Аплата за малітву. Улады Беларусі надумалі зарабіць на каталіках

Нарвежская праваабарончая арганізацыя «Forum 18» апублікавала звесткі адносна новых практык рэжыму ў Беларусі — прымушаць вернікаў плаціць вялікія сумы за арэнду сваіх жа касцёлаў. У абмен ім абяцаюць неяк пазней скасаваць такія выплаты. Але новыя факты ціску тычацца не заўсёды і не толькі фінансаў.

_kascel___czyrvony_kascel___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_1_1_1.jpg


Як паведамілі нарвежскія праваабаронцы з арганізацыі «Forum 18», рэжым у Беларусі скасаваў бестэрміновыя і бясплатныя дамовы арэнды прынамсі з чатырма касцёламі, якія ўсё яшчэ застаюцца ў руках дзяржавы. Вярнуць іх ва ўласнасць вернікам улады не жадаюць. Замест гэтага прымушаюць падпісаць новую дамову пра выплату арэнднай платы на перыяды ад 6 месяцаў да 5 гадоў. Яны абяцаюць, што «ў нейкі момант у будучыні касцёлам дазволяць ізноў арандаваць гістарычныя будынкі бясплатна», піша Белс*т.

«Мясцовыя ўлады ўстанаўліваюць штомесячную арэндную плату, але "Forum 18" не змог высветліць, як яны вызначаюць неабходную суму. Акрамя таго, здаецца, не існуе ніякіх пісьмовых гарантыяў таго, што рэжым выканае сваё абяцанне і ў будучыні дазволіць касцёлам вярнуцца да бясплатнага выкарыстання сваіх гістарычных будынкаў», — заяўляюць праваабаронцы.

Сярод святыняў, што сутыкнуліся з арэндным ціскам уладаў, «Forum 18» назваў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Станіслава ў Магілёве, касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску і касцёл Божага Цела ў Нясвіжы. Пры гэтым чыноўнікі з Бабруйска, Нясвіжа і Магілёва адмовіліся размаўляць з праваабаронцамі адносна арэнды касцёлаў або проста не падымалі слухаўкі.

Пытанне з вернікамі больш не абмяркоўваецца

Бабруйская парафія з 1 лютага вымушаная плаціць за арэнду памяшкання касцёла. Раней за гэта грошай з яе не бралі. Як тлумачыў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскуп Аляксандр Яшэўскі, чыноўнікі загадалі «скласці дамову аб арэнднай плаце за тыя памяшканні, якімі карыстаецца парафія для сваіх мэтаў, бо бязвыплатнае карыстанне гэтымі памяшканнямі больш немагчымае паводле заканадаўства». У выніку вернікі мусілі падпісаць умову на шэсць месяцаў на аплату арэнды і чакаць распараджэння ўладаў аб перадачы касцёлу ў бязвыплатнае карыстанне. Іерарх прывёў прыклад касцёла ў Магілёве, дзе парафія больш як год аплочвала будынак касцёла, гаража і прылеглай тэрыторыі, а потым атрымала іх на пяць гадоў у бязвыплатнае карыстанне.

Да бабруйскага касцёла з савецкага часу прыбудаваны пяціпавярховы адміністрацыйны будынак. У ім парафія вымушаная арандаваць памяшканні. Пасля ўвядзення арэнднай платы было пастаноўлена адмовіцца ад часткі з іх, «каб зменшыць суму».

«Наступным крокам стане просьба перадаць ва ўласнасць будынак касцёла, які быў пабудаваны і адрамантаваны каталіцкімі вернікамі Бабруйска і шматлікімі дабрачынцамі парафіяльнай супольнасці», — казаў біскуп.

То-бок пакуль не вядзецца пра хуткую перадачу будынка касцёла ва ўласнасць парафіі. Як і не тлумачыцца тое, чаму раптам спатрэбілася ўвесці плату за арэнду, якой не было. Яшчэ нядаўна парафія бесперашкодна карысталася будынкам касцёлу і ўсімі памяшканнямі ў ім і ў прыбудове.


«Не падпішам дамовы — касцёл аддадуць музею»

Падобны працэс адбываецца ў Нясвіжы. Там таксама сёлета пачалі налічваць арэндную плату за касцёл. «Форум 18» піша, што ад парафіі запатрабавалі пяць гадоў плаціць Нясвіжскаму райвыканкаму штомесячную арэндную плату за карыстанне ім, каб забяспечыць бясплатнае карыстанне ў будучыні.

«Нам сказалі, што, калі мы не падпішам новай дамовы, касцёл аддадуць музею, які будзе спаганяць плату за ўваход, а нам дазволяць там маліцца толькі раз на тыдзень», — казаў праваабаронцам мясцовы парафіянін. Паводле яго, вернікі абураюцца новым патрабаваннем аплаты, бо «не дзяржава пабудавала касцёл, не дзяржава яго захавала і ўтрымлівала». Парафія ўжо звярнулася ў Мінскі аблвыканкам з просьбаю скараціць тэрмін арэнды да менш як пяці гадоў.

Адзін са святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі паведаміў: «Нясвіж ужо плаціць. Са студзеня быццам. Ад 3 да 4 тысячаў рублёў за месяц. Для Нясвіжа гэта шмат».

Не арэндай адзінаю

Праўда, паводле суразмоўцы, у згаданую суму ўваходзіць не толькі арэндная плата, а таксама плата за супрацьпажарную сігналізацыю і «нейкія яшчэ рахункі». «Цяпер шмат што навязваюць купляць, усталёўваць, і ўсё гэта дарагое», — сказаў ксёндз.

Святар адзначыў, што з дадатковых абавязковых выдаткаў самае дарагое — гэта абавязковая пажарная сігналізацыя: «Гэта дорага як устанавіць, гэтак і плаціць штомесяц».

«У Чэрвені ксяндзу Вячаславу прыгразілі, што зачыняць касцёл. Парафія невялікая. Сумы непасільныя. Было ўлетку кшталту селектарнай нарады. Нас усіх сагналі ў райвыканкам, і падчас беспасярэдняй сувязі губернатар звяртаўся да кожнага раёну і пагражаў, што будуць праверкі. Праўда, падказваў, як зрабіць, каб было танней: шукаць дапамогу ў прадпрыемстваў», — распавёў суразмоўца.

Найбольшыя ж грошы, адзначыў святар, патрабуюць з касцёлаў, што дасюль не перададзеныя ва ўласнасць Касцёлу. Апроч згаданых вышэй святыняў у Нясвіжы, Бабруйску і Магілёве, гэта таксама менскія касцёл Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) і касцёл Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках.


Адстаўка ў абмен на касцёл?

Чырвоны касцёл у Менску ўжо амаль паўгода застаецца недаступны для вернікаў. Яго зачынілі пасля дзіўнага пажару з выбітымі вокнамі 26 верасня 2022 года. Афіцыйна заяўляюць, што там адлучаныя ўсе камунікацыі, існуе небяспека для людзей. Аднак святары, якіх пару разоў дапусцілі ў зачынены касцёл, кажуць, што «ў касцёле цёпла, ёсць гарачая і халодная вада (…), у зале для богаслужэння няма слядоў узгарання, сажы ды іншых бачных пашкоджанняў». Невялікія сляды пажару ёсць толькі ў закрыстыі, але і іх можна направіць «за кароткі тэрмін».

У каментары «Forum 18» чыноўнікі заявілі, што каталікоў пусцяць у Чырвоны касцёл толькі пасля таго, як завяршыцца рамонт, які ці то ўжо пачаўся, ці то пачнецца найбліжэйшым часам. Паводле ж чутак, што ходзяць сярод святароў, улады патрабуюць адстаўкі пробашча Чырвонага касцёлу Уладзіслава Завальнюка, які кіруе з 1990 года, калі святыню перадалі вернікам пасля савецкай канфіскацыі.

У Чырвоным касцёле паведамілі, што ксяндза Уладзіслава Завальнюка ўжо спрабавалі нядаўна перавесці пробашчам у парафію Ракава каля Мінска. Але ён здолеў упэўніць, што «гэта будзе непрыгожа адносна нашай парафіі — пакінуць яе цяпер, у такі цяжкі момант». Тым не менш ракаўскую парафію пасля смерці мясцовага пробашча перадалі пад «шэфства» Чырвонага касцёла.


Што датычыць фінансавых спрэчак паміж касцёлам і ўладамі, то яны цягнуцца ўжо не адзін год. Яшчэ ў 2020-м з парафіянаў хацелі спагнаць 156 тысячаў рублёў і яшчэ 13 тысячаў спаганяць штомесяц — «за амартызацыю касцёла і падаткі на карыстанне зямлёй». Праўда, пакуль касцёл плаціць адмаўляецца. Больш за тое, кажуць парафіяне, нават не можа гэтага зрабіць, бо прынамсі з восені, а «можа, і раней», касцельны рахунак фактычна заблакаваны.

Тым не менш нават пасля адкрыцця касцёлу ўлады не абяцаюць вернікам бязвыплатнай арэнды. Намеснік старшыні Мінскага гарвыканкаму Арцём Цуран у лісце ў парафію 13 лютага паведаміў, што пакуль выкананне абавязкаў «дамовы бязвыплатнай арэнды ў гэтых памяшканнях немагчымае».

«Пры адсутнасці вяршэнства права можна прымаць любыя рашэнні»

Рэдактар сайту «Forum 18» Фэлікс Корлі ў каментары «Белс*ту» назваў адсутнасць законнасці ў Беларусі галоўнаю прычынай таго, чаму ўлады краіны дазваляюць сабе такія паводзіны ў дачыненні да каталіцкай супольнасці:

«Рэжым не тлумачыць, чаму ён робіць канкрэтныя крокі. Пры адсутнасці вяршэнства права ён можа прымаць любыя рашэнні, як хоча, і знайсці нейкае легальнае апраўданне для рашэнняў, што ўжо пастаноўлена прыняць з зусім іншых прычынаў. Рэжым думае, што не павінен чуць голасу тых, хто будаваў гэтыя святыні і там моліцца».

Пры гэтым праваабаронцы паведамілі, што ў Беларускай праваслаўнай царкве не здолелі згадаць праблемаў, звязаных з арэнднай платай за карыстанне гістарычнымі будынкамі. Гэтак, прадстаўнік Пінскай епархіі паведаміў, што храмы, якія належаць дзяржаве, перадаюць парафіям на бязвыплатнай аснове.

Праўда, Фэлікс Корлі не выключае, што праваслаўныя цэрквы таксама маглі сутыкнуцца з такім ціскам, але «неахвотна кажуць з нагоды такіх сітуацыяў».