«Б'юць па самым балючым — па родных, блізкіх, сяброўках у ПК». Праваабаронцы пра здзекі ў Гомельскай калоніі
Падставамі для ціску на зняволеных жанчын робяцца нават «няправільны позірк» ці расшпілены гузік на форме.
Пра новыя выпадкі рэпрэсій і бесчалавечнага стаўлення адміністрацыі калоніі да зняволеных стала вядома праваабаронцам «В*сны».
У ПК-4 узмацніўся ціск на зняволеных: часта сталі праводзіцца ператрусы і допыты. Зняволеныя даўно не атрымліваюць лістоў, аднак паведамляецца, што жанчын у калоніі выклікаюць на допыты з нагоды іменна лістоў, у тым ліку і старых: асобы, якія вядуць допыт, спрабуюць даведацца, кім зняволеным даводзяцца людзі, якія дасылаюць ім лісты.
Зняволеныя ўвесь час сутыкаюцца з псіхалагічным ціскам з боку супрацоўнікаў калоніі.
Вядома мінімум пра двух супрацоўнікаў, якія ўвесь час ціснуць на зняволеных: Аляксей Зюзін і Яраслаў Ганчароў, абодва з'яўляюцца аператыўнікамі ПК-4. Супрацоўнікі ажыццяўляюць ціск на зняволеных, каб тыя падпісалі нейкі дакумент пра супрацоўніцтва з адміністрацыяй калоніі.
Як кажа адна са зняволеных, «калі такі прэсінг будзе працягвацца, мы так доўга не вытрымаем». Узмацненне ціску адбылося пасля вызвалення дзяўчат па «справе студэнтаў». Кажуць, што супрацоўнікі сярод падстаў для ціску знаходзяць нават «няправільны позірк» ці расшпілены гузік на форме. Таксама дапытваюць зняволеных, па якіх прычынах іх родныя ездзяць за мяжу. Ціснуць на ўсіх «палітычных».
«Ламаюць вельмі моцна. Б'юць па самым балючым — па родных, блізкіх, сяброўках у ПК».
Пра Марыю Калеснікаву:
«Машу нават у прыбіральню на працы водзяць пад суправаджэннем. Яна вельмі худая, гэта бачна нават у фуфайцы, але ўсміхаецца і не губляе пазітыўнага настрою».
Таксама стала вядома пра цяжкі стан Алены Яфрэменка. У лістападзе 2022 года яе судзілі па чатырох крымінальных «палітычных» артыкулах: за абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і гвалце ў дачыненні да службовай асобы.
«Алена Яфрэменка ў вельмі цяжкім стане, ёй не аказваецца меддапамога, усё надзвычай дрэнна. Тэмпература пад 40, трызніць, праблемы з суставамі, пачаўся абсцэс, а яе нават у санчастку не ўзялі, зняволеныя самі яе туды аднеслі».
Падтрымайце Марыю і Алену: ПК № 4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3
Марыя Аляксандраўна Калеснікава, Алена Аляксандраўна Яфрэменка