Канспіралогія: Ці выгадна абмяняць нобелеўскага лаўрэата аж на трох шпіёнаў?
Канспіралогія канспіралогіяй, але ж міністр унутраных спраў Польшчы прама прапанаваў абмяняць Андрэя Пачобута на адкрыццё пункта пропуску ў Баброўніках, разважае пра асаблівасці беларускай замежнай палітыкі аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі»
Ведаеш, вырашыў я сёння заняцца, даруй Божа, канспіралогіяй. Ну прабач. Я ж так ніколі не раблю. Але часам жа хочацца. Ты ж ведаеш, што днямі ў Польшчы арыштавалі групу людзей паводле абвінавачання ў шпіянажы. І сярод гэтых людзей аказалася некалькі маладых беларускіх спецыялістаў. А ў сераду сёй-той сказаў, што шпіёнаў арыштавалі для стварэння абменнага фонду. І нібыта яму ўжо нават прапаноўвалі абмен.
Я б, вядома, не звярнуў на гэтыя словы ўвагі. Таму што яму ж увесь час розныя людзі што-небудзь прапануюць. Па вельмі спецыяльных, як я разумею, каналах сувязі. То Пуцін яму прапануе новыя крэдыты, то цэлы год да яго грукаюцца заходнія бізнесоўцы і абяцаюць скасаваць санкцыі.
Карацей, не было б пра што і казаць, калі б якраз напярэдадні жонка Алеся Бяляцкага не мела серыі сустрэч ва ўрадзе Польшчы, уключаючы прэзідэнта, прэм'ер-міністра і міністра замежных спраў. Вось я і падумаў, што калі ў духу канспіралагічных тэорый звязаць гэтыя факты паміж сабой, то, можа, і праўда беларускім уладам зрабілі прапанову па абмене. Таму што абмяняць нобелеўскага лаўрэата на трох шпіёнаў з сумніўным узроўнем прафесійнай кваліфікацыі было б выгаднай здзелкай для польскіх улад. А ўлічваючы некаторыя мілыя асаблівасці беларускай дыпламатыі, такі стыль зносін з'яўляецца для яе, мабыць, цяпер адзіна даступным.
Так што вось, прабач мне, не ўтрымаўся! А з іншага боку, чаго ты ад мяне хочаш, калі некаторыя вакол змагаюцца з планам Далеса на афіцыйным дзяржаўным узроўні?
Тым больш што міністр унутраных спраў Польшчы прама прапанаваў абмяняць Андрэя Пачобута на адкрыццё пункта пропуску ў Баброўніках. І гэтая прапанова, зробленая ў афіцыйным публічным парадку, ставіць, вядома, беларускія ўлады ў вельмі нязручнае становішча. Таму што калі і далей праяўляць уласцівую ім прынцыповасць, то за гэтую прынцыповасць давядзецца ж плаціць канкрэтнымі транзітнымі стратамі. А калі пагадзіцца на абмен, то паўстане нядобры прэцэдэнт. Гледзячы на Польшчу, іншыя таксама захочуць прад'явіць беларускім уладам які-небудзь ультыматум. Дый стабільнасць можа парэпацца.