Святары і прадстаўнікі ўлады наведалі Чырвоны касцёл, закрыты пасля пажару (фота)

Як паведамляе Рымска-каталіцкая парафія cв. Сымона і cв. Алены, прадстаўнікам Касцельнага камітэта не дазволілі ўдзельнічаць у аглядзе, нягледзячы на ліст ад КУП «Мінская Спадчына», у якім ёсць канкрэтнае распараджэнне аб дазволе ўваходу ў касцёл прадстаўнікам Касцельнай абшчыны.

_kascel___czyrvony_kascel___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_1_1.jpg


19 снежня касцёл наведалі ўпаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцей А. Румак, прадстаўнікі Мінгарвыканкама, КУП «Мінская Спадчына», прадстаўнік МНС, а з боку Касцёла — апостальскі нунцый Антэ Езіч, мітрапаліт Юзаф Станеўскі, ксёндз Юрый Санько, ксёндз Ігар Лашук, пробашч парафіі Уладзіслаў Завальнюк і некаторыя іншыя святары.

Яны ўдзельнічалі ў аглядзе цяперашняга стану святыні.

Падчас наведвання было дазволена забраць свае карціны мастакам, выстава якіх была ў Белай зале касцёла, прадстаўнікам тэатра «ЗНІЧ»: менавіта яны ў вышэй згаданым дакуменце не мелі права ўваходу ў касцёл. «Нашым двум святарам-вікарыям (на жаль, трэцяга не пусцілі ў свой пакой забраць усё неабходнае — проста жах) дазволілі забраць асабістыя рэчы, да якіх яны не мелі доступу з моманту ўзгарання», — адзначаецца ў паведамленні парафіі.


Па сведчаннях святароў і тых, каму ўдалося ўвайсці ў святыню, выявілася наступнае:

  • У зале для богаслужэння няма слядоў узгарання, дыму і сажы — касцёл чысты і прыгожы, прыдатны для набажэнстваў.
  • У касцёле цёпла, гарачыя батарэі (пры гэтым ва ўсіх лістах, якія мы атрымлівалі ад дзяржаўных устаноў, нам паведамлялі, што ацяплення ў касцёле няма).
  • У сакрыстыі агнём пашкоджаны кленчнік і Крыж над ім, якія знаходзяцца якраз насупраць разбітага вітражнага акна. У столі над Крыжам выбіта дзірка (прыкладна 40х40 см).
  • Ва ўсім касцёле, галерэі і падвалах не адчуваецца ўвогуле паху дыму, усюды чыста і цёпла, мноства жывых вазонаў.

На думку відавочцаў, патрэбны рамонт толькі самой сакрыстыі, які можна выканаць у кароткі тэрмін. І парафія гатова зрабіць яго за ўласныя сродкі (ахвяраванні вернікаў).


«На вялікі жаль, КУП «Мінская Спадчына» патрабуе закрыць касцёл на рамонт, працягласць якога нават не вызначана. Таму, шаноўныя парафіяне, просім маліцца за ўсіх, хто не дазваляе вернікам праслаўляць Бога ў нашай святыні», — гаворыцца ў паведамленні.


Нагадаем, уначы 26 верасня ў касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску здарыўся пажар. Прычынай нібыта стала ўзгаранне электраправодкі, паведаміла МНС Беларусі. У той самы дзень адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска заявіла аб часовым прыпыненні працы касцёла «да ліквідацыі ўсіх недахопаў і вынясення заключэнняў кампетэнтнымі спецыялістамі».

6 кастрычніка стала вядома, што ўлады скасоўваюць дамову бязвыплатнага карыстання касцёлам з супольнасцю «Рымска-каталіцкая парафія святога Сымона і святой Алены». На імя ксяндза-пробашча Уладзіслава Завальнюка прыйшоў афіцыйны ліст з патрабаваннем вызваліць касцёл і плябанію (суседні са святыняй будынак, у якім жывуць святары) да 12 кастрычніка з прычыны «немагчымасці яго эксплуатацыі».