394-ы дзень вайны ва Украіне. Галоўныя навіны на гэты час
Паводле інфармацыі камандавання ўкраінскіх паветраных сіл, учора ўвечары больш за дзесяць кіраваных авіяцыйных бомбаў ударылі па аб'ектах у Сумскай вобласці. Таксама расіяне выпусцілі ўдарныя дроны і ўжылі супрацьрадыёлакацыйную ракету Х-31.
![Вайна ва Украіне. Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага Вайна ва Украіне. Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага](/img/v1/images/photo_2023_03_21_14_34_47_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вайна ва Украіне. Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага
Спікер паветраных сіл Украіны Юрый Ігнат распавёў, што ў ноч на 24 сакавіка расіяне атакавалі Украіну ўдарнымі беспілотнікамі «Shahed-136/131» і кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі. Пускі БПЛА ажыццяўляліся з паўночна-ўсходняга напрамку, тактычная авіяцыя была паднята з двух расійскіх аэрадромаў — у Марозаўску і Ахтубінску.
Дзесяць знішчальнікаў Су-35 здзейснілі пускі 11 кіраваных авіябомбаў і адной ракеты Х-31 па Сумскай вобласці. «Shahed» («Шахеды») атакавалі Крывы Рог і Сумшчыну. Вынікі начной атакі Крывога Рогу беспілотнікамі такія: адзін «Shahed» атрымалася збіць, ёсць пападанні пяці БПЛА. Загінулых і пацярпелых няма, наступствы атакі высвятляюцца, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак.
Раніцай расіяне абстралялі з артылерыі Белазёрку Херсонскай вобласці. У выніку адзін чалавек загінуў, чацвёра паранены, паведаміла АВА.
Ноччу расіяне здзейснілі масіраваны абстрэл з розных відаў зброі па тэрыторыі Белапольскай, Варажбянскай, Рачкоўскай і Мікалаеўскай пасялковых абшчын Сумскай вобласці, паведаміла АВА. У выніку абстрэлу Белаполля загінулі два чалавекі, дзевяць паранены. Яшчэ адзін чалавек паранены ў горадзе Варажба.
У Данецкай вобласці за 23 сакавіка ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі тры чалавекі, яшчэ пяцёра паранены. А ўначы расіяне ўдарылі па Канстанцінаўцы Данецкай вобласці з зенітна-ракетнага комплексу С-300. Адна з ракет трапіла ў пункт нязломнасці, у выніку чаго загінулі тры чалавекі — перасяленцы з Бахмута, Часавага Яра і Вопытнага. Яшчэ два чалавекі паранены, паведаміў офіс украінскага генпракурора.
У Херсонскай вобласці адзін чалавек загінуў.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 24 сакавіка: асабовага складу — каля 169 170 (+1020 за мінулыя суткі).
![Фота www.facebook.com/GeneralStaff.ua Фота www.facebook.com/GeneralStaff.ua](/img/v1/images/straty_rf_24_03_2023.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Армія РФ засяроджвае асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі сілы абароны адбілі на іх больш за 79 нападаў праціўніка, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.
У Луганскай вобласці расіяне істотна павялічылі колькасць ложка-месцаў у вайсковых шпіталях праз значныя страты. Пры гэтым усе параненыя афіцэры былі эвакуіраваны на тэрыторыю РФ верталётамі ў перыяд з 17 па 18 сакавіка. Адзначаецца павелічэнне смяротнасці сярод параненых расіян у перыяд з 17 па 21 сакавіка з-за атрымання цяжкіх раненняў і няякаснага медыцынскага забеспячэння, у прыватнасці, з-за недастаткова прафесійнага медыцынскага персаналу.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) звярнуў увагу на словы Прыгожына пра тое, што Расія не ваюе з NATO, а на тэрыторыі Украіны няма нацыстаў. Кіраўнік ПВК «Вагнер» падкрэсліў, што Расія ваюе «выключна з украінцамі», якія маюць тэхніку, прадастаўленую NATO, і некаторымі «русафобскімі наймітамі», якія добраахвотна падтрымліваюць Украіну, але не з самім NATO. Таксама Прыгожын заявіў, што не ўпэўнены ў мэтах «дэнацыфікацыі» Украіны, бо не ведае, ці ёсць ва Украіне «нацысты».
Аналітыкі ISW мяркуюць, што сваімі выказваннямі Прыгожын фактычна зняпраўдзіў заявы Крамля аб неабходнасці абараняцца ад пагрозы NATO ва Украіне і паставіў пад сумнеў заяўленыя Пуціным максімалісцкія мэты ўварвання.
А агенцтва «Bloomberg» са спасылкай на знаёмых з сітуацыяй суразмоўцаў лічыць, што Прыгожын рыхтуецца згарнуць аперацыі сваіх наймітаў ва Украіне і пераключыць увагу на Афрыку.
ЗША імкнуцца да працяглага міру ва Украіне, заснаванага на павазе суверэнітэту і іншых прынцыпаў міжнароднага права, але цяпер ад Расіі прыкмет гатоўнасці да змястоўнай дыпламатыі не відаць, заявіў дзяржсакратар Энтані Блінкен. «Мы не хочам, каб Расія проста адпачыла, перагрупавалася і зноў атакавала — праз паўгода, год ці два-тры гады», — дадаў ён.
![У жылы дом у Запарожжы трапілі расійскія ракеты Ракета РФ трапіла ў дзевяціпавярховік у Запарожжы. З’явілася відэа ўдару](/img/v1/images/1_photo_2023_03_22_13_15_02.jpeg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Новы пакет санкцый ЕС будзе накіраваны на закрыццё шчылін, якія выкарыстоўваюцца для абыходу ўжо ўведзеных.
Так, ЕС рыхтуецца ўвесці супраць Расіі 11-ы пакет санкцый, паведаміў журналіст Рыкард Ёзвяк са спасылкай на прэзідэнта Еўракамісіі Урсулу фон дэр Ляен. Мяркуецца, што пакет будзе тычыцца ў асноўным барацьбы з абыходам ужо уведзеных раней абмежаванняў і санкцый.
Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен паведаміла, што ў супрацоўніцтве з Украінай і Польшчай была запушчана ініцыятыва, накіраваная на вяртанне выкрадзеных Расіяй украінскіх дзяцей.
Кіраўнік Пентагона Лойд Осцін назваў «трывожным сігналам» сустрэчу Сі Цзіньпіна з Пуціным у Маскве і падпісанне дакументаў аб партнёрстве.
Паводле яго слоў, хоць пакуль і няма сведчанняў прадастаўлення Пекінам дапамогі РФ у выглядзе смяротнай зброі, візіт Сі і яго сустрэчы з расійскім лідарам па сутнасці «сталі дэманстрацыяй падтрымкі» Пуціна, што само па сабе «вельмі трывожна».
Кіраўнік Пентагона таксама адзначыў, што ў выпадку аказання Кітаем матэрыяльнай падтрымкі расійскаму боку гэта патэнцыйна паўплывае на працяг канфлікту і пашырыць яго ўплыў не толькі ў маштабах рэгіёна, але і ва ўсім свеце.
Прэм'ерка Італіі Джорджа Мэлані падчас выступлення ў парламенце эмацыйна адказала дэпутату, што выступаў супраць падтрымкі Украіны: «Калі мы спыняемся — значыць, мы даём згоду, мы ўхваляем уварванне ва Украіну».
Што яшчэ здарылася за мінулыя суткі?
- Славакія перадала Украіне чатыры самалёты МіГ-29 і перадасць яшчэ дзевяць у найбліжэйшыя тыдні.
- Ва Украіне адкрыецца прадстаўніцтва Міжнароднага крымінальнага суда. Гэта ён выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай.
- Генштаб УСУ спачатку заявіў, што армія РФ сышла з новай Кахоўкі — райцэнтра ў Херсонскай вобласці, але потым адклікаў гэтае паведамленне.
- У Кіеве перайменаваны ўжо амаль 300 вуліц, плошчаў, станцый метро і іншых аб'ектаў, звязаных з Расіяй ці савецкімі часамі.
- Уладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце папрасіў краіны ЕС пра яшчэ большую падтрымку: ад зброі і санкцый да перамоў аб уступленні Украіны ў Еўрасаюз.
Паводле korrespondent.net, ВВС, Украінскай службы РБК, www.unian.net