Самалёт Лукашэнкі трапіў пад санкцыі ЗША

Самалёт Аляксандра Лукашэнкі могуць аднойчы арыштаваць. Зрэшты, пад санкцыямі не толькі самалёт, але і БелАЗ, МАЗ, і ЦВК

_aeraport__samalet___vylet__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Новыя санкцыі абвешчаныя ў адказ на жорсткія рэпрэсіі супраць прадэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Улады ЗША пашырылі санкцыі супраць Беларусі. Новыя абмежаванні ўвялі супраць трох юрыдычных і дзевяці фізічных асоб, а таксама супраць самалёта, якім карыстаецца беларускі кіраўнік. Пра гэта паведамляецца на сайце Мінфіна ЗША ў пятніцу, 24 сакавіка, піша korrespondent.net.

"Санкцыі ўводзяцца ў адказ на жорсткія рэпрэсіі супраць прадэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці, якія працягваюцца ў сувязі з ашуканскімі прэзідэнцкімі выбарамі ў жніўні 2020 года. Гэтыя дзеянні таксама падкрэсліваюць гатоўнасць Злучаных Штатаў заклікаць рэжым у Менску да адказу за ягоны саўдзел у неабгрунтаванай вайне РФ супраць Украіны", – гаворыцца ў паведамленні.

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

Пад санкцыі трапілі, у прыватнасці, Беларускі аўтамабільны завод (БелАЗ), Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ) і Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі.

Сярод фізічных асоб, якія папоўнілі санкцыйны спіс, — дырэктар БелАЗа Сяргей Нічыпаравіч, кіраўнік МАЗа Валерый Іванковіч і сем чальцоў ЦВК Беларусі.

Таксама санкцыі ўвялі супраць урадавага самалёта Boeing-737 (ЕW-001PA), які карыстаецца Аляксандр Лукашэнка.

"Лукашэнка мае эксклюзіўны доступ да EW-001PA і іншых прыватных самалётаў і выкарыстоўвае іх для асабістых паездак. Акрамя таго, Лукашэнка выкарыстаў EW-001PA са сваёй сям'ёй і іншымі чальцамі свайго атачэння для міжнародных паездак", — заявілі ў амерыканскім Мінфіне ЗША.

Нагадаем, днямі ў ААН заявілі аб злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі. Гаворка ідзе пра катаванні, забойствы, сексуальны гвалт, гендарна-абумоўлены гвалт і парушэнні правоў чалавека на свабоду выказвання поглядаў.

Так, Рада па правах чалавека ААН 22 сакавіка на спецыяльным пасяджэнні абмеркавала даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з 2020 года, апублікаваны на мінулым тыдні. Большасць чальцоў Рады асудзілі рэпрэсіі і гвалт супраць удзельнікаў пратэстаў і заклікалі да незалежнага расследавання злоўжыванняў улад. Адзін з выступоўцаў адзначыў, што ўлады знішчылі грамадзянскую супольнасць і незалежныя СМІ Беларусі, ператварыўшы яе ў «турму пад адкрытым небам».