камітэту.
«Паважаныя вернікі, у гэтым годзе Велікодныя святы для нашых парафіі асаблівыя. Маем нагоду бліжэй дакрануцца і перажыць знявагі, адкінутасць і боль нашага Збаўцы. На вялікі жаль, наша святыня да гэтага часу зачыненая. Чырвоны касцёл, які ў пасхальныя дні з малітвай напаўнялі тысячы вернікаў, цяпер пусты. Наш Збавіцель, Які прыняў страшэнныя пакуты за ўсіх людзей, імі ж — людзьмі — выгнаны са святыні.
Мы звярталіся да ўладаў з просьбай дазволіць Богаслужэнні на Велікодныя ўрачыстасці, аднак атрымалі адказ — нельга. Вось такое «пасхальнае віншаванне».
Таксама вернікі на сваім сайце апублікавалі афіцыйны адказ Мінгарвыканкаму на двух старонках.
З яго вынікае, што просьбу аб велікодным набажэнстве каля храму ўлады расцанілі як заяўку на масавае мерапрыемства, для правядзення якога трэба загадзя аплачваць паслугі міліцыі, медыкаў і камунальнікаў.
Пасля пераліку падзеяў мінулай восені, звязаных з невялікім пажарам і наступных забаронаў на выкарыстанне вернікамі Чырвонага касцёлу, а таксама спасылак закон «Аб правядзенні масавых мерапрыемстваў» і на адпаведныя пастановы Савету міністраў, звязаныя з правядзеннем масавых мерапрыемстваў, чыноўнікі пішуць:
«Звяртаем Вашу ўвагу на тое, што пададзеная Вамі заява не адпавядае патрабаванням артыкулаў 5,6 і 9 Закону, а таксама патрабванням вышэйпададзеных пастановаў Савету міністраў... Мінгарвыканкам не ўзгадняе правядзенне заяўленых масавых мерапрыемстваў і паведамляе аб недапушчальнасці парушэння грамадой дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь».
Ліст падпісаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран.
Нагадаем, Чырвоны касцёл закрыты на рамонт пасля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасня 2022 года. Была пашкоджаная маёмасць на плошчы каля 20 квадратных метраў, людзі не пацярпелі.
Улады закрылі будынак да аднаўлення пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрымання вынікаў інструментальных даследаванняў будаўнічых канструкцый».
6 кастрычніка ўлады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстання будынкам касцёла. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканнях і дворыку касцёла.
1 снежня курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначыла ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі ў пытаннях рамонту і рэстаўрацыі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаўся пробашчам.
Грамаду парафіі Святых Сымона і Алены часова размеркавалі ў архікатэдральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі.
Чырвоны касцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ва ўласнасць Мінску. Парафія Святых Сымона і Алены займала будынак касцёла і дом святара на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстанні, заключанай з прадпрыемствам «Мінская спадчына».
Некалькі гадоў таму гарадскія ўлады заявілі, што ў парафіі назбіралася істотная запазычанасць у зямельным падатку, падатку на нерухомасць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысціянская візія», пасля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасць — у якасці адной з умоваў аднаўлення эксплуатацыі касцёла.